Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне аштрафавалі яшчэ адну беларуску за «георгіеўскую» стужку на аўтамабілі


Георгіеўская стужка
Георгіеўская стужка

Грамадзянка Беларусі, жыхарка Кобрына мае сплаціць штраф у памеры 850 грыўняў і яшчэ 353 грыўні судовага збору (разам амаль 50 даляраў у эквіваленце) за публічную дэманстрацыю забароненай ва Ўкраіне «георгіеўскай»​ стужкі.

У выпадку, калі яна адмовіцца выплаціць вызначаны судом штраф, зь яе прымусова спагоняць двайны памер штрафу — 1700 грыўняў (прыкладна 65 даляраў).

Пратакол аб правапарушэньні ў дачыненьні беларускі быў складзены падчас перасячэньня ёю мяжы ў памежным пункце «Даманава» (Валынская вобласьць, якая мяжуе зь Берасьцейскаю вобласьцю Беларусі). «Георгіеўская» стужка была прымацаваная на радыёантэне яе аўтамабіля Volkswagen Passat.

Гэта другі выпадак прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці грамадзян Беларусі за выкарыстаньне «георгіеўскай» стужкі. Сёлета ў студзені Беларус у Карпатах заплаціў максымальны штраф.

Летась у траўні Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла закон, які прадугледжвае штраф за выраб і прапагандысцкае выкарыстаньне «георгіеўскіх»стужак. Цяпер іх публічнае выкарыстаньне, дэманстрацыя або нашэньне караецца штрафам ў памеры ад 850 да 2550 грыўняў. Пры паўторным парушэньні закону пакараньне больш жорсткае — штраф да 5100 грыўняў або арышт на 15 сутак з канфіскацыяй прапагандысцкіх матэрыялаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG