Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада Ірану пад ціскам унутры краіны і з-за мяжы рыхтуецца да трэцяга раўнду перамоваў з ЗША

Знішчальнік F-35C Lightning II рыхтуецца да запуску з палубы авіяносца USS Abraham Lincoln у Аравійскім моры 15 лютага 2026
Знішчальнік F-35C Lightning II рыхтуецца да запуску з палубы авіяносца USS Abraham Lincoln у Аравійскім моры 15 лютага 2026

Іранскі ўрад пад ціскам узмацнелай апазыцыі ўнутры краіны і пагрозы ваеннага ўдару ЗША, відавочна, гатовы да трэцяга раўнду перамоваў. Яны адбудуцца пры пасярэдніцтве Аману на гэтым тыдні.

Міністар замежных справаў Аману Бадр аль-Бусаідзі 22 лютага заявіў, што перамовы адновяцца 26 лютага ў Жэнэве «з пазытыўным імпульсам, каб далей прайсьці па шляху да завяршэньня пагадненьня» аб ядзернай праграме Ірану. У асобных заўвагах іранскі ўрад прапанаваў правесьці перамовы ў гэты дзень у Швайцарыі. Амэрыканскія службоўцы пакуль не камэнтавалі сытуацыі, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Вашынгтон, разам з Ізраілем і іншымі краінамі Захаду, абвінавачвае Тэгеран у намеры стварыць ядзерную зброю. Адміністрацыя ЗША цісьне на Іран, каб той пагадзіўся скараціць сваю ядзерную праграму, паводле Тэгерану, прызначаная для мірных, цывільных мэтаў, такіх як вытворчасьць электраэнэргіі.

Папярэджаньні Трампа

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп таксама папярэдзіў Тэгеран аб недапушчэньні далейшага гвалту супраць антыўрадавых дэманстрантаў і пагражаў ваеннымі дзеяньнямі супраць рэжыму. Трамп адправіў у рэгіён дзьве ўдарныя групы авіяносцаў зь дзясяткамі зьнішчальнікаў і бамбавікоў, іншыя вайсковыя самалёты і сілы падтрымкі былі заўважаныя падчас іх перадысьлякацыі на авіябазы на Блізкім Усходзе.

У прамове, якая трансьлявалася ў жывым этэры дзяржаўнай тэлевізіі 21 лютага, прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян заявіў, што яго краіна не паддасца ціску вялікіх дзяржаваў.

Знакі надзеі

Аднак у допісе ў сацыяльных сетках 22 лютага Пэзэшкіян, якога многія назіральнікі лічаць адносна памяркоўным, заявіў, што папярэднія перамовы «далі сыгналы надзеі». Тэгеран заявіў, што акурат распрацоўвае праект пагадненьня, якое дазволіла б унікнуць ваенных дзеяньняў.

«Я спадзяюся, што калі мы зноў сустрэнемся, імаверна [26 лютага] у Жэневе, мы зможам папрацаваць над гэтымі элемэнтамі, падрыхтаваць добры тэкст і хутка дасягнуць угоды», — заявіў міністар замежных справаў Ірану Абас Аракчы ў этэры CBS-TV 22 лютага.

«Калі ЗША нападуць на нас, то мы маем поўнае права абараняцца», — сказаў Аракчы. Тым ня менш, дадаў ён, «ёсьць добры шанец знайсьці дыпляматычнае рашэньне».

Трамп «зьдзіўлены» пазыцыяй Ірану

Тым часам пасланьнік ЗША Стыў Уіткаф заявіў, што Трамп задаваўся пытаньнем, чаму Тэгеран не «капітуляваў» перад абліччам масавага нарошчваньня амэрыканскіх вайсковых сілаў паблізу Ірану.

У інтэрвію Fox News, запісаным 19 лютага і выпушчаным у этэр 22 лютага, Уіткаф сказаў, што Трамп зьдзіўлены пазыцыяй Ірану пасьля ягонага папярэджаньня аб магчымасьці ваеннай атакі ў выпадку, калі лідэры краіны ня змогуць пагадзіцца на новую ядзерную ўгоду.

«Я не хачу ўжываць слова «расчараваны», бо ён разумее, што мае мноства альтэрнатыў, але яму цікава, чаму яны гэтага не зрабілі... Я не хачу ўжываць слова «капітулявалі», але чаму яны не капітулявалі?», — сказаў Уіткаф.

«Чаму пад такім ціскам, з такой значнай морскай сілай і вайскова-морскім флётам, чаму яны не прыйшлі да нас і не сказалі: «Мы сьцьвярджаем, што ня хочам ужываньня зброі, таму мы гатовыя зрабіць тое і тое»? Так, усё ж іх даволі цяжка давесьці да гэтага».

У 2015 годзе Іран пагадзіўся на знакавую ядзерную ўгоду зь вялікімі дзяржавамі — Сумесны ўсебаковы плян дзеяньняў (анг. JCPOA), накіраваную на тое, каб перадухіліць распрацоўку Іранам ядзернай зброі ў абмен на зьмякчэньне эканамічных санкцыяў. Аднак пасьля таго, як Трамп у 2018 годзе, у свой першы тэрмін, вывеў Злучаныя Штаты з пагадненьня і зноў увёў санкцыі супраць Тэгерану, апошні пачаў адмаўляцца ад сваіх абавязаньняў.

Масавыя вулічныя пратэсты

Унутры краіны іранскі ўрад у апошнія месяцы сутыкнуўся з ростам апазыцыі. Паводле зьвестак праваабарончых групаў, у агульнанацыянальных пратэстах, якія ўспыхнулі ў канцы сьнежня 2025 году, былі забітыя ня менш за 7000 чалавек, але лічыцца, што рэальна ахвяраў значна больш. Паведамляюць, што большасьць забойстваў адбылася 8–10 студзеня, на піку рэпрэсіяў.

Апошняя акцыя пратэсту адбылася 22 лютага каля Тэхналягічнага ўнівэрсытэту імя Аміра Кабіра, дзе студэнты сутыкнуліся з салдатамі з Басіджу, добраахвотніцкага паўвайсковага фармаваньня, якое адыграла важную ролю ў здушэньні папярэдніх палітычных пратэстаў. На відэа ў сацыяльных сетках можна пачуць, як студэнты скандавалі антыўрадавыя лёзунгі. Іншыя размахвалі іранскім нацыянальным сьцягам.

Раней паведамлялі пра падобныя мітынгі ў пяці іншых унівэрсытэтах па ўсёй краіне, у тым ліку ў Тэгеранскім унівэрсытэце Шарыфа. Тэгеранскія ўнівэрсытэты часта станавіліся месцам студэнцкіх пратэстаў пасьля рэвалюцыі 1979 году, якія прыводзілі да жорсткіх рэпрэсіяў сілавых структураў.

Угода аб пастаўках расейскай зброі ў Іран

Тым часам у артыкуле The Financial Times, які можа яшчэ больш абвастрыць напружанасьць паміж Іранам і Злучанымі Штатамі й Захадам, Іран пагадзіўся на сакрэтную ўгоду аб пастаўках зброі з Расеі на 589 мільёнаў даляраў, каб набыць тысячы перадавых партатыўных ракет.

У публікацыі гаворыцца, што пагадненьне было падпісана ў Маскве ў сьнежні і абавязвае Расею паставіць 500 партатыўных пускавых установак «Верба» і 2500 ракет 9М336 цягам трох гадоў. FT спасылалася на выцек расейскіх дакумэнтаў, якія бачылі яе журналісты, і на некалькіх людзей, знаёмых з пагадненьнем.

XS
SM
MD
LG