Вакцына «Эўпэнта», ад якой памерла немаўля, у Беларусі не зарэгістраваная, — Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў

Ілюстрацыйнае фота

Начальніца ўпраўленьня лекавых сродкаў Цэнтру экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя Тацяна Шамсутдзінава паведаміла Свабодзе, што вакцына «Эўпэнта» не занесеная ў Рэестар лекавых сродкаў Беларусі.

РУП «Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя» падпарадкаванае Міністэрству аховы здароўя.

Пасьля публікацыі другой часткі расьсьледаваньня інтэрнэт-выданьня «Ежедневник» «Карупцыя Міністэрства аховы здароўя: дзеці грашам не перашкода», у якім сьцьвярджаецца, што вакцына «Эўпэнта» ў Беларусі не была зарэгістраваная, само Міністэрства аховы здароўя надалей маўчыць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністэрства здароўя зьвярнулася ў пракуратуру пасьля публікацыі аб незарэгістраванай вакцыне

​У панядзелак кіраўніцтва і прэсавая служба міністэрства сустракалі эўракамісара, у аўторак — міністра аховы здароўя Астраханскай вобласьці Расеі.

Свабодзе ўдалося задаць пытаньне пра вакцыну начальніцы ўпраўленьня лекавых сродкаў РУП «Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя» Тацяне Шамсутдзінавай. Яна пацьвердзіла, што вакцына «Эўпэнта» ў Беларусі не зарэгістраваная.

«Гэты лек не зарэгістраваны, яго ў Рэестры лекавых сродкаў няма. На сайтах і Цэнтру экспэртызаў і выпрабаваньняў, і Міністэрства аховы здароўя ёсьць рэестар лекавых сродкаў, які працуе ў рэжыме онлайн, можна спраўдзіць. Сродак не зарэгістраваны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сьледчы камітэт высьвятляе парадак закупкі вакцыны, ад якой памерла дзіця

​На пытаньне Свабоды, а як вакцына магла закупляцца ў вялікіх аб’ёмах, калі яна не зарэгістраваная, не прайшла выпрабаваньні, Тацяна Шамсутдзінава адказала, што гэта пытаньне не да яе.

«Наконт выпрабаваньняў — гэта наагул не маё пытаньне. Гэта не адносіцца да маёй кампэтэнцыі. Усе пытаньні — да Міністэрства аховы здароўя».