Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музычным «Адкрыцьцём году» стаў беларускамоўны электроншчык Mikita


Mikita

Музычны партал TuzinFM назваў найлепшыя гурты і выканаўцаў 2017 году, а таксама склаў топ песень, кліпаў і дыскаў.

Імёны пераможцаў былі абвешчаныя падчас штогадовай імпрэзы, прымеркаванай да дня нараджэньня TuzinFM.

Адкрыцьцём году стаў Mikita. Гарадзенскі артыст стварае электронную музыку з тэкстамі на беларускай мове. У ягоным актыве — дэбютны EP зь пяці песень, кліп на дэбютны трэк «Лес», здымкі ў Belsat Music Live, кавэр на Naviband, новае прачытаньне Яўгеніі Янішчыц.

Mikita выступаў на галоўнай сцэне фэсту Vulitsa Ezha, быў хэдляйнэрам Beerbus Party у Горадні, даў некалькі сольных канцэртаў.

Гуртом году стаў ужо папулярны калектыў TonqiXod. Сёлета хлопцы запісалі альбом «Колер, якога няма», узялі актыўны ўдзел у маштабным праекце «(Не)расстраляная паэзія», зайгралі сэт на канцэрце «Салідарныя зь Беларусьсю» у Варшаве. Але нечакана заявілі, што прыпыняюць дзейнасьць. Прыхільнікі спадзяюцца, што ненадоўга.

Гурт TonqiXod
Гурт TonqiXod

Як паведамляе TuzinFM, у іншых намінацыях — найлепшая песьня, найлепшы дыск і найлепшы кліп — вызначаныя наступныя пераможцы.

Рок-гурт Nizkiz з Магілёву запісаў найлепшую песьню. Яна называецца «Небясьпечна». Пра драйвовую каманду Радыё Свабода падрабязна расказвала.

Іншы вядомы магілёўскі гурт Akute выдаў найлепшы дыск сэзону. Дзевяць кампазыцый аб’яднаныя пад вокладкай «Plastyka».​

Менскія фолк-рокеры Re1ikt зьнялі найлепшы кліп. Гэта відэа на песьню «Хадзіла галота».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG