Як паведамілі дзяржаўныя іранскія і расейскія СМІ, карвэт Балтыйскага флёту «Стойкий» знаходзіцца ў порце Бэндэр-Абас у Армускай пратоцы з 14 лютага.
18 лютага Міністэрства абароны Расеі адзначыла, што гэты карабель разам з караблямі вайскова-марскога флёту Ірану правялі вучэньні «Пасэкс» у акваторыі Аманскай затокі.
«Расейскія і іранскія вайсковыя маракі сынхранізавалі дзеяньні для гарантыі бясьпекі цывільнага суднаплаўства», — удакладнілі ў расейскім Мінабароны.
Іранскае агенцтва Mehr паведаміла, што марскія вучэньні Расеі і Ірану таксама заплянаваныя і на 19 лютага.
Раней памочнік расейскага прэзыдэнта Мікалай Патрушаў і агенцтва Tasnim анансавалі на канец лютага супольныя манэўры ў Армускай пратоцы расейскіх, іранскіх і кітайскіх караблёў у межах вучэньняў «Марскі пояс бясьпекі-2026». Яны праводзяцца штогод з 2019 году паводле ініцыятывы Ірану.
Вучэньні адбываюцца на тле напружанасьці ў дачыненьнях Ірану і ЗША. Вашынгтон і Тэгеран спрабуюць дамовіцца аб ядзернай праграме. Прадстаўнікі Ірану гавораць пра прагрэс у перамовах, а ЗША назапашваюць вайсковую сілу на Блізкім Усходзе.
У студзені прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў, што адправіў да берагоў Ірану «вялікую армаду» на чале з авіяносцам «Аўраам Лінкальн». Паводле CNN, Трамп меркаваў, што можа нанесьці новы ўдар па іранскіх ядзерных аб’ектах.
Вучэньні іранскіх і расейскіх вайскова-марскіх сіл, адзначыла выданьне The Wall Street Journal, праходзяць недалёка ад «Аўраама Лінкальна». Вярхоўны лідэр Ірану Алі Хамэнэі пагражаў затапіць авіяносец.
Выданьне Axios паведаміла, што Белы дом блізкі да вайны ў рэгіёне, а кампанію будзе маштабнай і будзе працягвацца некалькі тыдняў і, імаверна, разам з ЗША ў ёй будзе ўдзельнічаць Ізраіль. Паводле адной з крыніц выданьня, Трампу надакучыў працяглы канфлікт зь Іранам. «Частка атачэньня засьцерагае ад вайны зь Іранам, але я думаю, што зь імавернасьцю 90% у найбліжэйшыя некалькі тыдняў мы пабачым баявыя дзеяньні», — сказаў Axios адзін з дарадцаў прэзыдэнта ЗША.
Форум