Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БелТА рассылала паролі да платнага доступу факсам


Марына Золатава

І не забараняла перадаваць пароль трэцім асобам. Пра гэта суду расказалі супрацоўнікі агенцтва, выкліканыя на працэс у якасьці сьведак.

У першы дзень працэсу ў справе Марыны Золатавай пачаўся допыт сьведак.

Першым выклікалі Віталя Галіноўскага, кіраўніка Цэнтру сувязі і аўтаматызацыі сыстэмаў агенцтва БелТА. Ён паведаміў суду, якім чынам ажыцьцяўляўся доступ да платнай падпіскі, як выдаваліся паролі падпісчыкам і якім чынам удалося западозрыць, што да платных сэрвісаў БелТА адбываецца незаконнае падключэньне.

«Аднойчы мы зьвярнулі ўвагу, што да акаўнту „Рэспублікі“ адбываецца доступ з адраса МТС, — расказаў сьведка Галіноўскі. — Дом друку, дзе знаходзіцца рэдакцыя „Рэспублікі“, мае іншага правайдэра. Гэта не МТС. Ужо тады ўзялі сабе на заметку: сумнеўны адрас».

Паводле Галіноўскага, пазьней пачалі паступаць скаргі ад падпісчыкаў, якія не маглі атрымаць доступ да сваіх акаўнтаў. Сьведка кажа, БелТА мае некалькі дзясяткаў падпісчыкаў, якія могуць атрымліваць навіны агенцтва раней за іншых.

Паролі генэраваліся падначаленымі Галіноўскага, пасьля чаго факсам дасылаліся кліентам. Далейшы іх лёс прасачыць было складана. Адказваючы на пытаньне, што ў арганізацыі працы аддзелу зьмяніла гісторыя зь незаконным доступам да прадуктаў БелТА супрацоўнікаў парталу TUT.BY, Галіноўскі паведаміў наступнае:

«Мы паднялі ўзровень абароны на значна больш высокі ўзровень».

Цяпер, па словах спэцыяліста, агенцтва БелТА перадае паролі сваім падпісчыкам у выглядзе часовых пароляў, якія самі кліенты агенцтва могуць замяніць на пастаянныя.

БелТА не забараняла перадаваць свае паролі трэцім асобам

Пра гэта на судзе расказала сьведка Гарбачэўская, кіраўнік аддзелу ўліку інфармагенцтва.

Сьведка Гарбачэўская паведаміла суду, што працуе ў інфармагенцтве БелТА з 2004 году, цяпер яна зьяўляецца кіраўніцай Аддзелу ўліку.

Па словах сьведкі, у 2016 годзе месячная падпіска на платны доступ да прадуктаў БелТА каштаваў 460 рублёў, у 2017 — ужо 510.

Разам з тым спадарыня Гарбачэўская прызнала, што агенцтва не забараняла перадаваць логіны і паролі, атрыманыя пасьля аплаты паслугаў, трэцім асобам.

«Адказнасьць за перадачу логінаў і пароляў трэцім асобам у папярэдняй рэдакцыі дамовы не прадугледжвалася, — расказала Гарбачэўская. — Недапушчальнасьць гэтага ў тэксьце дамоваў не была прапісаная».

Па словах сьведкі, недапушчальнасьць перадачы пароляў і логінаў пачалі прапісваць у дамовах з кліентамі толькі ў другой палове 2018 году.

Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць

  • 12 лютага ў судзе Заводзкага раёну Менску пачаўся крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай.
  • Марына Золатава засталася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
  • «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
  • Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
  • Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG