Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАІ не рэкамэндуе чапляць георгіеўскія стужкі: вярнуўся «сьветлагорскі Дзетачкін», які змагаецца з «русским миром»


У Сьветлагорску пасьля амаль месячнага перапынку зноў пачалі рэзаць колы аўтамабіляў, на якіх прымацаваныя так званыя «георгіеўскія стужкі». Чарговы інцыдэнт адбыўся ў ноч з 15 на 16 ліпеня ў мікрараёне «Маладзёжны».

«Пашкоджанымі аўтамабілямі займаюцца супрацоўнікі крымінальнага вышуку, — кажа начальнік Сьветлагорскага аддзяленьня ДАІ Васіль Гапоненка. — „Георгіеўскія стужкі“ раздавалі валянтэры падчас мінулых сьвятаў, некаторыя аўтааматары і пачапілі іх на свае аўтамабілі. Мы можам толькі рэкамэндаваць кіроўцам гэтага не рабіць. І рэкамэндуем».

Мясцовыя жыхары ў Сьветлагорску лічаць, што тут зьявіўся наступнік героя савецкай камэдыі «Сьцеражыся аўтамабіля» са сваёй адметнай спэцыялізацыяй. Той Дзетачкін краў аўтамашыны ў людзей, якія жылі на «непрацоўныя даходы», прадаваў, а выручаныя грошы пералічваў на рахункі дзіцячых дамоў.

Цяперашні «сьветлагорскі Дзетачкін», на думку грамадзкага актывіста, гісторыка Тэльмана Масьлюкова, «ваюе» не з аўтамашынамі, а з «русским миром», з сэпаратызмам ды імпэрскасьцю, сымбалем якіх стала расейская георгіеўская стужка падчас вайны на ўсходзе Ўкраіны і акупацыі Крыму.

Тэльман Масьлюкоў
Тэльман Масьлюкоў

«Некалі георгіеўская стужка, праўда, у крыху іншай колеравай гаме, асацыявалася з воінскай адвагаю, а цяпер у многіх выклікае адмоўныя эмоцыі. Гэта як свастыка: калісьці яна была графічным адлюстраваньнем сонца, а ў руках фашыстаў стала сымбалем зла і гвалту», — сказаў Свабодзе гісторык Масьлюкоў.

У чэрвені міліцыя зафіксавала ў Сьветлагорску каля дзесяці выпадкаў пашкоджаньня аўтамабіляў з георгіеўскай стужкай. Невядомы зламысьнік праколваў шыны ў пакінутых каля дамоў аўто. Найбольш такіх выпадкаў зафіксавана было менавіта ў мікрараёне «Маладзёжны». На адной з машын невядомы нават паскакаў, моцна пашкодзіўшы кузаў.

Пасьля публікацыі ў мэдыя інфармацыі пра выхадкі «мясцовага Дзетачкіна» машыны з георгіеўскімі стужкамі пакінулі ў спакоі. Але ненадоўга.

«Маёмасьць, безумоўна, нельга, псаваць, — перакананы сьветлагорскі прадпрымальнік Юры Ляшэнка, які займаецца пасажырскімі аўтаперавозкамі. — Але ня трэба й правакаваць людзей на нэгатыўную рэакцыю, чапляючы георгіеўскія стужкі ды прыклейваючы партрэты Сталіна на капот або шкло. Паласатая стужка, якую памылкова называюць „георгіеўскай“, неадназначна ацэньваецца ў нашым грамадзтве. У Берасьці і Магілёве ДАІ адрэагавала штрафамі на такія „ўпрыгажэньні“ аўтамабіляў. І правільна. Аўтамабілі з графіці на капотах ды бакавінах наагул не павінны на тэхаглядах дапускацца да эксплюатацыі на беларускіх дарогах».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG