Рыгора Кастусёва і Вячаслава Сіўчыка аштрафавалі за абарону Курапатаў

Вячаслаў Сіўчык пікетуе рэстарацыю каля Курапатаў 19 чэрвеня

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і адзін зь лідэраў Руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык пакараныя штрафамі за ўдзел у пратэстах супраць рэстарана каля мэмарыялу ахвярам палітычных рэпрэсій у Курапатах.

Паводле Аляксея Янукевіча, суд Партызанскага раёна Менску пакараў Рыгора Кастусёва штрафам у 30 базавых (735 рублёў) па артыкуле 23.34 КаАП. Кастусёў цяпер на волі пасьля больш чым суткавага затрыманьня.

Рыгор Кастусёў (зьлева) пікетуе рэстарацыю каля Курапатаў 11 чэрвеня

Вячаслава Сўчыка пакаралі штрафам у 50 базавых (1225 рублёў). «Засталося яшчэ шмат пратаколаў, — і за Курапаты, і за Астравецкі Шлях. Суды па іх — наперадзе», — паведаміла ў фэйсбуку сустаршыня руху Алена Талстая.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго