Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў пра дадатковыя тарыфы пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ЗША

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, архіўнае фота
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, архіўнае фота

20 лютага Вярхоўны суд ЗША прызнаў неадпаведнымі Канстытуцыі краіны маштабныя гандлёвыя тарыфы, уведзеныя прэзыдэнтам Дональдам Трампам.

На брыфінгу з нагоды рашэньня Вярхоўнага суду прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яму «абсалютна сорамна» за судзьдзяў, якія галасавалі супраць ягоных тарыфаў. Паводле яго, яны дзейнічалі пад уплывам замежных інтарэсаў.

Пры гэтым прэзыдэнт ЗША сказаў, што ён мае магчымасьць захаваць цяперашні ўзровень тарыфаў і нават увесьці дадатковыя празь іншыя мэханізмы, якія Вярхоўны суд прызнаў адпаведнымі закону. Ён заявіў, што ЗША ўвядуць дадатковыя 10-працэнтныя тарыфы супраць ўсіх краінаў на падставе такіх мэханізмаў і пачнуць расьсьледаваньні, каб «абараніць нашу краіну ад несправядлівай гандлёвай практыкі іншых краін і кампаній».

Рашэньне Вярхоўнага суду, прынятае 6 галасамі супраць 3, тычыцца тарыфаў, уведзеных у адпаведнасьці з законам аб надзвычайных паўнамоцтвах, у тым ліку маштабных «узаемных» тарыфаў, якія ён увёў датычна амаль кожнай іншай краіны, паведамляла агенцтва Associated Press.

Большасьць судзьдзяў пастанавіла, што Канстытуцыя ЗША «вельмі выразна» дае Кангрэсу паўнамоцтвы ўводзіць падаткі, у тым ліку тарыфы. Стваральнікі Канстытуцыі «не перадавалі ніякай часткі падатковых паўнамоцтваў выканаўчай уладзе», — напісаў у вэрдыкце старшыня Вярхоўнага суду Джон Робэртс.

Судзьдзі Сэмюэл Аліта, Кларэнс Томас і Брэт Кавана выказалі нязгоду з рашэньнем.

«Тарыфы, пра якія ідзе гаворка, могуць быць разумнай палітыкай, а могуць і не. Але з пункту гледжаньня тэксту, гісторыі і прэцэдэнтаў яны, відавочна, законныя», — напісаў Кавана.

У рашэньні, прынятым большасьцю, не разглядаецца пытаньне аб тым, ці могуць кампаніі атрымаць кампэнсацыю за мільярды, якія яны агулам ужо заплацілі ў выглядзе тарыфаў. Многія кампаніі, у тым ліку сетка буйных крамаў-складоў Costco, ужо падалі пазовы ў суды ніжэйшай інстанцыі, каб вярнуць гэтыя грошы.

Паводле фэдэральнай статыстыкі, якую цытуе Associated Press, па стане на сьнежань Міністэрства фінансаў ЗША сабрала больш за 133 мільярды даляраў з імпартных падаткаў, якія прэзыдэнт краіны ўвёў у адпаведнасьці з законам аб надзвычайных паўнамоцтвах.

Рашэньне Вярхоўнага суду аб тарыфах не перашкаджае Трампу ўводзіць пошліны ў адпаведнасьці зь іншымі законамі, хоць гэта мае накласьці абмежаваньні на хуткасьць і маштаб дзеяньняў прэзыдэнта ЗША.

XS
SM
MD
LG