Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Facebook зьмяніў правілы рэклямы пасьля расейскай палітычнай кампаніі


©Shutterstock

У лісьце, разасланым рэклямадаўцам на гэтым тыдні, кіраўніцтва Facebook папярэдзіла, што цяпер рэклямныя абвесткі, арыентаваныя на людзей, якія абмяркоўваюць «палітычныя, рэлігійныя, этнічныя і сацыяльныя пытаньні» будуць разглядацца супрацоўнікамі аднаго з офісаў. Толькі пасьля гэтага абвесткі могуць зьявіцца ў сетцы.

Раней рашэньні аб публікацыі такіх аб'яў аўтаматычна прымаў кампутарны альгарытм. У кампаніі папярэдзілі, што новая працэдура можа запаволіць тэрміны разьмяшчэньня рэклямы.

«Гэтае новаўвядзеньне прадугледжвае, што большая колькасьць абвестак будзе праходзіць працэдуру разгляду з дапамогай нашых супрацоўнікаў, — гаворыцца ў лісьце, накіраваным рэклямадаўцам. — Новыя рэклямныя кампаніі, што зьмяшчаюць мэтавую рэкляму, якая, на нашую думку, запатрабуе дадатковага разгляду (зьвязаныя з такімі пытаньнямі, як палітыка, рэлігія, этнічныя і сацыяльныя праблемы), будуць асобна разглядацца супрацоўнікамі».

На гэтым тыдні стала вядома, што кіраўніцтва Fаcebook пагадзілася даць паказаньні ў камітэце па выведцы Кангрэсу ЗША, які праводзіць уласнае расьсьледаваньне аб расейскім ўмяшальніцтве ў выбарчую кампанію 2016 года. У мінулую пятніцу афіцыйнай ліст з запрашэньнем выступіць на адкрытых слуханьнях у верхняй палаце накіраваў мэнэджэрам сацыяльнай сеткі камітэт па выведцы Сэнату ЗША.

У верасьні Facebook перадаў у Кангрэс зьвесткі аб рэклямных абвестках, суполках і старонках, зарэгістраваных з удзелам Расеі падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Адначасова ў Палату прадстаўнікоў была накіравана інфармацыя і аб куплі расейскімі кампаніямі рэклямных абʼяў у сацыяльнай сетцы.

З чэрвеня 2015 году па травень 2017 году з 470 акаўнтаў было апублікавана каля 3000 рэклямных пастоў на агульную суму 100 000 даляраў.

Facebook выдаліў большасьць групаў, зьвязаных з пракрамлёўскай «Фабрыкай троляў». Каля 10 мільёнаў чалавек убачылі рэкляму, разьмешчаную расейскімі арганізацыямі.

XS
SM
MD
LG