Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая справа за патрон. Цяпер супраць фігуранта былой справы «Белага легіёну»


Андрэй Бяляўскі, архіўнае фота

Паводле праваабаронцаў «Вясны», заведзеная крымінальная справа супраць аднаго зь фігурантаў былой справы патрыётаў (справы «Белага легіёну») Андрэя Бяляўскага.

Цяпер Андрэя вінавацяць у захоўваньні боепрыпасу, які быў знойдзены ў яго падчас вобшуку пасьля затрыманьня ў сакавіку.

«Супраць былога фігуранта справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў Андрэя Бяляўскага ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч.2 арт. 295 Крымінальнага кодэксу РБ (Незаконныя выраб, набыцьцё, перадача ў валоданьне, збыт, захоўваньне, перавозка, перасылка або нашэньне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і г.д.).

Як стала вядома праваабаронцам, справа ўзбуджаная 27 лістапада цэнтральным апаратам Сьледчага камітэту Беларусі. Нагадаем, якраз у гэты дзень Сьледчы камітэт «паставіў кропку» і спыніў крымінальны перасьлед усіх фігурантаў справы так званага «Белага легіёну», — паведамляе «Вясна».

У Сьледчым камітэце Беларусі зьвесткі пра завядзеньне новай крымінальнай справы супраць Андрэя Бяляўскага пакуль не камэнтуюць.

Мастак-дызайнэр зь Менску Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 28 сакавіка 2017 году і абвінавачаны паводле часткі 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу («Навучаньне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Адпушчаны зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе 2 чэрвеня.

Справа «Белага легіёну» — ад затрыманьняў да вызваленьняў

XS
SM
MD
LG