Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы падпалкоўнік КДБ Валер Костка: Шпіёнскі скандал паміж Беларусьсю і Ўкраінай патрэбны Пуціну


Валер Костка
Валер Костка

Былы супрацоўнік контравыведкі КДБ падпалкоўнік Валер Костка лічыць, што ўкраінска-беларускі шпіёнскі скандал стаў прычынай таго, што Лукашэнка не паехаў у Брусэль на саміт «Усходняга партнэрства». Пра гэта ён расказаў у інтэрвію Радыё Свабода.

— Спадар Валер, якую ацэнку вы б паставілі беларускай спэцслужбе ў гэтай гісторыі?

— Ведаеце, вы пытаецеся пра дзейнасьць спэцслужбы, але я лічу, што спэцслужбы ў Беларусі няма. Спэцслужба займаецца бясьпекай дзяржавы, а ў нас ёсьць толькі КДБ, які займаецца палітычным вышукам і выконвае пэўныя палітычныя ролі. Вось як цяпер выканаў задачу па падрыву адносін з Эўропай і Ўкраінай.

— Гэта пра выкрыцьцё ўкраінскай шпіёнскай сеткі?

— Ды гэты канфлікт з Украінай нам зусім непатрэбны. У нас былі нармальныя адносіны паміж краінамі, не было ніякіх праблем. Але добрыя ўзаемаадносіны Парашэнкі з Лукашэнкам і Ўкраіны зь Беларусьсю, аказваецца, вельмі балючыя для Расеі. Таму наколькі яны ставяць задачу сапсаваць гэтыя адносіны, настолькі і дамагаюцца свайго.

На жаль, у нашых палітыкаў і спэцслужбаў не заўсёды хапае розуму зразумець, што гэты скандал зь нібыта шпіёнамі ўчынены штучна. Лукашэнка пачаў нібыта выходзіць за межы расейскай арбіты, а яго зноў туды запіхваюць. Што гэта найперш палітычная камбінацыя з выкарыстаньнем, даволі прымітыўным, нейкіх схемаў спэцслужбаў, для мяне відавочна.

Лукашэнка пачаў нібыта выходзіць за межы расейскай арбіты, а яго зноў туды запіхваюць

— І ўсё ж ці маглі б вы як прафэсіянал пракамэнтаваць шпіёнскі складнік гэтай гісторыі?

— Пачну з таго, што гэты нібыта шпіён трымаў у сябе дома копіі данясеньняў у цэнтар. Мне гэта яскрава сьведчыць пра ўзровень тых, хто такі сцэнар пісаў. Бо закон любой выведкі кажа: нельга пакідаць ніякіх сьлядоў, ніякай інфармацыі, якая б паказвала на шпіёнства. А тут выведнік трымае ў сябе недзе на кватэры такі кампрамат! Дзеля чаго? Каб даказалі, што ён шпіён? Ды гэта трызьненьне, а не сцэнар.

Другі момант. Ну які выведнік з выпускніка вайскова-палітычнай вучэльні? У нас раней у выведку ці контравыведку КДБ ня бралі палітрукоў ніколі, бо яны, прабачце за параўнаньне, больш балбатуны, чым працаўнікі. І ня бралі зь міліцыі, бо там заўсёды працуюць на мяжы закону ці нават за гэтай мяжой. А тут журналіст, працаваў у прэсавай службе, хай і вайсковай установы, і раптам стаў прафэсійным выведнікам?

Выведнікаў рыхтуюць у адпаведнай школе, яны абкатваюцца падчас выкананьня розных заданьняў. А тут гэтак проста — «стварыў выведную сетку». І дзе тая сетка? Калі затрымалі яшчэ і гэтага беларускага агента, дык пакажыце яго, хто ён такі? Можа, зноў які электрык ці манцёр?

Удакладніце хаця б інфармацыю, якую ён нібыта здаў, што ён мог такога ў нас даведацца пра баяздольнасьць беларускіх Узброеных сіл, што нікому не вядома? Калі ўся гэтая інфармацыя на паверхні, і для нармальнага аналітыка дастаткова было зьезьдзіць на манэўры «Захад-2017», каб ацаніць узровень боегатоўнасьці, тэхнічнага забесьпячэньня, кіраваньня і гэтак далей.

Значыць, зноў ідзе гульня, якая адбіваецца на адносінах беларускага народу з украінскім. Гэтыя адносіны былі добрымі, бо мы іх як народ паважалі, яны нас паважалі, што мы ня ўлазім у гэтыя разборкі Расеі, у яе гібрыдныя войны.

— Некаторыя назіральнікі яшчэ ўчора заявілі, што шпіёнская гісторыя справакаваная Крамлём. Але ніводнага фігуранта з Расеі тут ня бачна. Чаму вы настойваеце на такой выснове?

Гэта нам нявыгадна, нявыгадна Кіеву, але выгадна Крамлю

— Давайце паглядзім, што адбываецца ў выніку. Псуюцца адносіны Беларусі з нашай сяброўкай Украінай, так? Глядзіце, ужо дайшло да таго, што дыпляматаў адзін ад аднаго высылаюць, пайшлі рэзкія заявы. Гэта нам нявыгадна, нявыгадна Кіеву, але выгадна Крамлю.

Згадваем пра ўмяшаньне Крамля ў Брэксіт, у выбары ў ЗША, у Францыі, спробу падштурхнуць да перавароту ў Чарнагорыі. То бок яны паўсюль спрабуюць дзейнічаць праз гібрыдныя захады — незаўважна, праз сваіх агентаў. І тут таксама ўвесь час спрабуюць уплываць на нашу палітыку.

— А хіба нельга ўявіць, што сапраўды ўкраінская выведка спрабавала тут знайсьці нейкую карысную інфармацыю, прыкладам, пра прысутнасьць расейскіх войскаў тут падчас манэўраў? Чаму тады прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка звольніў аднаго з кіраўнікоў выведкі?

— Прычыны звальненьня могуць быць розныя. Ва Ўкраіне маглі правесьці сваё ўнутранае расьсьледаваньне гэтага скандалу і прыйсьці да высновы, што нешта зроблена ня гэтак, як трэба. Па факце выведка Ўкраіны спрацавала з адмоўным вынікам, як кажуць, пракалолася, і, адпаведна, яе кіраўнік нясе адказнасьць.

Гэтак паўсюль ёсьць і будзе. Бо што выведкі працуюць, дык гэта не сакрэт. Паўсюль, пад дахам кожнай амбасады сядзяць выведнікі — і ў расейскай, і ў амэрыканскай, і ў нашых за мяжой. Людзі займаюцца зьбіраньнем пэўнай інфармацыі, якая цікавая іхнаму палітычнаму кіраўніцтву.

Іншая справа — наколькі далёка яны заходзяць у гэтым зьбіраньні? Вось вярбоўкі, нейкія спэцапэрацыі — гэта ўжо антызаконная дзейнасьць, і таму яе спыняюць, а зьбіраць адкрытую інфармацыю — нармальна.

Падрыхтаваны аналітык можа з адкрытых крыніц атрымліваць тыя зьвесткі, якія яму цікавыя, у тым ліку і пра войска.

— Паводле заявы КДБ, журналіст Шаройка перадаваў свае шпіёнскія зьвесткі супрацоўніку амбасады Ўкраіны Скварцову, якога ў выніку абвясьцілі пэрсонай нон-грата і выслалі з краіны. Дык такое магло быць?

Калі б Парашэнка пры сустрэчы спытаў у Лукашэнкі пра нашы Ўзброеныя сілы, дык той бы, мяркую, і сам бы ўсё расказаў

— Паглядзіце: мы як краіны былога СССР толькі нядаўна разьвяліся. Усе пра ўсіх добра ведаюць, у тым ліку мы пра ўкраінцаў, яны пра нас. Усім вядома, што Барадач быў з ГРУ, з вайсковай выведкі, Костка — з КДБ. Што журналіст Шаройка працаваў у прэсавай службе вайсковай управы выведкі, а той супрацоўнік амбасады Ўкраіны таксама меў дачыненьне да пэўнай службы. Усім гэта вядома.

Але тут спатрэбілася ўчыніць шпіёнскі скандал, і гэта ўсё зьвязваецца ў шпіёнскую сетку. Робяць з журналіста шпіёна, з дыплямата — рэзыдэнта, які кіруе сеткай, а той да яго ходзіць па заданьні, якія выконвае празь невядома каго. Але мне шчыра незразумела, каго гэты журналіст мог завербаваць у Беларусі такога, каб ён займаўся зьбіраньнем сакрэтнай інфармацыі пра Ўзброеныя сілы нашай краіны?

Нейкая вельмі прымітыўная камбінацыя ў стылі 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Але звонку яна выглядае варожа, што нібыта Ўкраіна гэтак ставіцца да Беларусі. Хоць калі б Парашэнка пры сустрэчы спытаў у Лукашэнкі пра нашы Ўзброеныя сілы, дык той бы, мяркую, і сам бы ўсё расказаў.

Што вядома пра ўкраінскага журналіста Шаройку, якога затрымалі ў Менску

— Яны, дарэчы, нядаўна сустракаліся падчас адпачынку ў Абʼяднаных Арабскіх Эміратах. Можа, не дамовіліся пра нешта, пасварыліся?

— Справа ня ў гэтым. Калі Парашэнка — безумоўна самы галоўны абʼект крытыкі па ўсіх расейскіх тэлеканалах ды ў іншых мэдыях, калі з Парашэнкі там робяць нейкага авантурыста, злодзея, алігарха і гэтак далей, а тут зь ім кантактуе самы бліжэйшы сябар Пуціна, дык выглядае гэта ўсё неяк незразумела. Іх любы кантакт вельмі балюча ўспрымаецца ў Маскве. А тут — зноў сустрэліся. А наперадзе — саміт «Усходняга партнэрства».

— Калі пагадзіцца, што шпіёнскі скандал быў правакацыяй, дык ці дасягнула гэтая правакацыя сваёй мэты?

Лукашэнка ня едзе ў Брусэль, а якраз учора грымнуў шпіёнскі скандал. Для мяне сувязь відавочная

— Вядома, дасягнула. Лукашэнка ня едзе ў Брусэль, сёньня гэта канчаткова стала вядома, а якраз учора грымнуў шпіёнскі скандал. Для мяне сувязь відавочная.

Па-другое, пачаліся разборкі паміж Беларусьсю і Ўкраінай, узаемныя высылкі дыпляматаў. Узьнікае напружанасьць, фармуецца пэўная грамадзкая думка, у тым ліку ва Ўкраіне, дзе самыя гарачыя галовы пачынаюць крычаць пра санкцыі супроць Лукашэнкі. Але санкцыі супроць Лукашэнкі — гэта адно, а супроць усёй Беларусі — іншае.

Беларусь толькі-толькі неяк пачала зноў кантактаваць з кіраўніцтвам эўрапейскіх краін, да нас пачалі прыяжджаць кіраўнікі з Эўразьвязу — як зноў усё зруйнуюць, і на фоне Лукашэнкі Пуцін ужо зноў будзе не апошні дыктатар, а перадапошні. То бок мэты яны сваёй дасягнулі.

— Але скандал мог не ўтварыцца. Паводле ўкраінскай амбасады, бакі рабілі ўсё, каб вырашыць адносіны без агалоскі, але ва Ўкраіне стала вядома пра арышт Паўла Шаройкі беларускім КДБ, і стрымліваць інфармацыю стала немагчыма. Тады ўчора КДБ тэрмінова правёў брыфінг, абвясьціў імя ўкраінскага дыплямата-выведніка, сёньня ў адказ Украіна выслала беларускага дыплямата. Але ж Шаройку затрымалі амаль месяц таму, калі яшчэ не было дакладна вядома, ці запросяць Аляксандра Лукашэнку ў Брусэль. Хіба ня так?

— Не, патрэбны ж быў для праўдзівасьці нейкі тэрмін, што ён пачаў даваць паказаньні, іх правяралі, здаў агентаў і гэтак далей. Насамрэч усё было падрыхтавана, і толькі чакалі моманту, каб нанесьці ўдар у дзясятку. Учора гэты момант наступіў, калі Лукашэнка вагаўся, ці ехаць у Брусэль. Вось яны і нанесьлі ўдар у дзясятку.

А калі б яны пра гэта паведамілі адразу пасьля арышту Шаройкі, дык за той час нешта магчыма было б зьнівэляваць, зьняць напругу. А так — ужо няма часу. Бо як ён можа паехаць зараз у Брусэль, да ворагаў, якія супроць яго шпіёняць? Гэта ж была б іншая сытуацыя, ён бы падняўся адразу на другі ўзровень адносін. Там зь ім будуць размаўляць, дамаўляцца пра нешта, а з Пуціным жа ніхто сустракацца ня хоча, яго кіраўнікі самых уплывовых краін пазьбягаюць.

КДБ: Затрыманы ўкраінскі журналіст Шаройка прызнаўся, што ён выведнік і стварыў агентурную сетку

— Як мяркуеце, чым адзначаць беларускіх спэцслужбоўцаў, якія затрымалі Шаройку і выкрылі «шпіёнскую сетку»? Дадуць узнагароды і зоркі на пагоны — ці звольняць?

— Звычайна выведнікаў узнагароджваюць ціха і без рэклямы. Мне цяжка сказаць, як будзе ў дадзеным выпадку. З аднаго боку, нібыта гэта вынік напружанай працы, але з другога — гэты вынік, аказваецца, адмоўна адбіваецца на палітычных інтарэсах кіраўніцтва.

Дык ён станоўчы ці ўсё ж не? Гэта ўжо будзе залежаць ад таго, як ацэніць кіраўніцтва. І ці захоча ацэньваць? Пра гэта трэба ўжо спытаць у Лукашэнкі. Ён насамрэч мог гэтай тэмы да канца ня ведаць, але перад Брусэлем у КДБ неяк інакш маглі б дзейнічаць. Спытаць, ці ня варта пачакаць, а ўжо пасьля...

Але гэтага не адбылося. Таму тут бачная пэўная роля спэцслужбаў.

Узгадайце, колькі было падобных сытуацый з боку спэцслужбаў

Узгадайце, колькі было падобных сытуацый з боку спэцслужбаў. 2010 год, прэзыдэнцкія выбары. Перад самімі выбарамі паведамляюць на ўсю краіну пра гараж са зброяй. Лукашэнка як кіраўнік краіны мусіў аддаваць загады аб забесьпячэньні бясьпекі, быў жорсткі разгон Плошчы, хваля рэпрэсій. Але куды потым падзелася тая зброя? Дзе яна, увогуле ці была?

Сёлета ўсё паўтарылася амаль аднолькава. Напярэдадні мітынгу на Дзень Волі на ўсю краіну паказалі бутэлькі з гаручай сумесьсю, што рыхтуюцца правакацыі, потым арыштавалі некалькі дзясяткаў чалавек па крымінальнай справе, падчас акцыі затрымалі некалькі соцень. А ў выніку атрымліваецца, што ніхто нічога не рыхтаваў, справа развалілася. Дык што з бутэлькамі, хто іх туды прывёз, да Акадэміі навук?

То бок перад нейкай важнай палітычнай падзеяй заўсёды з падачы нашага КДБ усплывае нейкая фэйкавая інфармацыя, якая прымушае грамадзян думаць у кірунку, які патрэбны гэтым людзям. А як гэта ацэніць Лукашэнка — паглядзім па выніках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG