Як мінімум восем тон золата забралі са сховішчаў вэнэсуэльскага Цэнтральнага банка на мінулым тыдні, паведамляе Reuters, спасылаючыся на апазыцыйнага заканадаўца і тры ўрадавыя крыніцы.
Паводле заканадаўца Анхеля Альварада і ўрадавых крыніц, золата было вывезена грузавікамі паміж 19 і 21 лютага, калі ў банку не было пастаянных ахоўнікаў і калі кіраўнік Цэнтральнага банку Калікста Артэга знаходзіўся за мяжой. Крыніцы, якія размаўлялі з Reuters на ўмовах ананімнасьці, не паведамілі, куды Цэнтральны банк адправіў золата.
«Яны плянуюць прадаваць яго за мяжой нелегальна», — сказаў Альварадо ў інтэрвію.
Цэнтральны банк Вэнэсуэлы не адказаў на запыты агенцтва аб камэнтары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Гуайдо: магчымыя «любыя меры», каб адхіліць Мадура ад уладыПаводле зьвестак банку, у 2018 годзе са сховішчаў Цэнтральнага банку было вывезена каля 20 тон залатога запасу, засталося 140 тон, што зьяўляецца самым нізкім паказьнікам за апошнія 75 гадоў.
Урад Нікаляса Мадура спрабуе вярнуць каля 31 тоны золата са сховішчаў Банка Англіі, баючыся, што яно можа быць замарожанае дзеяньнем міжнародных санкцый супраць Вэнэсуэлы. Міністар замежных спраў Вэнэсуэлы Хорхэ Арэаза заявіў на пасяджэньні ААН у Жэнэве, што Банк Англіі заблякаваў актывы ўраду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Парлямэнт Вэнэсуэлы заявіў пра спробу вывезьці ў Расею 20 тон золатаЭканамічны каляпс і ўзмацненьне жорсткасьці санкцый супраць Вэнэсуэлы ўдарылі па дзяржаўных даходах і ўскладнілі доступ краіны да крэдытаў.
Урад Мадура зьвярнуўся да распродажу золата пасьля падзеньня здабычы нафты. Злучаныя Штаты, якія падтрымліваюць спробу лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо прымусіць Мадура пайсьці ў адстаўку і прызначыць новыя выбары, перасьцераглі банкіраў і гандляроў ад заключэньня пагадненьняў аб куплі або продажы вэнэсуэльскага золата.