Пад санкцыі трапіў дзяржаўны нафтавы манапаліст Petroleos de Venezuela (PdVSA).
Дарадца прэзыдэнта Злучаных Штатаў у нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан на брыфінгу 28 студзеня ў Белым доме абвясьціў аб санкцыях, скіраваных на вэнэсуэльскую дзяржаўную кампанію Petroleos de Venezuela, расказвае «Голас Амэрыкі». Усе актывы кампаніі ў юрысдыкцыі ЗША блякуюцца, а амэрыканскім грамадзянам забараняюць удзельнічаць у бізнэсе з PdVSA.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Стасункі з Вэнэсуэлай былі заведама стратныя для Беларусі, — экспэртШтаты, казаў Болтан, «працягнуць выкрываць карупцыю» Мадура і ягоных паплечнікаў, «і сёньняшнія дзеяньні гарантуюць, што яны больш ня змогуць рабаваць здабытак вэнэсуэльскага народу».
Ён ацаніў, што санкцыі будуць каштаваць Мадура 11 млрд даляраў стратаў у даходах ад экспарту цягам наступнага году, перадае Reuters, а заблякаваныя актывы ацэньваюцца ў 7 млрд.
ЗША прапануе Мадура аддаць нафтавага манапаліста «часоваму прэзыдэнту» Гуайдо
Санкцыі афіцыйна ўведзеныя з мэтай ціску на дзейнага прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура — так напісана на сайце Міністэрства фінансаў ЗША.
Міністар фінансаў ЗША Стывэн Мнучын таксама заявіў, што санкцыі «дапамогуць прадухіліць далейшае перанакіраваньне сродкаў Вэнэсуэлы на карысьць Мадура», а ЗША «прыцягвае да адказнасьці тых, хто вінаваты ў трагічным пагаршэньні сытуацыі ў Вэнэсуэле, і будуць працягваць выкарыстоўваць увесь набор дыпляматычных і эканамічных інструмэнтаў для падтрымкі часовага прэзыдэнта Хуана Гуайдо, Нацыянальнага сходу і намаганьняў народу Вэнэсуэлы ў аднаўленьні сваёй дэмакратыі».
Санкцыі могуць быць аслабленыя, дадае Мінфін ЗША, калі кантроль над кампаніяй пяройдзе да «апошняга дэмакратычна выбранага ўраду» або да «часовага прэзыдэнта» Хуана Гуайдо, які раней абвясьціў сябе «часовым прэзыдэнтам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хто такі Хуан Гуайдо — лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе прэзыдэнтамГуайдо ў сваю чаргу заявіў, што прапануе кангрэсу прызначыць новую раду дырэктараў для кантролю PdVSA і падкантрольнай ёй кампаніі Citgo, што месьціцца ў ЗША (а таксама прапанаваў вэнэсуэльскаму войску амністыю, калі яно «падтрымае дэмакратыю і адрыне ўрад Мадура»).
Мадура растлумачыў санкцыі жаданьнем ЗША скрасьці нафтаперапрацоўчыя заводы
Нікаляс Мадура заявіў на дзяржаўнай тэлевізіі Вэнэсуэлы, што ЗША «вырашылі пайсьці па шляху крадзяжу Citgo», а PdVSA «прыме прававыя, палітычныя, апэратыўныя і камэрцыйныя меры для абароны інтарэсаў Вэнэсуэлы ў ЗША».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Змаганьне за Вэнэсуэлу. Як дзейнічаюць ЗША і РасеяCitgo цяпер мае нафтаперапрацоўчыя заводы ў Ілінойсе, Люізіяне і Тэхасе. Кампанія амэрыканскага паходжаньня была купленая Вэнэсуэлай у 1986–1990 гадах. У 2016 годзе вэнэсуэльскія ўлады разглядалі магчымасьць продажу паловы кампаніі расейскай «Роснефти» за 1,5 млрд даляраў, але супраць выступілі ўлады ЗША.
Нягледзячы на рэзкае скарачэньне экспарту нафты праз эканамічны крызіс, адзначае Reuters, Вэнэсуэла заставалася чацьвёртым па аб’ёмах пастаўшчыком нафты ў ЗША, пастаўляла паўмільёна барэляў на дзень.