Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі будуюць элітны дом на месцы старых габрэйскіх могілак


B
B

У інтэрнэце зьбіраюць подпісы супраць будаўніцтва ў Гомлі 18-павярховага дома на месцы старых габрэйскіх могілак.

Актывісты патрабуюць ад Міністэрства культуры правесьці археалягічныя раскопкі, ёсьць фатаздымкі, на якіх відаць, што ў зямлі знаходзіцца шмат касьцей. Паводле пляну Гомлю 1913 году, на месцы меркаванага будаўніцтва былі габрэйскія могілкі.

«Мы патрабуем правесьці прафэсійныя археалягічныя раскопкі на месцы старых могілак і цывілізавана паступіць з чалавечымі парэшткамі», — пішуць аўтары электроннай пэтыцыі супраць будаўніцтва элітнага гмаха на вул. Сожскай, 5.

Паведамляецца, што 10 траўня забудоўнік выкапаў тры шурфы: «прысутныя пацьвердзілі, што ў выманых масах грунту ня выяўлена чалавечых парэшткаў і што грунт зьмяшчае масы зямлі з фрагмэнтамі падмуркаў старой забудовы». Гэта стала падставай для пачатку будаўнічых работ 15 траўня.

13 мая грамадзкія актывісты наведалі месца меркаванага будаўніцтва і высьветлілі, што шурфы, выкапаныя падчас дасьледаваньня будпляцоўкі, маюць невялікую глыбіню: два шурфы каля 1 мэтра, адзін — каля 180 см. У першых двух шурфах 50 см верхняга пласта складае будаўнічае і бытавое сьмецьце ХХ стагодзьдзя. У трэцім шурфе пласт сьмецьця яшчэ большы: каля 1 мэтра. Гэта значыць, пошук могілак ХIХ стагодзьдзя адбываўся ў пласьце будаўнічага сьмецьця ХХ стагоддзя (верхні пласт 50-100 см), мінімальна паглыбляючыся ў мацерыковы (пясчаны) пласт.

На думку актывістаў, пахаваньні ў ХIХ стагодзьдзі павінны былі праводзіцца на глыбіні 100-150 см непасрэдна ў мацерыковым (пясчаным) пласьце. Да таго ж у трэцім шурфе, непасрэдна на дне і ў бакавой сьцяне, актывісты заўважылі фрагмэнты касьцяных парэшткаў невядомага паходжаньня.

Гомельскія актывісты рыхтуюць зварот у пракуратуру з апісаньнем фактаў парушэньня заканадаўства пры будаўніцтве.

Актывіст прафсаюзу РЭП з Гомлю Андрэй Стрыжак патлумачыў, што актывісты не патрабуюць адмены будаўніцтва, а толькі грунтоўных археалягічных раскопак з удзелам гісторыкаў і ў выпадку выяўленьня чалавечых парэшткаў — іх перазахаваньня.

Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

«На старым пляне Гомлю відаць, што гэтыя старыя габрэйскія могілкі складаліся зь дзьвюх частак. На правай частцы пабудаваны новы стадыён. Падчас будоўлі ў 2008 годзе рабочыя таксама выкопвалі чалавечыя парэшткі. Але толькі ў 2015 годзе была створаная нарматыўная база, якая патрабуе адмысловага абыходжаньня зь месцамі пахаваньняў. Цяпер сытуацыя іншая — ёсьць нарматыўная база і ёсьць магчымасьць рабіць розгалас. Ужо ў 1913 годзе гэта былі старыя могілкі, там не хавалі; зразумела, што з таго часу на гэтым месцы зьяўляліся пабудовы, але яны не былі настолькі капітальнымі, як шматпавярховік, які хочуць пабудаваць цяпер. 18-павярховы дом патрабуе вялікага катлавану — таму, калі там ёсьць парэшткі, яны будуць проста вывезеныя разам з будаўнічым друзам і сьмецьцем».

Стрыжак падкрэсьліў, што мэта звароту — не спыніць будаўніцтва, а дасьледаваць месца, дзе меркавана знаходзіліся могілкі, і цывізавана абысьціся з парэшткамі:

«Гэта археалягічны артэфакт. Пахаваньні, якія там могуць быць знойдзеныя, рабіліся ў ХІХ стагодзьдзі. Таму гэта вельмі важны аб’ект — можна даведацца, якім чынам нашы продкі хавалі нябожчыкаў, якія рэчы яны клалі ў пахаваньне. Усё гэта мае важнае культурнае і гістарычнае значэньне. Разам з там мы разумеем, што будоўлі ўсё роўна будуць ісьці, а ў гарадах яны непазьбежна будуць на старых могілках. Але мы патрабуем грунтоўна дасьледаваць гэтае месца і цывілізавана абысьціся з парэшткамі, калі яны там ёсьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG