Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольскі дасьць у Менску бясплатны канцэрт да #БНР100 24 сакавіка


Сьпявак Лявон Вольскі выступіць у менскім клюбе «Бруге» 24 сакавіка, канцэрт ён прысьвеціць 100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Уваход на канцэрт вольны, але колькасьць месцаў абмежаваная — наведаць выступ змогуць толькі 500 першых з тых, хто зарэгістраваўся анлайн.

Абноўлена: Усе 600 месцаў (да пачатковых пяці соцень дадаліся яшчэ сто) занялі за 55 хвілін.

Лявон Вольскі тлумачыць на Facebook, што ён і ягоныя музыкі «не маглі не адзначыць гэтую дату ў Менску»:

«Чаму а 16-й. Адразу пасьля канцэрту мы зьяжджаем у Беласток, дзе выступім 25 сакавіка на сьвяткаваньні 100-годзьдзя БНР, якое ладзяць беларусы Падляшша. Акрамя гэтага, 25 сакавіка праз тэлемост прывітаем удзельнікаў сьвята каля Опэрнага тэатра ў Менску».

Таксама 25 сакавіка на менскім «Сьвяце незалежнасьці» выступіць дачка Лявона Адэля Вольская — яна сьпяе некалькі сваіх песень і гіты бацькі. Лявон Вольскі, які ў гэты дзень выступіць у польскім Беластоку, казаў, што хацеў бы сьпяваць і на канцэрце ў Менску, але арганізатар беластоцкага канцэрту Алег Латышонак не пагадзіўся перанесьці ягоны выступ.

Раней музыкі гурту Akute выказаліся ў падтрымку тых, хто ня зможа выступіць у Менску — а запрашалі таксама Сяргея Міхалка (грае 25 сакавіка ў Мазыры) і Зьмітра Вайцюшкевіча (грае ў Варшаве). Сам гурт зайграе ўдзень у Менску, а ўвечары — у Магілёве.

«Спадзяёмся, усе павінны ўсьведамляць, што Беларусь не заканчваецца за МКАДам і жыхары іншых гарадоў таксама павінны мець магчымасьць правесьці 25 сакавіка ў фармаце сапраўднага сьвята», — пісалі Akute.

Хто выступіць на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску

На менскі канцэрт 25 сакавіка арганізатары плянуюць сабраць да 25 тысяч чалавек. У афішы гурты Akute, Dzieciuki, «Мутнаевока» і «Разьбітае сэрца пацана», сьпевакі Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пятро Клюеў і Юры Стыльскі, музычная праграма «Сьпеўнага сходу» і выступ актораў «Свабоднага тэатру», бліжэй да сьвята будуць анансаваныя таксама іншыя выступоўцы.

Мітынгі-канцэрты 25 сакавіка ўжо таксама дазволеныя ў Берасьці (там маюць выступіць гурты :B:N:, Re1ikt і іншыя) і Горадні (туды запрасілі N.R.M., вядуць збор грошай на канцэрт), у Лідзе ўлады і мясцовыя актывісты зладзяць канцэрт у музэі, дазволаў чакаюць яшчэ ў некалькіх гарадах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG