У штогадовым пасланьні Пуцін згадаў «саюзную дзяржаву»
Падчас штогадовага пасланьня Пуціна.
У штогадовым пасланьні да Фэдэральнага сходу прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін выказаўся пра неабходнасьць умацоўваць каардынацыю ў рамках «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі.
«Лічым слушным актыўна паглыбляць узаемадзеяньне ў рамках саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, у тым ліку больш цесную каардынацыю ў зьнешнепалітычнай сфэры, у эканоміцы», — сказаў Пуцін.
Кіраўнік Расеі зрабіў у пасланьні акцэнт на сацыяльных пытаньнях. Пуцін паабяцаў, што ўжо сёлета грамадзяне Расеі «адчуюць перамены да лепшага». Галоўнай задачай Пуцін назваў падтрымку сем’яў і нараджальнасьці. Прапанаваны новыя льготы для шматдзетных семʼяў, у прыватнасьці сафінансаваньне выплат па іпатэчных крэдытах.
Пуцін таксама паабяцаў змагацца з беднасьцю, разьвіваць адукацыю і ахову здароўя. У прыватнасьці, было абяцана да 2021 года забясьпечыць усе населеныя пункты мэдыцынскай дапамогай, усе школы падключыць да высакахуткаснага інтэрнэту, а таксама абсталяваць усе школы каналізацыяй.
Па словах Пуціна, для барацьбы з беднасьцю неабходны эканамічны рост, а для гэтага — паляпшэньне дзелавога і інвэстыцыйнага клімату. Справу арыштаванага Майкла Калві Пуцін пры гэтым не згадваў.