Мадура прапанаваў Гуайдо сесьці за стол перамоваў

Нікаляс Мадура (зьлева) і Хуан Гуайдо

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура прапанаваў лідэру апазыцыі і самаабвешчанаму часоваму прэзыдэнту Хуану Гуайдо «пагутарыць сам-насам», паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Давайце пагаворым. Давайце пагаворым аб праблемах краіны і іх вырашэньні. Палітыка — гэта не дзіцячая гульня», — сказаў Нікаляс Мадура ў інтэрвію гішпанскаму тэлешоў Salvados.

Інтэрвію было запісана на мінулым тыдні, а выйшла ў эфір у нядзелю.

У нейкі момант вядоўца праграмы Жордзі Эвале ўзяў тэлефон і патэлефанаваў Хуану Гуайдо. Мадура сказаў, што гатовы пагаварыць зь ім неадкладна. Але званок быў пераведзены на галасавую пошту, а паколькі скрыня была перапоўненая, пакінуць паведамленьне было нельга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мадура папярэдзіў пра небясьпеку грамадзянскай вайны ў Вэнэсуэле

Мадура сказаў, што Гуайдо «павінен падумаць над тым, што ён робіць».

«Ён малады чалавек, у якога наперадзе шмат гадоў барацьбы, — сказаў Мадура. — Ён павінен перастаць наносіць шкоду краіне. Ён павінен адмовіцца ад стратэгіі перавароту, перастаць строіць зь сябе прэзыдэнта, якім яго ніхто не выбіраў».

У інтэрвію гішпанскай праграме Мадура сказаў, што ідэю «паралельнага ўраду» ў Вэнэсуэле прасоўваюць замежныя СМІ і замежныя амбасады, але «ў рэальнасьці яго няма». На думку Мадура, прэзыдэнт Дональд Трамп «дапускае памылкі» і ідзе да таго, што ягоныя рукі афарбуюцца крывёю.