Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вусаў, Дынько, Класкоўскі: Чаму Сьледчы камітэт спыніў справу «Белага легіёну»


Чаму ўлады пайшлі на такую страту твару? Ці стала рашэньне Сьледчага камітэту вынікам ціску з боку Захаду? Якую ролю ў гэтым адыграла барацьба паміж рознымі групамі ў беларускай ўладзе? Ці гарантуе рашэньне па справе «Белага легіёну», што заўтра ня зьявіцца справа нейкай «Чорнай кагорты»?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць дырэктар Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў, шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі. Вядзе перадачу Юры Дракахруст

Чаму сьледчы камітэт спыніў справу «Белага легіёну»?

Дракахруст: Колькі было страшылак, грозных словаў, БТ паказвала кіно «Белы легіён чорных душаў», «Советская Белоруссия» друкавала «Імя ім — легіён», кіраўнік дзяржавы казаў пра спробу ледзь ня ўзброенага перавароту. І — пшык. Проста нічога, як і не было.

У Беларусі бывала, калі ўлады спускалі тыя ці іншыя гучныя справы на тармазах: давалі ўмоўныя тэрміны (як Пальчысу і некаторым фігурантам справы Плошчы), часам прысуджалі да тэрміну, які абвінавачаныя ўжо фактычна адсядзелі падчас сьледзтва, часам справу зацягвалі, як адбываецца з аўтарамі Рэгнуму, якія сядзяць ужо амаль год.

А тут — проста нічога, справа спыненая. І якая, па якіх цяжкіх артыкулах — падрыхтоўка масавых беспарадкаў. Чаму? Гэта ж такая страта твару, здаецца. Варта прыгадаць, што дэкрэт № 3 не скасавалі ж фармальна, неяк яго трансфармуюць, перапрацоўваюць, але не скасавалі. А тут — скасоўваюць. Чаму?

Андрэй Дынько
Андрэй Дынько

Дынько: У мяне ўражаньне, што ўлады на гэтым этапе імкнуцца не ісьці на канфлікт з патрыятычнай, праэўрапейскай часткай грамадзтва.

Дракахруст: Аляксандр, а як вы лічыце? Справа ў патрыятычнай частцы грамадзтва ці ў нечым іншым? Я ж кажу, маглі б асудзіць на ўмоўныя тэрміны. Бо зараз мы бачым, як у Фэйсбуку людзі з сумам, але і са зьдзекам, рагочуць — і дзе «фрау А.», дзе гэтыя вылупленыя вочы дыктараў БТ, «свержение-покушение»? Бурбалка лопнула і засталася пустата. Улада ня надта прыгожа выглядае, і ўзьнікаюць думкі, што магчыма і ў іншых сытуацыях яна тупа хлусіць. Чаму яны пайшлі на такую рэальную страту твару?

Класкоўскі: Па-першае трэба сказаць, што ў той заяве, што на сайце сьледчага камітэта, усё даволі хітра закручана. Калі сваімі словамі пераказваць, то сэнс такі: дыму без агню не было, яны сапраўды з нейкай зброяй займаліся, але паколькі камітэт не ўбачыў там ніякіх прыкметаў таго, што яны зьбіраліся зрынуць канстытуцыйны лад, то вырашылі іх крымінальна не караць.

То бок пэўная адмазка ёсьць. І я думаю, што калі беларускія дыпляматы недзе будуць з эўрапейскімі калегамі размаўляць, то як раз будуць казаць, што вось бачыце, у нас прававая дзяржава: разабраліся, высьветлілі, што крыміналу няма, выпусьцілі і ўсё ціп-топ.

Хаця тут ёсьць момант выпадковасьці. У нас сыстэма не празрыстая, вялікі начальнік устаў з правай альбо левай нагі — і ад гэтага можа залежыць рашэньне.

Але мы на тое і аналітыкі, каб будаваць прыгожыя вэрсіі. Дык вось мая вэрсія такая, што вы часткова ўжо сказалі: Фрау А. — гэта была такая грубая туфта, такі фэйк, белымі ніткамі пашыты, што сапраўды трэба было ўжо адмывацца таму сьледчаму камітэту, таму Івану Наскевічу, каб не было вялікіх плямаў на яго мундуры. Я мяркую, што гэтыя сілавыя начальнікі таксама пра гэта думаюць.

Калі параўноўваць з тым жа 2010 годам, з Плошчай, там усё ж такі білі шыбы. Там, як гэта фігуравала ў матэрыялах усіх справах, «патапталі восем кустоў ядлоўца казацкага», гэты трагікамічная дэталь усюды фігуравала. А тут ніякага ядлоўцу казацкага не было, людзі ў легальным лягеры пад Бабруйскам займаліся з цяжкімі падлеткамі, а ўсё астатняе, арматура ў Налібоцкай пушчы, гэта ўжо было суцэльным фэйкам. Гэта першы момант.

Другое, і бадай найбольш галоўнае — іншы кантэкст. І ўнутраны, і вонкавы. 2010-ы быў сыты год, далі ўсім па пяцьсот долараў, людзі былі задаволеныя, як сланы. А сёлета людзі не былі задаволеныя. Былі пратэсты «недармаедаў», і людзі казалі «Лукашэнка сыходзь». І ён, я думаю, адчуваў і дасюль адчувае, што зусім гэта не рассмакталася.

Ён спрабуе даць усім па тысячы рублёў, гэта чарговы фэйк, чарговая падтасоўка, і гэта можа кепска скончыцца для эканомікі, але гэта ўжо іншы сюжэт. Карацей, не дражніць народ і не дражніць Захад, калі коратка. Таму што сёньня беларускі рэжым асабліва зацікаўлены ў манэўраваньні. Бо з Расіяй няўтульна і яна менш дае ўсялякіх субсыдыяў, таму трэба разьвіваць заходні вэктар.

Дракахруст: Павал, і вам тое ж пытаньне. Аляксандр сказаў, гэта таму што людзі галодныя, груба кажучы. Але з пачатку году заробкі вырасьлі, эканоміка таксама пачала расьці. Зараз ніякіх прыкметаў паўтарэньня таго, што было зімой-вясной, здаецца, не назіраецца. Дык дэкрэт, не прыпыняючы, прыпыняюць, а справу «Белага легіёну» прыпынілі і паставілі кропку. Чаму?

Вусаў: Яна выканала свае прапагандысцкія мэты, дзеля якіх была створаная, то бок пагасіць хвалю пратэстаў. Усё было пашытае белымі ніткамі, і ўся гэта справа надзьмувалася менавіта дзеля таго, каб паказаць удзельнікам пратэсту, што ёсьць нейкія вонкавыя сілы, якія жадаюць дэстабілізаваць сытуацыю, і вось вам прыклад.

Фактычна ў некаторым сэнсе, гэтая справа выканала сваю задачу. Калі б напэўна пратэсты працягвалі расьці і хваля б не пайшла на спад, то гэтую справу сталі бы раскручваць далей. Але па прычыне таго, што мы маем на дадзены момант пэўную стабілізацыю ўнутранай сытуацыі, улады вырашылі не церабіць гэтую тэму, адмовіцца ад яе, і па вялікім рахунку, хто пра гэту справу ўсё яшчэ памятае? Толькі наша аналітычная супольнасьць, прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці і незалежныя журналісты, а грамадзяне нават і не памятаюць, з чым гэта было зьвязана і ў якім стане гэтая справа знаходзіцца. Гэта першы момант.

Па-другое, трэба ўзгадаць увогуле няяснасьць узьнікненьня гэтай справы. То бок хто быў ініцыятарам арышту, якая са спэцслужбаў? Ці гэта была служба бясьпекі прэзыдэнта, ці гэта быў апэратыўна-аналітычны цэнтар, ці гэта быў КДБ — мы ня ведаем. Думаючы над адказам, я магу зьвязаць закрыцьцё гэтай справы з пэўнымі ўнутранымі супярэчнасьцямі паміж рознымі сілавымі беларускімі структурамі.

І вынік гэтага ўнутранага канфлікту, які напэўна і ёсьць, было зьняцьце ключавых фігураў з апэратыўна- аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. І напэўна закрыцьцё гэтай справы і кропка над гэтай справай таксама можа сьведчыць пра тое, што адна з груповак унутры сілавога блёку змагла перамагчы.

Улада, «Белы легіён» і Захад

Дракахруст: Ці ёсьць фінал Белага легіёну — вынік заходняга ціску? Захад быў супраць таго, каб у Беларусі былі палітвязьні. Фігуранты справы Белага легіёну імі ўжо не былі, калі іх вызвалілі пад падпіску. Менавіта Захаду трэба было, каб справу наагул скасавалі ці Захаду галоўнае было абы не за кратамі?

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Класкоўскі: Па-першае відавочна, што ўлады трымалі ў галаве заходні чыньнік. Сымптомам гэтага стала тое, што апошніх фігурантаў справы выпусьцілі са сьледчага ізалятара менавіта перад ліпеньскай сэсіяй парлямэнцкай асамблеі АБСЭ у Менску і тым самым зьнялі падставы да дадатковай крытыкі з боку некаторых зубастых эўрапарлямэнтараў і іншых зьнешніх «ворагаў рэжыму».

Наколькі я ведаю па сваіх ускосных зьвестках, заходнія дыпляматы, груба кажучы, «праядалі плех» беларускім уладам увесь час, узгадвалі задушэньні вясновых пратэстаў, і паколькі справа «Белага легіёну» наўпрост была зьвязана з гэтай сытуацыяй, я думаю, што наверсе ў беларускіх высокіх кабінэтах вырашылі прыгожа паставіць кропку ў гэтай гісторыі.

Выпадкова ці не, сёньня Наскевіч, кіраўнік сьледчага камітэту, сказаў, што кропка ў гэтай гісторыі пастаўленая. Каб разьвярнуць, калі хочаце, перад Захадам, што вось мы такія лібэральныя, прыгожа перагортваем гэтую старонку. Усё! Справа скончаная.

Дракахруст: Андрэй, як вы мяркуеце, тут Захад аказаўся ключавым гульцом, хто ціснуў у гэты бок?

Дынько: Я вельмі скептычна стаўлюся да меркаваньня, што ўладам асабліва важная пазыцыя Захаду. Многа сытуацыяў, калі дамагаюцца палітычных мэтаў. Скажам, калі беларускія ўлады хацелі зьняцьця санкцыяў, Захад ціснуў, каб вызвалілі палітвязьняў. Але не ў кожнай сытуацыі так адбываецца.

І ў гэтым выпадку Захад амаль не ўзгадваў пра гэтую справу. Нашмат важнейшай была рэакцыя грамадзтва. Спадар Вусаў кажа, што грамадзяне ня ведаюць. Я вось ехаў на электрычцы сёньня, а там у электрычцы прачнуўся такі тып і спытаў: «Таварышы, куды мы едзем, у Лунінец ці ў Баранавічы?». Гэта ў цягніку на Менск. Ён, канешне, і пра справу патрыётаў ня ведае. Але такі тып ня будзе ведаць, і хто ў нас прэзыдэнт у краіне. А грамадзяне ведаюць. Ня трэба народ трымаць за дурня. Народ ведае пра справу патрыётаў, людзі і пыталіся, і ведалі, і спачувалі. Велізарную ролю адыграла тая адвага, зь якой жанчыны, жонкі, сёстры, сваячкі, проста знаёмыя, рэагавалі на гэтыя затрыманьні, наколькі сьмела яны абаранялі гэтых людзей. Грамадзкая рэакцыя была нашмат важнейшая і яна вучыць нас, як шмат значыць салідарнасьць у такіх сытуацыях. Ва ўладаў праблемаў куча, вясна паказала, наколькі грамадзтва на ўзводзе. У гэтай сытуацыя вайна з сапраўднымі грамадзянамі — гэта як рубіць сук, на якім сядзіць улада.​

Дракахруст: Павал, Захад ці грамадзтва?

Вусаў: Я думаю, што і не Захад і не грамадзтва, бо мы настолькі прызвычаіліся да нерацыянальных крокаў нашай улады, што нейкія рацыянальныя крокі ўспрымаюцца намі, як нешта надзвычайнае.

Што тычыцца Захаду, то безумоўна гэта можа быць выкарыстана як дадатковы козыр у перамовах і ў паглыбленьні дыялёгу, асабліва на фоне таго, што Лукашэнка не паехаў на саміт «Усходняга партнэрства». Гэта яшчэ раз спарадзіла хвалю крытыкі, што Лукашэнка баіцца Расеі і не жадае пацяпленьня адносінаў Захадам. Спыненьне гэтай справы можа быць выкарыстаная для дыялёгу з Захадам, для дэманстрацыі, што Беларусь не адмаўляецца ад дыялёгу, але хацела б атрымаць фінансавую падтрымку.

Уладам збольшага абсалютна ўсё роўна, што думаюць грамадзяне. Не спыняецца ціск на незалежныя СМІ, асабліва на журналістаў тэлеканалу Белсат. Усё яшчэ адбываюцца судовыя справы, яны атрымоўваюць штрафы. Аднак журналісты Белсату больш вядомыя, чым фігуранты справы «Белага легіёну». Але калі справа тычыцца бясьпекі і стабільнасьці аўтарытарнага рэжыму, думкі грамадзянаў уладу асабліва бянтэжыць ня будуць.

Я думаю, што хутчэй за ўсё гэтая справа была спыненая не з прычыны нежаданьня раздражняць грамадзтва ці жаданьня задаволіць Захад, а па прычыне таго, што на дадзены момант яна не зьяўлялася настолькі ключавой і патрэбнай для ўнутраных палітычных рашэньняў.

Бойка «галубоў» і «ястрабаў» пад дываном

Дракахруст: У якой ступені такі вынік справы — вынік барацьбы розных групаў у беларускай палітычнай эліце? Вядомы палітоляг Юры Царык напісаў тэкст пра тое, што справа «Белага легіёну» была чыстай правакацыяй з боку КДБ ці нейкіх групаў унутры КДБ, якія падставілі Аляксандра Лукашэнку. Магчыма і сапраўды, адны падставілі, павялі сваю гульню, а ў лістападзе другія сілы перамаглі ў гэтай гульні.

Павел Вусаў
Павел Вусаў

Вусаў: Ня думаю, што Лукашэнка ня арыентуецца ў тым, што адбываецца і што нейкія сілы ў атачэньні яго праводзяць прарасейскую палітыку і жадаюць выкарыстаць сытуацыю дзеля таго, каб наблізіць Беларусь да Расеі ці стварыць такія ўмовы, калі Беларусь будзе паглынутая Расеяй.

Ёсьць шэраг аналітыкаў, якія імкнуцца да захаваньня добрых стасункаў афіцыйнага Менску з Захадам. І яны пішуць тэксты пра нейкія злыя сілы, якія хочуць дыскрэдытаваць Лукашэнку і падарваць дыялёг з Захадам. Мэта такіх тэкстаў — апраўдаць уладу, абяліць, адмыць Лукашэнку.

Але ў рэчаіснасьці ня трэба выключаць, што можа быць такое ў акружэньні Лукашэнку, асабліва калі справа вядзецца пра нейкія спэцапэрацыі, могуць існаваць групы інтарэсаў. І той факт, што адна з гэтых групаў інтарэсаў, а менавіта апэратыўна-аналітычны цэнтар, атрымаў, неаналітычна кажучы, па галаве і кіраўніцтва было зьнятае — гэта сьведчыць пра тое, што напэўна адбываўся нейкі ўнутраны канфлікт, адны групы жадалі абмежаваць уплывы іншых, пераключыць фінансавыя патокі на сябе.

Таму безумоўна нельга выключаць і такой магчымасьці, што да справы давяла перш за ўсё канкурэнцыя, унутраная барацьба, яна заўсёды адбываецца ва аўтарытарных рэжымах, і нават у часы Сталіна такія працэсы мелі месца. Так і той факт нельга выключаць, што пераважыла меркаваньне ці пазыцыя адной з сілавых групаў.

Дракахруст: Андрэй, як вы ставіцеся да гэтай вэрсіі?

Дынько: Не, я зусім не трымаюся такой вэрсіі. Мне яна падаецца неймавернай. Перастаноўкі ў апэратыўна- аналітычным цэнтры былі зьвязаны з зусім іншымі справамі. Ад фігурантаў справы патрыётаў мы ніколі ня чулі, каб нешта ў гэтай справе было зьвязана з матэрыяламі апэратыўна-аналітычнага цэнтру.

Групоўкі ва ўладзе ёсьць, але барацьбы паміж імі няма. Там ёсьць барацьба за эканамічныя ўплывы, за выгодныя кадравыя рашэньні, але палітычнай барацьбы там няма. Як вы ўяўляеце — нехта ва ўладзе будзе вызваляць легіянэраў? Гэта проста не адпавядае самой сутнасьці таго, як пабудаваны гэты рэжым. Справа не ў барацьбе, справа проста ў тым, што быў Крым і быў Данбас. Пасьля іх усё ва Ўсходняй Эўропе стала не такім, як было раней. Калі б не Крым і Данбас, справа патрыётаў скончылася б інакш.

Дракахруст: Аляксандр, і які ваш адказ. Ці магло спаборніцтва розных людзей з розных групаў паўплываць? Вось Андрэй запытаўся, як нехта можа ўявіць барацьбу ў такой сыстэме. Мы з вамі людзі не маладыя і памятаем сыстэму, якая была больш жорсткай, чым цяперашняя. Але ў ёй змагаліся, напрыклад, Дубянецкі і Паўлаў. Пра тым, што ў цэлым яны, зразумела, праводзілі лінію КПСС. Аднак былі некаторыя нюансы. Дык можа і тут справа ў нюансах?

Класкоўскі: Калі рабіць лірычнае адступленьне, то так, тая сыстэма была больш жорсткая, але яна інтэгравала ў сябе ўсіх. І Бураўкін працаваў у той сыстэме, і Сяргей Законьнікаў працаваў. Сёньня немагчыма сабе ўявіць, каб Лябедзька ці Статкевіч працавалі ў гэтай сыстэме. Сёньня ёсьць апазыцыя, тады не было. Таму паралель не зусім карэктная.

Я б не перабольшваў значэньне барацьбы ўнутры сыстэмы. Усе яны — людзі сыстэмы і моцнай маніхейскай барацьбы паміж «галубамі» і «ястрабамі», паміж сілавікамі і Макеям там няма. Палкоўнік Макей таксама выхадзец з тых самых спэцслужбаў.

Натуральна, сёньня яму гэтая залішняя брутальнасьць замінае, але я думаю, што ў прынцыпе яны ўсе паслухмяна і дысцыплінавана ходзяць на даклады да Лукашэнкі. Хтосьці можа выступіць больш пераканаўча, і шалі схіляцца на яго бок.

Але ўся гэтая канспіралёгія, пра тое, што рука Масквы і Лукашэнку падставілі... Калі Лукашэнку і падставілі і падтасоўвалі нейкую фактуру ў справе «Белага легіёну», то гэта быў той выпадак, калі ён быў «рады падманвацца».

Гэтая справа была зручная, каб здушыць «недармаедзкія» пратэсты. Калі б было інакш, то на пасадах кіраўнікоў спэцслужбаў былі б іншыя людзі. Таму па вялікім рахунку сыстэма працуе даволі зладжана. Але разам з тым сыстэма даволі гнуткая — гэта сапраўды трэба адзначыць. Бо калі б яна была зусім тупая, то яна дваццаць тры гады б не праіснавала.

Ці будзе пасьля справа «Белага легіёну» справа «Чорнай кагорты»?

Дракахруст: Рашэньне СК па Белым легіёне — аргумэнт у спрэчцы, дык ці ёсьць у Беларусі лібэралізацыя ці яе няма. У 2011 годзе справу Плошчы не скасавалі, не закрылі. Людзі адсядзелі рэальныя тэрміны. Але фігурантам справы Белага легіёну таксама дасталася. Ніхто перад імі не зьбіраецца выбачацца, так выглядае. Дык якая гэта лібэралізацыя? Хіба цяперашняе рашэньне азначае, што заўтра ня зьявіцца справа нейкай «Чорнай кагорты»?

Дынько: Справа «Белага легіёну» — гэта пасланьне і хлопцам-патрыётам з сілавых структураў, і нам усім аб тым, што ніхто не павінен думаць аб зьмене ўлады ў краіне. Маўляў, вы можаце займацца рознымі справамі, але не далей за пэўныя межы.

Трэба было нейкім чынам запалохаць людзей, зьбіць хвалю пратэсту, якая набывала небясьпечныя маштабы ў сакавіку, вось і напалохалі гэтымі арыштамі. Хлопцы з «Белага легіёну» ніякім чынам не зьбіраліся зьмяняць уладу, ім была важная толькі незалежнасьць, а не тое, хто пры ўладзе ў Беларусі. І іх выпусьцілі. Гэта паказчык таго, што дазваляецца грамадзянам рабіць у Беларусі.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Павал, ёсьць лібэралізацыя ці няма?

Вусаў: У Беларусі ў дадзеным кантэксьце ніколі ня можа быць лібэралізацыі ў тым сэнсе, у якім мы яе разумеем, то бок пашырэньня межаў для палітычнай актыўнасьці, апазыцыі, дзякуючы якой можна было б уплываць на палітычныя рашэньні і працэсы ў краіне.

Гэта робіцца добрая карцінка для Захаду, як было ў 2008-2010 гадах. Мы памятаем усе дыялёг і чым ён скончыўся. Гэтая лібэралізацыя мае сурʼёзныя ўнутраныя абмежаваньні, мэты якіх — не дапусьціць некантраляваных працэсаў, якія б маглі прывесьці да дэстабілізацыі рэжыму ў Беларусі.

Дракахруст: Павал кіруецца сваім вызначэньнем лібэралізацыі. Але вось хрушчоўская «адліга» — яна ж не дазволіла шматпартыйнасьць ці свабодны друк у СССР. Але была пэўнай лібэралізацыяй, прынамсі, адлігай. У якім сэнсе ў Беларусі ёсьць лібэралізацыя, калі яна ёсьць хоць у якім-небудзь сэнсе?

Класкоўскі: Так, сапраўды, калі ў нейкім заходнім сэнсе, то пра лібэралізацыю ня можа быць гаворкі, таму што сам па сабе рэжым антылібэральны, антыдэмакратычны. Але ведаеце, калі нехта пачынае казаць, што гэты рэжым не мяняецца, што, маўляў, ня трэба ўпадаць у ілюзіі, гэта таксама раздражняе, бо зрухі ў сыстэме ўсё ж такі ёсьць. І мы ўжо перажылі некалькі пэрыядаў, калі станавілася дыхаць вальней, а гэта ў беларускіх умовах ужо нямала для тых, хто нешта рэальна робіць. Ёсьць жа катэгорыя змагароў у фэйсбуку, якім альбо ўсё альбо нічога. А хто рэальна спрабуе нешта рабіць у палітыцы, у прэсе незалежнай, для іх, калі ня бʼюць камэры і можна рабіць матэрыял, напрыклад, гэта ўжо плюс, гэта ўжо ў пэўных прафэсійных межах лібэралізацыя, калі становіцца лягчэй дыхаць.

Падсумоўваючы, я магу сказаць, што рэжым усё ж мяняецца, ён даволі адаптыўны. Ня трэба думаць, што Лукашэнка пры сваім кансэрватызьме і ягонае атачэньне зусім не арыентуюцца ў сытуацыі. Яны вельмі добра зарыентаваліся, калі дзеўбануў смажаны певень пасьля Крыму, калі яны на сябе прымерылі гэтую небясьпеку.

Яны выдатна разумеюць, што трэба круціцца, трэба трошкі і перад Эўропай рабіць рэвэрансы, трэба ня надта дражніць сваё грамадзтва, можна і стэрыльнасьць палаты парушыць — пару дэпутатак туды прапусьціць. Таму недаацэньваць адаптыўнасьць рэжыму таксама нельга.

І калі адказваць на вашае пытаньне пра тое, ці ня будзе новай справы «Чорнай кагорты» — усялякае можа быць. Ніякіх гарантыяў няма. Бо калі гаворка ідзе пра захаваньне ўлады, тады ўсе ўмоўнасьці пакідаюцца, і пачынаецца тая самая душылаўка. Але ўсё ж такі ўмовы для рэжыму робяцца ўсё меней камфортныя — і зьнешнія, і ўнутраныя, і таму кожны раз у такой сытуацыі наверсе будуць добра ўзважваць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG