Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гурт прадставіў «Пішы» на верш Ластоўскага — завяршальную песьню «(Не)расстралянай паэзіі». Аўдыё


Вацлаў Ластоўскі, архіўнае фота

Менскі калектыў «Закон Гука» прэзэнтаваў на Tuzinfm.by песьню «Пішы» на верш Вацлава Ластоўскага — завяршальную песьню музычнага праекту «(Не)расстраляная паэзія».

«На жаль, у школе не расказваюць гісторыі рэпрэсаваных беларускіх дзеячаў. І мы вельмі мала ведаем пра той час і тых асобаў. Але тым больш каштоўныя яны, іх спадчына для нас цяпер, у час, калі ідзе актыўнае фармаваньне нацыі», — разважае вакаліст гурту Лёкса Кузьмін. Твор ён называе «трагічнай перамогай над страхам быць непачутым» — цяпер «страху няма, бо ёсьць песьня».

Праект «(Не)расстраляная паэзія» складаўся з лекцыяў пра ахвяраў бальшавіцкага тэрору і запісаў песень на тэксты беларускіх паэтаў, расстраляных бальшавікамі ў «чорную ноч» з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. Тады НКВД беспадстаўна забіла больш як сотню прадстаўнікоў інтэлігенцыі, у ліку якіх Тодар Кляшторны, Міхась Зарэцкі, Мойша Кульбак, Алесь Дудар, Ізі Харык , Анатоль Вольны, Міхась Чарот, Юлі Таўбін, Платон Галавач, Янка Нёманскі, Юрка Лявонны і многія іншыя.

У музычнай частцы праекту ўзялі ўдзел Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, Akute, Dzieciuki, Vinsent і іншыя — агулам на сёньня выдадзена 16 песень. Кожнаму з паэтаў, згаданых у праекце, завялі старонкі на Facebook.

Уласна Вацлаў Ластоўскі не адносіцца да ахвяраў «чорнай ночы» — адзін з «бацькоў БНР» і аўтар «Кароткай гісторыі Беларусі» быў арыштаваны саветамі яшчэ ў 1930 годзе, яго трымалі ў турмах Менску і Масквы, выслалі на 5 гадоў у Саратаў, дзе паўторна арыштавалі і расстралялі 23 студзеня 1938 году.

Стваральнікі праекту спадзяюцца, што творы рэпрэсаваных паэтаў і надалей будуць натхняць сучасных музыкаў на новыя песьні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG