Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны сакратар ЗША Тылерсан: Вашынгтон падтрымлівае NATO


Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан.

Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан пацьвердзіў, што Вашынгтон падтрымлівае NATO. Ён зрабіў гэтую заяву на наступны дзень пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сваім выступе ў Кангрэсе выказаў меркаваньне, што саюзьнікі па NATO «пачынаюць» выконваць свае фінансавыя абавязаньні што да вайсковых выдаткаў.

У адмысловай заяве Тылерсана, распаўсюджанай Дзяржаўным дэпартамэнтам, гаворыцца, што адміністрацыя Трампа будзе «надалей падтрымліваць палітыку і інстытуты, якія захоўваюць амэрыканцаў у бясьпецы, у тым ліку трывалую NATO, дзе саюзьнікі выконваюць свае абавязкі».

Тылерсан сказаў, што Вашынгтон «будзе працаваць з саюзьнікамі, каб супрацьстаяць краінам, якія пагражаюць сваім суседзям або дэстабілізуюць свае рэгіёны». Паводле яго словаў, «амэрыканская зьнешняя палітыка павінна прасоўваць нашы асноўныя каштоўнасьці свабоды, дэмакратыі і стабільнасьці».

У сваім выступе перад абедзьвюма палатамі Кангрэса 28 лютага прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў: «Мы чакаем, што нашы партнэры — у NATO, на Блізкім Усходзе або ў Ціхім акіяне — прымуць непасрэдную і значную ролю ў стратэгічных і ваенных апэрацыях і заплацяць справядлівую частку цаны гэтага».

Трамп сказаў: «Цяпер, на падставе нашых вельмі моцных і адкрытых дыскусіяў, яны пачынаюць рабіць менавіта гэта».

«Насамрэч, я магу вам сказаць, што грошы пайшлі», — заявіў Трамп.

XS
SM
MD
LG