Падставай для адстаўкі сталі сьцьвярджэньні Дэміяна Грына аб тым, што ён ня ведаў пра выяўленьне парнаграфіі на сваім кампутары. Праверка паказала, што гэтыя заявы былі «недакладнымі, уводзілі ў зман» і не адпавядаюць кодэксу паводзінаў міністра, перадае ВВС.
Паведамляецца, што фармальна Грын падаў у адстаўку добраахвотна, пасьля таго, як яго настойліва папрасілі сысьці.
У сваім лісьце з просьбай аб адстаўцы Грын прынёс прабачэньні за свае дзеяньні. У адказ прэм’ер-міністар Тэрэза Мэй выказала глыбокае шкадаваньне ў сувязі зь ягоным сыходам.
Праверка таксама прызнала праўдападобным сьцьвярджэньне журналісткі Кейт Молтбі аб сэксуальных дамаганьнях з боку Грына ў 2015 годзе.
Гэта ўжо трэцяя скандальная адстаўка ў брытанскім кабінэце за апошнія два месяцы. Раней урад пакінулі міністар абароны Майкл Фэлан, які быў абвінавачаны ў непрыстойных паводзінах і ў сэксуальным гвалце, і міністарка па міжнародным разьвіцьці Прыты Патэл, якая парушыла міністэрскі кодэкс, правёўшы неафіцыйныя сустрэчы з афіцыйнымі асобамі Ізраілю, аб якіх не апавясьціла ні міністэрства замежных спраў Вялікай Брытаніі, ні прэм'ер-міністра Тэрэзу Мэй.
61-гадовы Дэміян Грын — адзін з самых блізкіх паплечнікаў прэм’ер-міністаркі Вялікай Брытаніі Тэрэзы Мэй. У яе ўрадзе ён займаў пасаду першага дзяржаўнага сакратара (фактычна — намесьніка прэм’ер-міністра), а таксама кіраўніка канцылярыі.
Абвінавачваньні на адрас Грына ўпершыню прагучалі ў лістападзе 2017 году. Тады, пасьля зьяўленьня публікацыяў пра Гарві Вайнштэйна і іншых дзеячаў шоў-бізнэсу, аналягічныя абвінавачваньні сталі выказвацца на адрас брытанскіх палітыкаў. Сам Грын адмаўляў як абвінавачваньні ў сэксуальных дамаганьнях, так і падазрэньні, што ён глядзеў на працоўным месцы парнаграфію.