Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: NATO не зьяўляецца састарэлай арганізацыяй


Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што NATO не зьяўляецца састарэлай арганізацыяй, як ён сьцьвярджаў летась у ходзе перадвыбарнай кампаніі, але сказаў, што чальцы NATO ўсё яшчэ павінны плаціць сваю справядлівую долю за «парасон эўрапейскай бясьпекі».

Дональд Трамп таксама заявіў, што не гаварыў яшчэ зь дзяржаўным сакратаром Рэксам Тылерсанам пра ягоныя сустрэчы ў Маскве, але з таго, што ён чуў, можна меркаваць, што сустрэча, магчыма, была больш пасьпяховай, чым чакалася. Трамп назваў прэзыдэнта Сырыі Башара Асада «мясьніком», які забівае ўласны народ.

На сумеснай прэс-канфэрэнцыі з Генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам Трамп падзякаваў сябрам NATO за падтрымку ягонага рашэньня ў мінулы чацьвер аб запуску 59 крылатых ракет па аэрадроме ў Сырыі ў якасьці помсты за ўжываньне хімічнай зброі супраць цывільных асобаў і заявіў, што настаў час пакласьці канец грамадзянскай вайне ў Сырыі.

«Я казаў, што яно састарэла, але яно больш не зьяўляецца састарэлым», — сказаў Трамп, дадаўшы, што Паўночнаатлянтычны альянс адаптаваўся да больш шырокай місіі супраць ісламскіх баевікоў, да якой ён заклікаў.

Разам з тым Трамп ухіліўся ад прамой крытыкі прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і заявіў, што імкнецца да добрых стасункаў з Расеяй. «Цяпер мы зусім ня можам даць рады Расеі», — заявіў Трамп. Паводле ягонай ацэнкі, у сьвеце цяпер дзеецца мноства дрэнных рэчаў, і калі ён завершыць свой прэзыдэнцкі тэрмін, «сьвет стане лепшым месцам».

Столтэнбэрг сказаў, што ў яго была выдатная і плённая сустрэча ў Авальным кабінэце з Трампам.

XS
SM
MD
LG