Выступаючы амаль гадзіну і 50 хвілін, Дональд Трамп выкарыстаў сумеснае пасяджэньне палат Кангрэсу, каб назваць дасягненьні сваёй адміністрацыі пачаткам «залатога веку», піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Прамова стала магчымасьцю засяродзіцца на ўнутранай палітыцы напярэдадні прамежкавых выбараў у Кангрэс у лістападзе гэтага году, але Трамп таксама паўтарыў ключавыя прыярытэты ў зьнешняй палітыцы і глябальнай бясьпецы.
Іран
Трамп некалькі хвілін абмяркоўваў Іран, які ён прадставіў як наўпростую і сталую пагрозу, а таксама ўзгадаў вайсковыя ўдары ЗША па ім у чэрвені мінулага года.
«Пасьля [апэрацыі] „Паўночны молат“ іх папярэдзілі, каб яны не рабілі ніякіх спроб у будучыні аднавіць сваю праграму ўзбраеньня, у прыватнасьці ядзерную зброю. Тым не менш, яны працягваюць і пачынаюць усё спачатку», — сказаў ён.
«Я аддаю перавагу вырашыць гэтую праблему дыпляматычным шляхам, — сказаў Трамп.— Але адно можна сказаць дакладна: я ніколі не дазволю галоўнаму спонсару тэрору ў сьвеце, якім яны, безумоўна, зьяўляюцца, мець ядзерную зброю. Нельга гэтага дапусьціць».
Яго словы прагучалі на фоне маштабнага нарошчваньня амэрыканскай вайсковай сілы на Блізкім Усходзе і напярэдадні далейшых перамоваў паміж ЗША і Іранам, заплянаваных на 26 лютага. Перамовы ў першую чаргу сканцэнтраваныя на ядзернай праграме Ірана, якая, як настойвае Тэгеран, прызначана для мірных, грамадзянскіх мэтаў, такіх як вытворчасьць электраэнэргіі.
«На працягу дзесяцігодзьдзяў палітыка Злучаных Штатаў заключалася ў тым, каб ніколі не дазваляць Ірану атрымаць ядзерную зброю. Шмат дзесяцігодзьдзяў», — сказаў Трамп.
Згадваючы клерыкальнае кіраўніцтва Ірану з часоў рэвалюцыі 1979 года, ён сказаў:
«З таго часу, як яны захапілі кантроль над гэтай гордай нацыяй 47 гадоў таму, рэжым і яго забойцы распаўсюджвалі толькі тэрарызм, сьмерць і нянавісьць».
Трамп далей заявіў, што падчас нядаўніх унутраных хваляваньняў іранскія ўлады «забілі, здаецца, прынамсі 32 000 пратэстоўцаў у сваёй краіне».
Праваабарончыя групы налічылі каля 7000 загінулых, але шырока распаўсюджана меркаваньне, што рэальная колькасьць значна вышэйшая. Трамп завяршыў свае камэнтарыі па Іране папярэджаньнем:
«Ніводная нацыя ніколі не павінна сумнявацца ў рашучасьці Амэрыкі. У нас самая магутная армія на Зямлі».
Украіна
Гэтаму разьдзелу яго прамовы папярэднічалі кароткія заўвагі па Ўкраіне, дзе паўнамаштабнае ўварваньне Расеі доўжыцца ўжо пяты год. Трамп заявіў, што яго адміністрацыя «вельмі старанна працуе», каб спыніць вайну, маючы на ўвазе некалькі месяцаў перамоваў, якія працягваліся на мінулым тыдні трохбаковымі сустрэчамі ў Жэнэве.
Пасьля апошняга раунда перамоваў галоўны пасланьнік Трампа Стыў Ўіткаф сказаў, што быў дасягнуты «значны прагрэс», не ўдаючыся ў падрабязнасьці, і дадаў, што «абодва бакі пагадзіліся працягваць працаваць над дасягненьнем пагадненьня».
Заўвагі Трампа не ўтрымлівалі падрабязнасьцяў, але ён зноў вярнуўся да жахлівай цаны канфлікту.
«Дваццаць пяць тысяч салдат гінуць кожны месяц. Падумайце пра гэта, дваццаць пяць тысяч салдат гінуць штомесяц», — сказаў ён.
Лічбы аб стратах недаступныя для грамадзкасьці і ня могуць быць правераны незалежна. Але ў адным нядаўнім дакладзе назнавна, што колькасьць забітых, параненых і зьніклых без вестак складае 1,2 мільёна расейцаў і 500-600 тысяч украінцаў. Паўтараючы сваё ўжо знаёмае перадвыбарчае сьцьвярджэньне, Трамп дадаў, што вайны «ніколі б не было, калі б ён быў прэзыдэнтам».
Гэтыя заўвагі прагучалі ў той час, як эўрапейскія лідэры выкарысталі чацьвёртую гадавіну вайны, каб пацьвердзіць падтрымку Кіева, паколькі пытаньні адносна доўгатэрміновай стратэгіі Вашынгтона застаюцца.
Энэргетыка, тарыфы
Зьнешняя палітыка была цесна зьвязаная з унутранай эканамічнай праграмай Трампа. Ён рэклямаваў пашырэньне здабычы нафты і газу ў рамках сваёй палітыкі «бурыць, дзетка, бурыць», сьцьвярджаючы, што павелічэньне здабычы ў ЗША — разам з тым, што ён назваў «сьветлым новым пачаткам» у Вэнэсуэле — дапаможа зьнізіць сусьветныя цэны на энэрганосьбіты.
Назваўшы Вэнэсуэлу «нашым новым сябрам і партнэрам», Трамп заявіў, што ЗША забясьпечылі сабе 80 мільёнаў барэляў нафты пасьля зьвяржэньня даўняга лідэра гэтай краіны Нікаласа Мадура.
Што да гандлю, Трамп заявіў, што тарыфы, якія выплачваюцца замежнымі краінамі, у рэшце рэшт «заменяць сучасную сыстэму падаходнага падатку» і палегчаць фінансавую нагрузку на амэрыканцаў. На працягу ўсёй прамовы Трамп неаднаразова вяртаўся да цэнтральнай тэмы: адраджэньня Амэрыкі.
У той час як прамова Трампа была сустрэта воплескамі і авацыяй з боку рэспубліканцаў, дэмакраты сядзелі ў поўнай цішыні. Дзясяткі зь іх наогул байкатавалі выступ, правёўшы асобную імпрэзу ў іншым месцы ў Вашынгтоне, дзе яны раскрытыкавалі Трампа па шэрагу пытаньняў.
«Я не прысутнічаю на прамове аб становішчы краіны сёньня ўвечары, таму што гэта незвычайны час, і дэмакраты павінны перастаць паводзіць сябе нармальна», — сказаў сярод іншых сэнатар-дэмакрат Крыс Мэрфі.