Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус у Карпатах заплаціў максымальны штраф за георгіеўскую стужку ў аўтамабілі


Георгіеўская стужка на антэне аўтамабіля ў Менску

Ярэмчанскі гарадзкі суд Івана-Франкоўскай вобласьці аштрафаваў грамадзяніна Беларусі за выкарыстаньне георгіеўскай стужкі на аўтамабілі.

«Судом устаноўлена, што згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэньні ад 10 студзеня грамадзянін Беларусі па прозьвішчы Злобін у вёсцы Паляніца, кіруючы аўтамабілем Мэрсэдэс Бенц Віта з рэгістрацыйны нумарам Берасьцейскай вобласьці, публічна выкарыстаў і дэманстраваў сьцяжок з выявай георгіеўскай стужкі, разьмясьціўшы яго на лабавым шкле аўтамабіля. На судовым пасяджэньні Злобін цалкам прызнаў сваю віну», — паведамілі Свабодзе ў судзе.

Правапарушэньне беларускага грамадзяніна пацьвердзілі сьведкі ды супрацоўнікі паліцыі, якія перадалі адпаведныя фотаздымкі і дакумэнты.

«Суд прыйшоў да высновы, што для выпраўленьня грамадзяніна Злобіна, а таксама для прадухіленьня зьдзяйсьненьня ім новых правапарушэньняў, мэтазгодна ўжыць да яго адміністрацыйнае спагнаньне ў выглядзе штрафу паводле максымальнай мяжы — у памеры 2550 грыўняў (прыкладна 90 даляраў у эквіваленце — РС)», — адзначылі ў судзе.

Паводле судовага рашэньня, сьцяжок з выявай георгіеўскай стужкі канфіскаваны і падлягае зьнішчэньню.

Летась у траўні Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла закон, які прадугледжвае штраф за выраб і прапагандысцкае выкарыстаньне георгіеўскіх стужак. Цяпер іх публічнае выкарыстаньне, дэманстрацыя або нашэньне караецца штрафам ў памеры ад 850 да 2550 грыўняў. Пры паўторным парушэньні закона пакараньне больш жорсткае — штраф да 5100 грыўняў або арышт на 15 сутак з канфіскацыяй прапагандысцкіх матэрыялаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG