Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Георгіеўскія» стужкі прыбралі з гарадзкіх аўтобусаў Ліды


Валер Мінец двойчы зьвяртаўся зь лістамі да кіраўніцтва Лідзкага аўтапарку № 2 і «Гроднааблаўтатранса» з патрабаваньнем прыбраць «георгіеўскія» стужкі з гарадзкіх аўтобусаў у Лідзе — і дамогся гэтага рашэньня.

«„Георгіеўскія“ стужкі супярэчаць каштоўнасьцям беларускай дзяржавы...»

Першы ліст Мінец напісаў дырэктару Лідзкага аўтапарку № 2 Андрэю Лапуцю. У ім ён зьвярнуў увагу на неправамоцнасьць выкарыстаньня георгіеўскіх стужак на гарадзкіх аўтобусах. Адна з прычын — тая, што на лабавым шкле аўтобуса яны ўплываюць на бясьпеку грамадзкага транспарту. Другая — ідэалягічная супярэчнасьць гэтай сымболікі каштоўнасьцям Рэспублікі Беларусь.

Кіраўніцтва Лідзкага аўтапарку ў адказе на ліст Мінца абгрунтоўвала вартасьць георгіеўскай стужкі дамовай аб саюзнай дзяржаве паміж РФ і РБ.

«Якраз дадзеная сымболіка спрыяе абʼяднаньню грамадзкай супольнасьці абедзьвюх дзяржаў і зьяўляецца прыкметай талерантнасьці да сымбаляў саюзнай дзяржавы», — гаварылася ў адказе.

Другі ліст Валер Мінец напісаў кіраўніцтву «Гроднааблаўтатранса».

Валер Мінец
Валер Мінец

У ім ён завастрыў увагу на тым, што георгіеўская стужка не адносіцца ў Беларусі да афіцыйных дзяржаўных сымбаляў. Спаслаўся на гісторыю — падчас Другой усясьветнай вайны гэты сымбаль актыўна выкарыстоўваўся ў якасьці знаку адрозьненьня расейскімі фашыстамі і калябарантамі, якія ваявалі на баку вэрмахту, а ў найноўшай гісторыі атрымаў ролю галоўнага знаку адрозьненьня сэпаратыстаў і баевікоў на ўсходзе Ўкраіны.

«З кіроўцамі праведзена гутарка, стужкі прыбраныя...»

У адказе генэральнага дырэктара «Гроднааблаўтатранса» Дзьмітрыя Харчанкі Валеру Мінцу гаворыцца, што з кіроўцамі Лідзкага аўтапарку праведзена тлумачальная гутарка наконт выкарыстаньня «георгіеўскай» сымболікі. І паведамляецца, што такія стужкі з аўтобусаў аўтапарку прыбраныя.

Мінец сказаў Свабодзе, што задаволены адказам генэральнага дырэктара «Гроднааблаўтатранса» і цяпер сапраўды не заўважае георгіеўскіх стужак на гарадзкіх аўтобусах у Лідзе.

«Так і павінна быць, а як інакш? І заклікаю ўсіх на месцах не праходзіць проста каля рознага кшталту чужародных сымбаляў, а рэагаваць. І рэагаваць аргумэнтавана...» — заклікае Валер Мінец.

Беларус у Карпатах заплаціў максымальны штраф за георгіеўскую стужку ў аўтамабілі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG