Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа габрэйскіх могілак у Гомлі: архітэктар падаў у суд на «Гомельскую праўду»


У Гомлі будуюць элітны дом на месцы старых габрэйскіх могілак. Фота 23 траўня 2017 году
У Гомлі будуюць элітны дом на месцы старых габрэйскіх могілак. Фота 23 траўня 2017 году

31 траўня гомельскі ўрбаніст і архітэктар Сяргей Ляпін падаў у суд позву аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Адказчыкамі па справе названая абласная дзяржаўная газэта «Гомельская праўда» і яе карэспандэнт Раман Старавойтаў.

Раман Старавойтаў і Сяргей Ляпін асьвятляюць адну і тую ж праблему — будаўніцтва 18-павярховіка ў прэстыжным раёне Гомля на вуліцы Сожаўскай. Старавойтаў піша для афіцыйнага выданьня «Гомельская праўда», Ляпін — на незалежным партале Gomel.today. Паводле мапы 1913 году, на гэтым месцы былі габрэйскія могілкі.

«Я напісаў матэрыял, у якім асьвятляў будаўніцтва шматпавярховіка на месцы, дзе, паводле мапы 1913 году, знаходзіліся могілкі. Мой матэрыял, апублікаваны ў інтэрнэце, выклікаў шэраг публікацыяў з боку выканкамаўскіх СМІ.

Я, трапіўшы на тэрыторыю будоўлі, заўважыў хібы дасьледаваньняў забудоўшчыка — у прыватнасьці, неглыбокі шурф, які зрабілі, каб высьветліць, ці ёсьць там чалавечыя парэшткі. Я зьвярнуў увагу на тое, што, па-першае, забудоўшчык шукаў парэшткі ў пласьце, які складаецца з будаўнічага сьмецьця XX стагодзьдзя, а па-другое, нейкія косткі там усё ж былі. Яны ёсьць на фатаздымках, і там бачна, што падкінуць іх было немагчыма, бо яны знаходзяцца ў зрэзе шурфа».

У артыкуле за аўтарствам Рамана Старавойтава «Хто і навошта падкінуў косьці на будпляцоўку па вуліцы Сожаўскай у Гомлі?» сьцьвярджаецца, што мэдыка-крыміналістычная экспэртыза, якую правялі на запыт гомельскай міліцыі, выявіла: «нішто з касьцявых парэшткаў, якія прадставілі для экспэртызы, чалавеку не належыць».

Таксама Старавойтаў кажа, што сваімі публікацыямі Ляпін можа нанесьці эканамічную шкоду:

«Эканамічным інтарэсам гораду наносіцца шкода, або прынамсі робяцца спробы яе нанесьці. Запушчаная інфармацыйная „качка“ з могілкамі перасьледавала рэальныя мэты: як мінімум — зьнізіць прывабнасьць кватэр у новабудоўлі, як максымум — замарозіць праект. Аднак танны трук з косткамі ўсё сапсаваў. Цяпер правакатары ўляпаліся, давер да іх падарваны».

У папярэдніх сваіх двух артыкулах, якія называюцца «Абы ляпнуць» і «Будаўнічыя аб’екты Гомля пад прыцэлам інтэрнэт-правакатараў. Чаго карціць „ляпіным“?» Старавойтаў тлумачыць, чаму актывістам выгадны скандал вакол будаўніцтва.

З гэтых назваў відаць, што сваім галоўным апанэнтам аўтар лічыць мясцовага архітэктара Сяргея Ляпіна, аўтара шматлікіх публікацый. Яго Старавойтаў называе «канапным спэцыялістам» і «непрызнаным архітэктарам».

У артыкуле Старавойтава, якія стаў падставай для скаргі, сьцьвярджаецца, што публікацыі Ляпіна — гэта «качка», укід. Ляпін палічыў гэта абразай.

«Я лічу, што публікацыя ў такім прапагандысцкім рэчышчы — абразьлівая і ня мае пад сабой аніякіх фактаў. Цяпер буду чакаць, калі прызначаць суд. Гэта павінна адбыцца на працягу двух тыдняў».

Сяргей Ляпін кажа Свабодзе: ён не перакананы, што на месцы меркаванай будоўлі захаваліся чалавечыя парэшткі, але лічыць неабходным высьветліць гэта дакладна.

«Я перакананы, што трэба на 100 адсоткаў пераканацца, ці ёсьць там парэшткі. Гэта трэба хоць бы дзеля таго, каб не парушыць беларускае заканадаўства, якое абгаворвае пытаньне будаўніцтва на месцах колішніх пахаваньняў. Павінна быць абавязковае прафэсійнае дасьледаваньне. Пакуль нам было прадэманстравана толькі аматарскае дасьледаваньне, якое нават ня выявіла тых костак, якія пасьля сфатаграфавалі актывісты».

31 траўня «Гомельская праўда» надрукавала новы артыкул Рамана Старавойтава. Там сьцьвярджаецца, што косткі, якія знайшлі на будоўлі элітнага 18-павярховіка на вуліцы Сожаўскай, — не чалавечыя.

Будоўля на спрэчнай тэрыторыі пачалася ў траўні. Адразу ж у інтэрнэце пачалі зьбіраць подпісы супраць яе. Актывісты кажуць, што, паводле пляну Гомля 1913 году, тут былі габрэйскія могілкі.

У звароце актывісты і мясцовыя краязнаўцы запатрабавалі ад Міністэрства культуры правесьці археалягічныя раскопкі, спасылаючыся на фатаздымкі, на якіх відаць, што ў зямлі шмат касьцей.

«Мы патрабуем правесьці прафэсійныя археалягічныя раскопкі на месцы старых могілак і цывілізавана паступіць з чалавечымі парэшткамі», — пішуць аўтары электроннай пэтыцыі супраць будаўніцтва элітнага гмаха на вул. Сожаўскай, 5.

Актывіст прафсаюзу РЭП з Гомля Андрэй Стрыжак тлумачыў Свабодзе, што гаворка вядзецца не пра адмену ці забарону будаўніцтва, а толькі пра грунтоўныя археалягічныя раскопкі з удзелам гісторыкаў, і ў выпадку выяўленьня чалавечых парэшткаў — пра іх перазахаваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG