Украіна ўступіла ў пяты год поўнамаштабнай вайны, якую вядзе Расея. Гэта найбуйнейшы ўзброены канфлікт Эўропы з часоў Другой усясьветнай вайны. Украінскія войскі стрымліваюць разбуральныя атакі ў замарожаных акопах, у той час як мірныя жыхары штоноч сутыкаюцца з ударамі бесьпілётнікаў і ракет, якія парушаюць энэргазабесьпячэньне ў суровую зімовую пару, піша ў сваім артыкуле на Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода журналіст Рэй Фурлонг.
Ацэнкі колькасьці загінулых адрозніваюцца, але ў адным зь нядаўніх спавешчаньняў колькасьць забітых, параненых і зьніклых бязь вестак расейцаў ацэньваецца ў 1,2 мільёна чалавек, а ўкраінцаў — у 500 000–600 000.
Вайна вымусіла мільёны ўкраінцаў пакінуць свае дамы. Усясьветны банк напярэдадні гадавіны заявіў, што аднаўленьне эканомікі Ўкраіны будзе каштаваць 588 мільярдаў даляраў на працягу дзесяцігодзьдзя. Але каб гэта пачалося, вайна павінна скончыцца.
Мірныя перамовы
Мірныя перамовы пад кіраўніцтвам ЗША, распачатыя прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам пасьля яго ўступленьня на пасаду ў студзені 2025 году, не дасягнулі выразнага прарыву, хоць украінскія чыноўнікі заяўляюць, што далейшыя перамовы могуць адбыцца пазьней на гэтым тыдні.
У час перамоваў мінулага тыдня галоўны пасланьнік ЗША Стыў Віткаф паведаміў пра «значны прагрэс», не даючы падрабязнасьцяў, дадаўшы, што «абодва бакі пагадзіліся… працягваць працаваць над дасягненьнем пагадненьня».
«Я думаю, зь цягам часу абодва бакі адчуваюць даволі вялікі ціск — як эканамічны, так і замежнапалітычны — з боку Злучаных Штатаў», — сказаў палітычны аналітык Антон Пянькоўскі ў інтэрвію радыё «Свабода». «Цяпер мы насамрэч чуем усё больш і больш канкрэтных пытаньняў аб тэрыторыях, праблеме Данбасу, з абодвух бакоў», — дадаў ён.
Пасьля месяцаў перамоваў так званае тэрытарыяльнае пытаньне застаецца адным з галоўных каменяў спатыкненьня. Пуцін патрабуе, каб Украіна бяз бою перадала частку Данбасу, якую расейскае войска ня здолела захапіць за чатыры гады поўнамаштабнай вайны.
Гэта пытаньне, па якім прэзыдэнт Уладзімір Зеленскі адмовіўся саступіць, заявіўшы, што яму патрэбны рэфэрэндум і што ўкраінцы ніколі на яго не пагодзяцца. У сваім звароце з нагоды чацьвёртай гадавіны ўварваньня Расеі Зеленскі заявіў, што Ўкраіна зробіць «усё», каб забясьпечыць мір і справядлівасьць.
«Пуцін не дасягнуў сваіх мэтаў. Ён не зламаў украінцаў. Ён ня выйграў гэтай вайны. Мы захавалі Ўкраіну і зробім усё, каб забясьпечыць мір і справядлівасьць», — сказаў ён у відэазвароце, апублікаваным 24 лютага.
Лідэры пацьвярджаюць падтрымку Ўкраіны
Эўрапейскія лідэры адзначылі гадавіну вайны Расеі супраць Украіны, пацьвярджаючы сваю падтрымку Кіева і асуджаючы агрэсію Масквы.
Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр, абвяшчаючы аб новым пакеце ваеннай і гуманітарнай падтрымкі, сказаў: «Расея ня выйграла гэтай вайны. Яны ня выйграюць гэтай вайны». І дадаў: «Мы будзем падтрымліваць украінцаў, пакуль ня будзе справядлівага і трывалага міру — і пасьля яго».
Толькі ў Кіеве з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня расейскае войска па стане на канец студзеня 2026 году пашкодзіла 2960 шматкватэрных дамоў, зь іх 1520 — у 2025 годзе, у выніку авіяўдараў. Акрамя таго, паводле зьвестак кіеўскай гарадзкой улады, з 22 лютага 2022 году ў выніку расейскіх абстрэлаў ва ўкраінскай сталіцы былі пашкоджаныя: 330 навучальных і навуковых устаноў; 59 устаноў аховы здароўя, 140 прыватных дамоў, 93 адміністрацыйныя будынкі, 15 устаноў сацыяльнага забесьпячэньня, 39 аб’ектаў культуры, 151 аб’ект транспартнай інфраструктуры, 484 аб’екты жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, 11 аб’ектаў спартовай інфраструктуры, 1 царква.
«Гэтая вайна — трайная няўдача для Расеі: ваенная, эканамічная і стратэгічная», — заявіў 24 лютага прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон. «Аднойчы расейцы зразумеюць маштаб злачынства, учыненага ад іх імя, пустату выкарыстаных падстаў і доўгатэрміновыя разбуральныя наступствы для ўласнай краіны», — дадаў ён.
Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ падкрэсьліў, што ўкраінскі народ заслугоўвае справядлівага і трывалага міру. «Іх бясьпека — гэта нашая бясьпека», — сказаў ён падчас цырымоніі ў Брусэлі.
Цырымоніі ў Кіеве
Прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Ўрсуля фон дэр Ляен і прэзыдэнт Эўрапейскай рады Антонію Кошта прысутнічалі на афіцыйнай цырымоніі ўшанаваньня памяці, а таксама наведаюць энэргетычную інфраструктуру, пашкоджаную расейскімі ракетнымі ўдарамі.
«Эўрапейскі зьвяз цьвёрда і непахісна салідарны з украінскім народам — з тымі, хто страціў блізкіх, з тымі, хто быў паранены, і з усімі, хто працягвае цярпець гэтыя несправядлівыя пакуты», — сказаў Кошта перад паездкай у Кіеў.
У Кіеў таксама прыехалі правадыры балтыйскіх краін і Харватыі.
Эўрапейскія краіны імкнуліся кампэнсаваць страты пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вырашыў значна скараціць ваенную падтрымку Ўкраіны. Згодна са схемай NATO, эўрапейскія краіны цяпер закупляюць амэрыканскую зброю і іншую вайсковую тэхніку для Ўкраіны, захоўваючы пры гэтым свае ўласныя пастаўкі ў Кіеў.
Летась эўрапейскія дзяржавы разам з Канадай і іншымі хаўрусьнікамі стварылі «Кааліцыю ахвочых» для каардынацыі падтрымкі Ўкраіны і плянаваньня патэнцыйнай пасьляваеннай міратворчай місіі або «сілы заспакаеньня».
Гарантыі бясьпекі
Пэрспэктыва разьмяшчэньня заходніх войскаў ва Ўкраіне зьяўляецца часткай ключавых патрабаваньняў Кіева да міру: жыцьцяздольныя гарантыі бясьпекі, каб не дапусьціць, каб Масква скарысталася любым зацішшам у баявых дзеяньнях, каб проста пераўзброіцца і зноў напасьці на Ўкраіну ў будучыні.
Гэта таксама камень спатыкненьня, бо чыноўнікі Крамля неаднаразова заяўлялі, што разгортваньне заходніх войскаў ва Ўкраіне было б непрымальным. Многія аналітыкі сьцьвярджаюць, што Расея насамрэч ня хоча міру.
«Плян у вычарпаньні здольнасьці Ўкраіны супраціўляцца застаецца актуальным», — напісаў 23 лютага Джэк Уотлінг з Каралеўскага інстытуту аб’яднаных сіл у Лёндане. «Расейцы лічаць, што могуць працягваць вайну да 2027 году, і разглядаюць цяперашні перамоўны працэс як сродак для ўбіваньня кліну ў трансатлянтычны альянс».
23 лютага, уручаючы мэдалі жаўнерам, якія ваявалі ва Ўкраіне, Уладзімір Пуцін, здавалася, не жадаў спыняць сваю вайну супраць Украіны. «Вы цьвёрда стаіце на баку Расеі», — сказаў ён ім. «Мы ўшаноўваем усіх тых, хто, рызыкуючы жыцьцём, з мужнасьцю і адвагай, зь любоўю да Расеі, стаіць на нашых межах», — дадаў Пуцін, прытрымліваючыся лініі Крамля, што Расея абараняе сябе, хоць на самой справе яна акупуе вялікія тэрыторыі Ўкраіны і імкнецца захапіць яшчэ большыя.
Жыхарка Краматорску, гораду на ўсходзе Ўкраіны, які неаднаразова бамбілі расейцы, заявіла Радыё Свабода, што шырока распаўсюджанае жаданьне міру адчуваецца, бо вайна ўступае ў пяты год.
«Хацелася б, каб яны дамовіліся пра нешта добрае. Мы маліліся за гэта. Людзі так шмат пацярпелі», — сказала яна. Але, ледзь-ледзь яна скончыла гаварыць, як грымнуў гучны выбух.
Форум