Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У анэксаваным Расеяй Крыме карыстальнікі мабільнай сувязі МТС вымушаныя плаціць за роўмінг


Расейскі мабільны апэратар МТС непрыемна зьдзівіў жыхароў анэксаванага Расеяй украінскага паўвострава Крым. Уладальнікі шэрагу тэлефонных нумароў апынуліся ў роўмінгу і цяпер вымушаныя плаціць нават за ўваходныя званкі. Жыхары паўвострава абураюцца ў сацсетках і задаюць нязручныя пытаньні.

Афіцыйна МТС у Крыме не працуе. Нават на сайце апэратара паўвостраў па-ранейшаму не адлюстроўваецца ў пераліку расейскіх рэгіёнаў прысутнасьці. Але неафіцыйна ўвесь час пасьля анэксіі МТС абслугоўваў крымскіх абанэнтаў — для гэтага Крым і Краснадарскі край суседняй Расеі чатыры гады таму аб’ядналі ў адну тарыфную зону.

Цяпер жа, паводле зьвестак севастопальскага выданьня «Замечания», тых карыстальнікаў, чые нумары пачынаюцца на 918, 988, 989, перавялі з «хатняга рэгіёну» ў роўмінг. А гэта значыць, што, знаходзячыся ў Крыме, яны будуць размаўляць па тарыфах роўмінгу. Гэтай долі пазьбеглі толькі ўладальнікі нумароў, якія пачынаюцца на 978 — для іх Краснадарскі край застаецца «хатнім рэгіёнам».

Прычым ўстаноўка роўмінгу, паводле карыстальнікаў, адбылася без папярэджаньня апэратара, людзі па факце страты грошай сталі зьвяртацца ў кампанію з пытаньнямі, куды зьніклі сродкі.

Камэнтатары таксама прыгадалі, што выпадак з МТС далёка не адзінкавы. У Крыме па-ранейшаму не працуюць практычна ўсе вядучыя банкі і кампаніі суседняй Расеі.

У сакавіку 2014 году Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым. Міжнародныя арганізацыі прызналі анэксію Крыму незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі, краіны Захаду ўвялі супраць яе эканамічныя санкцыі. Крэмль называе анэксію паўвострава «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG