Трамп пагражае выхадам ЗША з NATO ў выпадку адмовы саюзьнікаў павялічыць фінансаваньне

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп задаволены абяцаньнямі саюзьнікаў па NATO павялічыць выдаткі на абарону, але разгледзіць пытаньне аб выхадзе з альянсу, калі яны ня выканаюць гэтых абавязаньняў, заявіў высокапастаўлены чыноўнік Белага дома на ўмовах ананімнасьці.

«Цяпер... ён хацеў бы застацца ў NATO. Прэзыдэнт задаволены тым, што бачыць. Але ён таксама не зьбіраецца заставацца ў NATO, калі NATO не дасягне прагрэсу значна хутчэй», — заявіў амэрыканскі службовец 17 траўня.

У красавіку Трамп зазначыў, што больш ня лічыць Паўночнаатлянтычны альянс «састарэлым», як заяўляў гэта падчас перадвыбарнай кампаніі ў 2016 годзе.

Трамп сустрэнецца зь іншымі лідэрамі краінаў NATO ў Брусэлі 25 траўня і, як чакаецца, працягне ціснуць на саюзьнікаў з мэтай павелічэньня імі выдаткаў на абарону. NATO абавязаліся давесьці гэтыя выдаткі да 2% валавога ўнутранага прадукту кожнай з краінаў альянсу, але большасьць зь іх далёкія ад гэтай мэты.