«З нашай апазыцыяй такое і ня сьнілася», — беларус у Вэнэсуэле пра крызіс і пратэсты

Пратэсты ў Вэнэсуэле, 23 студзеня 2019 году

У Вэнэсуэле працягваюцца акцыі пратэсту супраць ураду. Уся краіна выйшла на вуліцы. Сяргей пераехаў зь Беларусі ў Вэнэсуэлу восем гадоў таму. Працаваў у будаўніцтве, ажаніўся зь мясцовай жанчынай, нарадзіліся дзеці, і ён вырашыў застацца. Свабода пагаварыла зь ім пра тое, што цяпер адбываецца ў краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле. Найважнейшае

Сьцісла:

  • Краіне патрэбны рэформы, бо ўсё ўвязла ў карупцыі.
  • Гэтыя пратэсты больш арганізаваныя, чым у 2014 годзе.
  • Twitter, Instagram, Facebook і WhatsApp дапамагаюць людзям скаапэравацца падчас акцый.
  • Бюджэтнікаў зь дзяржаўных арганізацый адправілі на марш у падтрымку Мадура.
  • На 15 студзеня афіцыйны мінімальны заробак быў крыху меншы за 10 даляраў.
  • Вэнэсуэльцы зьяжджаюць у Калюмбію, Эквадор, Чылі, Пэру і Аргентыну.
  • Кожны шосты вэнэсуэлец эміграваў.
  • Амбасада Беларусі ніякіх паведамленьняў беларускім грамадзянам не рассылала.
  • Зь беларусаў мала хто застаўся ў Вэнэсуэле на пастаяннае жыхарства.

Пратэсты ў Вэнэсуэле, 23 студзеня 2019 году

​

Мадура далёка ня Чавэс

У пратэстах я ня ўдзельнічаю. Аднак відавочна, што краіне патрэбны рэформы. Станоўчыя рэчы, створаныя пры Уга Чавэсу, кшталту бясплатнай мэдыцыны і адукацыі, ужо страчаныя. Цяпер тут усё ўвязла ў карупцыі. Мадура далёка не Чавэс.

Мяркую, палітычны рэжым у Вэнэсуэле зьменіцца, калі пераможа праамэрыканскі кандыдат у прэзыдэнты Хуан Гуайдо. Тады прыйдуць праамэрыканскія сілы і амэрыканскі капітал, але ня ведаю, ці прынясе гэта шчасьце. Вэнэсуэльскія кампаніі, экспрапрыяваныя дзяржавай, адыдуць у прыватныя рукі.

Нікаляс Мадура (у цэнтры), 23 студзеня 2019 году

За Мадура стаіць расейскі капітал, кітайская і расейская пазыкі. І калі кітайцы занялі такую гібкую пазыцыю, гэта значыць, што яны падтрымаюць і аднаго, і другога прэзыдэнта, то расейцы будуць за свае грошы змагацца і дапамагаць да апошняга.

Людзі зачакаліся пераменаў і стаміліся ад сацыялізму. Ім ужо бяз розьніцы, хто прыйдзе: хоць амэрыканцы, хоць кітайцы, хоць іншаплянэцяне высадзяцца — але хочацца, каб адбылося нешта канкрэтнае. Фінансавы крызіс цяжэйшы за палітычны: цяпер ніхто не шыкуе, пакутуюць усе.

Ужо ніхто нічога не баіцца

У параўнаньні з пратэстамі 2014 году, калі людзі падпальвалі машыны, кідалі камяні і бутэлькі, гэтым разам усё больш цывілізавана і арганізавана. Twitter, Instagram, Facebook і WhatsApp дапамагаюць людзям скаапэравацца.

Тыя, хто раней выходзіў у падтрымку Чавэса, учора выйшлі на акцыю ў падтрымку часовага прэзыдэнта ад вэнэсуэльскай апазыцыі Хуана Гуайдо.

Паліцыя падчас пратэстаў у Вэнэсуэле

Бюджэтнікаў зь дзяржарганізацый прымусілі надзець чырвоныя кашулі, пасадзілі ў службовы аўтобус і павезьлі на марш у падтрымку Мадура 23 студзеня. Такі фэйк, каб паказаць альтэрнатыўную карцінку для тэлевізіі. Калі на акцыі супраць Мадура былі мільёны людзей, то на акцыі ў яго падтрымку — на парадак ніжэй.

Такога натоўпу людзей на вуліцах я не чакаў. Не выйшлі хіба толькі зусім пажылыя людзі і дзеці. Беларусі з нашай апазыцыяй такое і не сьнілася. Думаў, што людзей будзе менш, бо самая актыўная частка насельніцтва — студэнты, маладыя — зьехала. Засталіся людзі сярэдняга, перадпэнсійнага і пэнсійнага ўзросту. Тут ужо ніхто нічога не баіцца.

Амбасада Беларусі ніякіх паведамленьняў мне не прысылала, але я не знаходжуся на консульскім уліку.

