Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднаўленьне сувэрэнітэту Ўкраіны названае ключавым пытаньнем у стасунках Крамля з ЗША і «практычна любой разьвітай краінай»


Джон Гантсман (зьлева) і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота

Новы амбасадар ЗША ў Расеі Джон Гантсман заявіў, што аднаўленьне сувэрэнітэту Украіны на ўсёй тэрыторыі стане для яго ключавым пытаньнем у стасунках з Крамлём.

Пра гэта Джон Гантсман сказаў падчас выступу 7 кастрычніка ў Солт-Лэйк-Сіці, што ў штаце Юта, дзе ён раней быў губэрнатарам. Гантсман заявіў, што хоча палепшыць стасункі з Расеяй, але настойвае, каб перш за ўсё Масква вярнула пад кантроль Украіны ўсю тэрыторыю ў межах яе міжнародна прызнаных межаў:

«Гэтае пытаньне тычыцца ня толькі Злучаных Штатаў, але і Эўропы, Канады і практычна любой іншай разьвітай краіны», — дадаў Гантсман.

Таксама ён заявіў, што хоча працаваць супольна з Масквой над рашэньнем крызісу адносна забароненых ядзерных і ракетных выпрабаваньняў КНДР. Гантсман назваў Пхеньян пагрозай для Расеі і ўсяго сьвету.

«Дзеючы разам, як мы лічым, Злучаныя Штаты і Расея могуць прымусіць паўночнакарэйскі рэжым за сталом перамоваў знайсьці дыпляматычнае рашэньне», — сказаў ён.

Гэтыя яго словы прагучалі пасьля рэплікі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, што перамовы з Паўночнай Карэяй аб ядзерных і ракетных праграмы былі «пустым марнаваньнем часу».

Джон Гантсман таксама заявіў аб магчымай супраць з Расеяй у барацьбе з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы» і ў намаганьнях па спыненьні шасьцігадовай грамадзянскай вайны ў Сірыі, дзе Вашынгтон і Масква падтрымліваюць супрацьлеглыя бакі.

Расея акупавала ўкраінскі Крым і падтрымала сэпаратыстаў на ўсходзе Украіны, праз гэта з 2014 году загінулі больш за 10 тысяч чалавек. Злучаныя Штаты і Эўразьвяз увялі санкцыі ў дачыненьні да Расеі за яе дзеяньні ва Ўкраіне.

Напружанасьці ў адносінах Вашынгтона і Масквы дадалі таксама заявы выведкі ЗША аб тым, што Расея ўмешвалася ў выбары амэрыканскага прэзыдэнта ў 2016 годзе. У Крамлі гэта абвяргаюць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG