У Расеі скасавалі плату за ўнутраны роўмінг. Беларусі гэта пакуль ня тычыцца

Ілюстрацыйнае фота

Нацыянальны і ўнутрысеткавы роўмінг будзе скасаваны ў Расеі ад 1 ліпеня 2019 году. Указ Уладзіміра Пуціна вызначае, што на ўсёй тэрыторыі Расеі апэратары сувязі маюць прапаноўваць аднолькавыя ўмовы абанэнтам, незалежна ад таго, дзе на тэрыторыі краіны яны знаходзяцца.

Гэта тычыцца ў тым ліку выпадкаў, калі абанэнт на тэрыторыі Расеі пераключаецца з аднаго апэратара на роўмінг празь іншага апэратара, бо «свой» апэратар не працуе ў пэўным рэгіёне. Як гэта будзе рэалізавана ў акупаваным Расеяй украінскім Крыме, дзе не працуюць асноўныя расейскія апэратары, невядома.

Пакуль жа ў Расеі апэратары могуць рабіць (і робяць) асобныя тарыфы для «хатняга» рэгіёну і асобныя — для астатніх. Гэта значыць, патэлефанаваць са Смаленску ў Сыбір адчувальна даражэй, чым са Смаленску ў Бранск.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе ўвялі нулявую плату за роўмінг. Чаго чакаць беларусам?

Указ не рэгулюе нейкім новым чынам тарыфы на інтэрнэт — толькі на «радыётэлефонную сувязь». Таксама не мяняюцца тарыфы на міжнародныя тэлефанаваньні, у тым ліку ў межах так званай «Саюзнай дзяржавы».

Беларусь і Расея ўжо шмат гадоў плянуюць скасаваць плату за роўмінг між сабой. Год таму казалі, што плату зьменшаць, але не скасуюць зусім, пасьля перадумалі. Апошні раз скасаваць роўмінг абяцалі ў кастрычніку 2018 году: праз год-паўтара. Але ў сьнежні на нарадзе з прадстаўнікамі Расеі старшыня беларускай Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка абураўся:

«Мы хочам пачуць не тлумачэньне, што там трафік дарагі, а што вы зробіце, каб выканаць даручэньне прэзыдэнтаў».

Пляны пакуль такія: у лютым 2019 году між Беларусьсю і Расеяй будуць вызначаныя «сымэтрычныя стаўкі» на тарыфы пропуску трафіку, затым тарыфы будуць зьніжаныя, урэшце зьведзеныя да нуля для абанэнтаў. Калі менавіта адбудзецца зьніжэньне тарыфаў, не ўдакладняецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якімі будуць смартфоны ў 2019 годзе