Пратэсты ў Вэнэсуэле, 23 студзеня 2019 году

Як у савецкія часы

Я 1982 году нараджэньня. Памятаю, як у савецкія часы маці гадзінамі стаяла ў чэргах па, напрыклад, дзьве шапкі са штучнага футра. У Вэнэсуэле цяпер тое ж самае. Там, дзе танна, велізарныя чэргі.

На рынку можна набыць мяса і іншыя прадукты, але цэны на іх вышэйшыя, чым у Маямі. Напрыклад, 2 літры марозіва ў вядзерцы каштуюць па актуальным курсе 25 $, а ў Маямі — 5 $.

Цэны падымаюць у пяць разоў вышэй, каб перастрахавацца і ня страціць праз розьніцу ў курсе. Даляр цягам паўгадзіны расьце вельмі хутка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Казус Вэнэсуэлы: жывучы рэжым і лёс беларускіх грошай

Цяжка памерці ад голаду

На 15 студзеня афіцыйны мінімальны заробак быў крыху меншы за 10 даляраў. І гэта за пяцідзённы працоўны тыдзень па восем гадзін на дзень. Выжыць на яго амаль нерэальна, але ніхто не галадае. У краіне з трапічным кліматам, дзе на кожным дрэве нешта расьце, даволі складана памерці ад голаду, асабліва ў сельскай мясцовасьці.

Паўпустыя паліцы ў супэрмаркеце ў Каракасе, 2017 год

Для найбяднейшых людзей у Вэнэсуэле дзейнічала сыстэма разьмеркаваньня выгод. Раз на пятнаццаць дзён або раз на месяц ім выдавалі скрынку з прадметамі першай неабходнасьці: туалетнай паперай, рысам, макаронай, маслам і кансэрвамі. На сям’ю з чатырох чалавек гэтага было дастаткова. Добра, што праблема вопраткі не стаіць так востра, бо клімат тут выдатны. У адных шортах можна хадзіць круглы год.

Кожны шосты эміграваў

Людзі жывуць на тыя грошы, якія дасылаюць ім родныя з эміграцыі. У асноўным зьяжджаюць у Калюмбію, Эквадор, Чылі, Пэру і Аргентыну. У Маямі вялікая дыяспара вэнэсуэльцаў. З Вэнэсуэлы эміграваў кожны шосты.

Каб наскрэбці якіх 200 даляраў на квіток да Эквадора і ўжо там спрабаваць зарабіць, людзі часам прадаюць мэблю і апошнія ўласныя рэчы. Зь мінімалкай у 10 $ трэба працаваць, пэўна, гадоў дваццаць, каб зарабіць на квіток, а яшчэ трэба чымсьці і харчавацца.

Мая знаёмая паехала ў Маямі на два гады нелегалкай. Мыла там посуд. Аднак яна інжынэрка, таму палічыла за лепшае пераехаць у Аргентыну і працаваць там па спэцыяльнасьці. Атрымлівае тыя ж грошы, што і ў Штатах пасудамыйкай, але расьце прафэсійна і вучыцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Казус Вэнэсуэлы: жывучы рэжым і лёс беларускіх грошай

Зьехалі ня толькі «вяршкі грамадзтва», але і «бандыты»

Па маіх адчуваньнях​ на вуліцах Вэнэсуэлы стала бясьпечней. Па лепшае жыцьцё зьехалі ня толькі «вяршкі грамадзтва», але і «бандыты». Аднак у краінах Лацінскай Амэрыкі менавіта вэнэсуэльцы ўчыняюць найбольш злачынстваў, іх часта затрымліваюць за рабаваньні. Таму ў іншых краінах вэнэсуэльцы могуць асацыявацца з нэгатывам.

Беларусаў у Вэнэсуэле засталося мала

Беларусаў у Венесуэле значна менш, чым раней. Раней прыяжджала шмат будаўнікоў з Беларусі. Прыкладна з 2008 года арганізацыя «Белзамежбуд» накіроўвала беларускіх рабочых у Венесуэлу на будаўніцтва сацыяльнага жытла. Работнікі зь Беларусі прыяжджалі па кантракце на 11 месяцаў, маглі падоўжыць кантракт, але потым зьяжджалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Даўгі на паўмільярда даляраў — вынік беларускай «экспансіі» ў Вэнэсуэлу

«БЗБ» шукала людзей розных профіляў пад канкрэтныя спэцыяльнасьці. Да канца 2018-га ў Каракасе заставаліся будаўнікі зь Беларусі, але ў канцы году іх адправілі на радзіму да лепшых часоў.

Адзінкавыя людзі зь Беларусі засталіся цяпер на місіі сацыяльнага жытла ад «БЗБ» на аб'ектах ў штатах Арагуа, Ла-Вікторыя, Барынас і на будаўніцтве заводу па вытворчасьці аўтаматаў Калашнікава у горадзе Маракаі на поўначы Вэнэсуэлы. На пастаяннае жыхарства ў Вэнэсуэле з беларусаў мала хто застаўся.