У Беларусі зьбіраюць подпісы за забарону георгіеўскай стужкі

Ілюстрацыйнае фота

На сайце petitions.by зьявілася пэтыцыя, аўтары якой патрабуюць увесьці адміністрацыйную адказнасьць за распаўсюджваньне георгіеўскай стужкі ў Беларусі.

Пэтыцыю накіруюць у Савет міністраў і Палату прадстаўнікоў.

Аўтары пэтыцыі прапануюць забараніць георгіеўскую стужку і яе выявы для:

  • вырабу і распаўсюду;
  • публічнага выкарыстаньня, дэманстрацыі і нашэньня.

За парушэньне забароны просяць увесьці адміністрацыйную адказнасьць.

Пры гэтым у пэтыцыі прапануюць вызначыць пералік рэчаў, на якія забарона ня будзе распаўсюджвацца, а менавіта:

  • дакумэнты;
  • арыгіналы баявых сьцягоў;
  • дзяржаўныя ўзнагароды;
  • надмагільлі.

«Георгиевская ленточка» — ня Юраўская стужка

Летась у траўні Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла закон, які прадугледжвае штраф за выраб і прапагандысцкае выкарыстаньне «георгіеўскіх» стужак. Цяпер іх публічнае выкарыстаньне, дэманстрацыя або нашэньне караецца ва Ўкраіне штрафам у памеры ад 850 да 2550 грыўняў. Пры паўторным парушэньні закону пакараньне больш жорсткае — штраф да 5100 грыўняў або арышт на 15 сутак з канфіскацыяй прапагандысцкіх матэрыялаў. За выкарыстаньне георгіеўскай стужкі ва Ўкраіне аштрафавалі двух грамадзян Беларусі.

У Беларусі ўлады фактычна адмовіліся ад «георгіеўскай стужкі» з 2014 году і рэкамэндуюць яе не выкарыстоўваць. Наўзамен выкарыстоўваюць чырвона-зялёныя стужкі са стылізаванай кветкай яблыні.