Працяг «справы патрыётаў»? Андрэй Бяляўскі прызнае, што меў патрон ад аўтамата Калашнікава

Андрэй Бяляўскі

Менчук Андрэй Бяляўскі пацьвердзіў карэспандэнту Свабоды, што на яго завялі крымінальную справу паводле 2 часткі 295 артыкула Крымінальнага кодэксу Беларусі за незаконны выраб, набыцьцё, перадачу ў валоданьне, збыт, захоўваньне, перавозку, перасылку або нашэньне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў.

«Так, справа заведзеная. 27 лістапада мне патэлефанавалі са Сьледчага камітэту і сказалі, што справа заведзеная за патрон. Потым выклікалі да сьледчага, азнаёмілі са справай. Я прызнаю, што той патрон у мяне сапраўды быў», — кажа Андрэй Бяляўскі.

Паводле былога фігуранта ўжо закрытай «справы патрыётаў» (справы «Белага легіёну») Бяляўскага, баявы патрон калібру 7.62 мілімэтра ад аўтамата Калашнікава ў яго знайшлі яшчэ ў сакавіку, падчас вобшуку пры затрыманьні. Разам з патронам тады забралі «некалькі мабільных прыладаў сувязі, сьцізорык, нейкія паперы».

«Патрон быў у нармальным стане, ня ржавы, але я яго даўно ў рукі ня браў», — кажа Андрэй і тлумачыць, што ніякіх плянаў, зьвязаных з гэтым патронам, ён ня меў. — Ляжаў ды ляжаў сабе ў шуфлядзе, як сувэнір. Ня памятаю ўжо, адкуль ён і ўзяўся. Я гэтак і сказаў сьледчаму».

Згодна з інкрымінаваным артыкулам, Андрэю Бяляўскаму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня, але мінімальнае пакараньне за такое злачынства — абмежаваньне волі. Андрэй Бяляўскі спадзяецца на такое пакараньне, пры гэтым не сумняецца, што справу давядуць да суду.

«Але пагроз і ціску не было», — кажа Бяляўскі пра сустрэчу са сьледчым.

У Сьледчым камітэце Свабодзе пацьвердзілі завядзеньне крымінальнай справы на Андрэя Бяляўскага.

«Так, расьсьледуецца крымінальная справа, ён знаходзіцца ў статусе падазронага», — сказаў Свабодзе прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», там правяраюць зьвесткі пра завядзеньне крымінальнай справы яшчэ на аднаго з былых фігурантаў справы патрыётаў. «Прозьвішча пакуль не даем, правяраем факты», — сказалі ў «Вясьне».

Мастак-дызайнэр зь Менску Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 28 сакавіка 2017 году і абвінавачаны паводле частцы 3 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу («Навучаньне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Адпушчаны зь СІЗА КДБ пад падпіску пра нявыезд 2 чэрвеня.

27 лістапада Сьледчы камітэт Беларусі «паставіў кропку» і спыніў крымінальны перасьлед усіх фігурантаў справы так званага «Белага легіёну».

Справа «Белага легіёну» — ад затрыманьняў да вызваленьняў