Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Facebook анансаваў сэрвіс знаёмстваў — проста ў сацсетцы. Сябры не пабачаць


Марк Цукербэрг з жонкай Прысцылай Чэн, архіўнае фота
Марк Цукербэрг з жонкай Прысцылай Чэн, архіўнае фота

Кампанія Facebook правяла 1 траўня канфэрэнцыю для распрацоўшчыкаў у амэрыканскім Сан Хасэ. Сярод асноўных навінак, анансаваных на канфэрэнцыі, — выдаленьне залішніх зьвестак пра сябе ў «памяці» Facebook, групавыя відэавыклікі, спрашчэньне Facebook Messanger і сэрвіс знаёмстваў, які ўжо параўноўваюць з Tinder.

У сэрвісе знаёмстваў можна будзе стварыць сабе «візытоўку» (можна і не ствараць, сэрвіс не абавязковы), якую не пабачаць карыстальнікі са сьпісу сяброў, а пабачаць толькі тыя, хто падключыў сабе сэрвіс знаёмстваў. У «візытоўцы» будзе толькі імя, але ня прозьвішча, і ня ўсе фота, а толькі выбраныя карыстальнікам. Можна будзе пазначыць мерапрыемства, на якім «чакаеце» знаёмстваў.

Альгарытмы будуць прапаноўваць візытоўкі іншых карыстальнікаў на падставе выбраных «шукальнікам» опцыяў (кшталту ўзросту і полу), а таксама на падставе ўласных «здагадак» (кшталту агульных сяброў і інтарэсаў). Пасьля «супадзеньня» (калі абодва згодныя сустрэцца) карыстальнікі змогуць пачаць тэкставую перапіску (пакуль бяз фота).

Тэсты сэрвісу маюць пачацца пазьней у бягучым годзе. Раней Facebook «дзяліўся» з дазволу карыстальніка зьвесткамі зь іншымі праграмамі знаёмстваў кшталту Tinder. Пасьля анонсу сэрвісу знаёмстваў Facebook акцыі ўладальніка Tinder абваліліся на 2 млрд даляраў.

Facebook ведае пра карыстальніка ня толькі тое, што сам карыстальнік уводзіць і запампоўвае, але і гісторыю таго, што і дзе карыстальнік націскаў на іншых сайтах у зьвязаных з Facebook кнопках і формах, а таксама іншых праграмах, якія запытвалі зьвесткі з Facebook. Цяпер у сацсетцы мае зьявіцца функцыя прагляду і ачысткі гэткай «гісторыі наведваньняў».

У мэсэнджэры WhatsApp і сацсетцы Instagram, якімі валодае Facebook, анансаваныя групавыя відэазванкі для прынамсі чатырох карыстальнікаў. Сэрвіс Instagram Stories будзе інтэграваны зь іншымі праграмамі — напрыклад, можна будзе падзяліцца спасылкай на песьню ў музычным сэрвісе Spotify. Дызайн праграмы Facebook Messenger абяцаюць перапрацаваць, зрабіць праграму «хуткай і чыстай».

Акрамя таго, ад 1 траўня пачынаюцца продажы «бюджэтных» акуляраў віртуальнай рэальнасьці Oculus Go, распрацоўшчыкаў якіх раней набыў Facebook. Акуляры «аўтаномныя», для працы ім не патрэбныя падлучаныя кампутар або тэлефон. Яны вырабляюцца сіламі кітайскай кампаніі Xiaomi, у шэрагу краінаў (у якім няма Беларусі) будуць прадавацца за 199 даляраў за базавую мадэль.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG