Што дзяржаўныя СМІ расказалі пра суд над галоўным рэдактарам Tut.by

Тытульная старонка БелТА ў дзень, калі пачаўся суд над Марынай Золатавай

12 лютага суд Заводзкага раёну Менску пачаў разгляд справы рэдактаркі Tut.by Марыны Золатавай, якую абвінавачваюць у «бязьдзеяньні службовай асобы». Суд над рэдактарам буйнога інфармацыйнага парталу ў Беларусі адбываецца ўпершыню ў гісторыі. Свабода паглядзела, як гэтую падзею асьвятлялі дзяржаўныя СМІ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Менску пачаўся суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». ВІДЭА

​

На галоўнай старонцы ні слова

Дзяржаўнае агенцтва БелТА, якое ініцыявала гучную справу аб несанкцыянаваным доступе да інфармацыі, на раніцу 12 лютага абмежавалася адной навіной. «Рэдактара інфармацыйнага парталу судзяць у Менску па абвінавачваньні ў бязьдзеяньні». Гэтая навіна на сайце стаіць у разьдзеле навінаў. А на тытульнай старонцы галоўнай навіной 3 сутак прастаяла інфармацыя пра перамогу каманды Лукашэнкі ў «Менскай лыжні».

Так выглядала тытульная старонка БелТА увечары 12 лютага

Так яна стала выглядаць 12 лютага пасьля 11 калі пачаўся суд над Золатавай

У сваёй навіне БелТА ня згадвае, хто ініцыяваў гэты працэс, ігнаруе інфармацыю пра тое, што на працэс над Марынай Золатавай прыйшла поўная заля людзей, а Марыну Золатаву сустрэлі аплядысмэнтамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Лічу, што ў маіх дзеяньнях няма складу злачынства». Марына Золатава не прызнала віны

Таксама БелТА ня кажа, што ў судзе прадстаўнікі гэтага дзяржагенства заявілі да Золатавай дадатковую позву на 6 тысяч рублёў (каля 3 тысяч даляраў). І суд гэтую позву задаволіў, хаця раней Марына Золатава ўжо пагасіла нібыта нанесеную шкоду агенцтву БелТА.

Напісалі назву парталу, пра БелТУ, авацыі і поўную залю — не

Газэта Адміністрацыі прэзыдэнта «СБ: Беларусь сегодня» напісала пра суд над галоўнай рэдактаркай Tut.by пару абзацаў. Пра тое, хто ініцыяваў справу, пра дадатковую позву ад БелТА, авацыі і поўную залю назіральнікаў за працэсам няма ні слова.

Тытульная старонка «СБ: Беларусь сегодня» 12 лютага

Дзяржаўная газэта прыгадала, што ўсяго ў «справе БелТА» праходзілі 14 чалавек. З 13 абвінавачаньні былі зьнятыя, бо яны пагасілі шкоду. Марына Золатава таксама кампэнсавала шкоду, але ёй двойчы адмовілі ў прыпыненьні супраць яе крымінальнай справы. Пра гэта таксама ні слова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

БелТА рассылала паролі да платнага доступу факсам

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

БелТА не забараняла перадаваць свае паролі трэцім асобам

​

Буйное менскае інфармагенцтва пра суд ня піша

Менскае інфармацыйнае агенцтва «Минск-новости» пра суд над Марынай Золатавай на 11.00 не напісала нічога нават у стужцы навінаў. Тут расказваюць пра новыя «МАЗы» да падрыхтоўку да Эўрагульняў, узьвядзеньне новых жылых дамоў ды іншы пазытыў.

На сайтах БТ, ОНТ, СТБ — ні слова пра суд над Золатавай

На 11-ю гадзіну, калі суд ужо пачаўся, дзяржаўныя тэлеканалы БТ, АНТ, СТБ пра суд над Золатавай на сваіх сайтах не напісалі нічога. Галоўнай навіной тут застаецца трагедыя ў Стоўпцах, дзе школьнік забіў настаўніцу гісторыі, адзінаццаціклясьніка і параніў яшчэ двух хлопцаў.

Галоўная старонка Белтэлерадыёкампаніі

Пры гэтым супрацоўнікі дзяржаўных каналаў у залі суду прысутнічаюць. Карэспандэнт Радыё Свабода бачыў журналістаў АНТ і СТВ, а значыць, сюжэт пра суд усё ж выйдзе.

Трагедыю ў Стоўпцах таксама ігнаравалі

Напярэдадні дзяржаўныя СМІ амаль праігнаравалі трагедыю ў Стоўпцах, дзе школьнік забіў сваю настаўніцу і вучня, а таксама параніў яшчэ дваіх. На тытульных старонках дзяржаўных мэдыя БелТА і «СБ: Беларусь сегодня» нічога не пісалі, інфармацыя зьяўлялася ў стужцы навінаў. На БТ інфармацыя пра трагедыю ў Стоўпцах прагучала на 22-й хвіліне «Панарамы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хто з чыноўнікаў наведаў Стоўпцы і як дзяржаўныя СМІ асьвятлялі трагедыю

Гэта быў пяты па ліку сюжэт. Першымі ішлі навіны спорту: «Сьнежны снайпэр», перамога беларускіх тэнісістак у Кубку Фэдэрацыі над немкамі, потым быў агляд рынку працы ў Беларусі.

У вечаровым выпуску «Нашых навінаў» на тэлеканале АНТ паведамленьне пра трагедыю ў Стоўпцах прайшло на 14-й хвіліне. Гэта таксама была пятая па ліку навіна: спачатку расказалі пра галалёд і сьнегапады, пасьля — пра віншаваньне Лукашэнкі з чарговай гадавінай Іранскай рэвалюцыі, супрацоўніцтва Міністэрстваў замежных справаў краін СНД і выставу харчовых тавараў у Маскве.

Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць

Поўная заля ў судзе над галоўнай рэдактаркай Tut.by Золатавай. ФОТА

  • Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
  • Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
  • 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
  • Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
  • «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
  • Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
  • Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.