Палата прадстаўнікоў вернецца да зьмякчэньня «наркатычнага» артыкулу, хоць МУС супраць

Разгляд справы паводле арт. 328 КК РБ, ілюстрацыйнае фота

​Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі мяркуе, што зьмяншэньня мінімальнага пакараньня па «наркатычным» крымінальным артыкуле «ні да чаго не прывядзе», перадае «Минск-новости» словы начальніка галоўнага ўпраўленьня наркакантролю МУС РБ Генадзя Казакевіча.

«Міністэрства ўнутраных справаў пярэчыць зьмякчэньню пакараньня паводле ч. 2 і ч. 3 арт. 328 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, — заявіў Генадзь Казакевіч. — На наш погляд, гэта ні да чаго не прывядзе. Тым ня менш, хутка папраўкі будуць вынесеныя на разгляд парлямэнтам. Мяркуецца скараціць ніжнюю мяжу санкцыі на два гады».

Паводле БелТА, аналягічную з МУС пазыцыю займае Вярхоўны суд. Але, дадаў Казакевіч, заканадаўцы не зьвязаныя ні з МУС, ні зь Вярхоўным судом, і маюць права прымаць тое рашэньне, якое палічаць неабходным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму міліцыі выгадны «наркаманскі» артыкул 328

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Тысячы маладых людзей маглі б вызваліцца з турмаў ужо ўлетку», — што азначае непрыняцьце зьменаў у «антынаркатычны артыкул»

Гаворка аб тым законапраекце з папраўкамі ў Крымінальны кодэкс, які Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні мінулым летам, але ў сьнежні «вынесла» папраўкі ў артыкул 328, адклаўшы іх разгляд на няпэўны тэрмін.

Тады дэпутат Васіль Чэкан, які прадстаўляў гэты дакумэнт, тлумачыў: застаюцца супярэчнасьці зь некаторымі дзяржаўнымі структурамі адносна мэтазгоднасьці зьмякчэньня пакараньня. Да таго ж ён дапусьціў, што трэба будзе перагледзець ня толькі 2 і 3 часткі артыкулу, а таксама і іншыя.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.