Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як чытаць сымболіку габрэйскіх надмагільляў?


Друя, надмагільле з выявамі птушак
Друя, надмагільле з выявамі птушак

У большасьці гарадоў і мястэчак Беларусі сынагогі або не захаваліся, або перабудаваныя ў жылыя дамы і клюбы, нават у тэатар, як у Менску. На кірмашах даўно ўжо не гучыць ідыш, і на Кучкі (сьвята, што па-габрайску завецца Сукот, а па-расейску — «праздник Кущей») больш ня ўбачыш у габрэйскіх дварох шатроў. І толькі недзе зусім на ўскрайках, за лябірынтамі завулкаў захаваліся яшчэ габрэйскія могілкі. Але тэксты на надмагільлях тут нечытэльныя для чалавека, не знаёмага з іўрытам, а сымболіка — малазразумелая. Як зразумець, прачытаць сымбалі на габрэйскіх помніках? Гутарка з кандыдатам гістарычных навук Сяргеем Грунтовым.

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей, патлумачце, чаму габрэйскія могілкі нібы хаваюцца ад нас? Іх няпроста бывае знайсьці ў горадзе, а калі знойдзеш — як хоць нешта зразумець у гэтым нагрувашчаньні камянёў?

Сяргей Грунтоў: Няпроста знайсьці зь дзьвюх прычын. Габрэйская традыцыя прадпісвае, каб могілкі былі па-за межамі паселішча. А да таго ж, калі супольнасьць купляла зямлю для могілак, то звычайна гэта былі найтаньнейшыя землі, ня проста за мястэчкам, а часам за кілямэтар-два за ім. Адпаведна, сёньня, калі паселішчы паразросталіся, такія месцы аказваюцца на самых ускрайках і задворках. Незразумелая мова і незнаёмая сымболіка прыводзяць да адчуваньня закрытасьці. Нярэдка свой адбітак накладаюць мэнтальныя рэлікты народнай культуры. Як і ўсё незнаёмае і незразумелае, габрэйскія могілкі выклікалі ў беларусаў традыцыйнай культуры страх і дэманізаваліся. Ня трэба забывацца і пра агульны страх перад могілкамі. Чужую прастору проста так, з добрай волі не наведвалі і асьцерагаліся яе. Нейкі адгалосак такога стаўленьня, здаецца, можна яшчэ пазнаць і ў нашых сучасьніках.

Сяргей Грунтоў
Сяргей Грунтоў

Ракіцкі: Пры наведваньні габрэйскіх могілак у Беларусі часьцей за ўсё зьдзіўляе іх беднасьць у параўнаньні, скажам, з праскімі ці варшаўскімі кіркутамі (так габрэйскія могілкі называліся ў гэтым і некаторых суседніх рэгіёнах). Збольшага гэта невялікія камяні ці стэлы, якія называюцца мацэвамі, з надпісамі на іўрыце і амаль без сымболікі. Рэдкія на мацэвах і эпітафіі. Чаму так сталася?

Грунтоў: Фактараў шмат. Уплывала і параўнальная беднасьць рэгіёну (Беларусі і Літвы) у параўнаньні з заходнімі і паўднёвымі суседзямі, і адсутнасьць вапняку, зь якога збольшага зробленыя знакамітыя багатыя разьбою і арнамэнтам мацэвы ва Ўкраіне і Польшчы. У нас выкарыстоўвалі мясцовы граніт, цяжкі ў апрацоўцы камень. Верагодна, да гэтага далучалася і параўнальная кансэрватыўнасьць рэгіёну. Да таго ж наша сёньняшняе ўражаньне скажонае зьнішчэньнямі ХХ стагодзьдзя. А калі паглядзець на старыя фота і паштоўкі, дык можна пераканацца, што былі ў нас прыклады і багатых сымболікай і дэкорам могілак. Напрыклад, добра дайшлі да нас на паштоўках часоў Першай сусьветнай вайны габрэйскія могілкі ў Берасьці.

Берасьце, габрэйскія могілкі, каля 1915 году
Берасьце, габрэйскія могілкі, каля 1915 году

Ракіцкі: А што зь імі сёньня? Яны цалкам зьнішчаныя?

Грунтоў: Практычна так. На іх месцы пабудаваны стадыён, на ўскрайку якога, усім на сорам, ляжаць яшчэ некалькі старых мацэваў. Сярод іх захаваўся фрагмэнт мацэвы з выявай льва, можа, адной з тых, што мы бачым на старых паштоўках.

Ракіцкі: Адкуль жа на беларускіх мацэвах ільвы? Наўрад ці хто з тых берасьцейскіх габрэяў бачыў іх хоць раз ужывую.

Грунтоў: Ужывую — не. А вось у сынагогах, думаю, ня раз. Ільвы ўваходзяць у лік вельмі пашыранай сымболікі, напрыклад, у драўлянай разьбе, якая аздабляла сынагогу. Яны былі такімі папулярнымі, бо са Старога Запавету, ці ў гэтым кантэксьце — Танаху, вядома, што Ерусалімскі храм быў аздоблены львамі, быкамі і хэрувімамі. Таму такія выявы ахвотна выкарыстоўвалі ў аздабленьні сынагог, а пасьля і надмагільляў. Звычайна, калі на надмагільлі леў, гэта кажа пра тое, што тут пахаваны чалавек зь іменем, якое падобнае да габрэйскіх варыянтаў назвы льва — Лейба ці Ар’е, а часам Егуда. Пры гэтым, натуральна, прысутнічаюць вядомыя пазытыўныя канатацыі гэтай жывёлы — адвага, сіла, якія асацыююцца зь нябожчыкам.

Ракіцкі: Значыць, сымбаль проста адпавядае імені, сугучны зь ім. А іншыя прыклады адпаведнасьці сымбаляў і імёнаў можна ўбачыць на мацэвах?

Грунтоў: Так, і даволі шмат. На тых жа фатаздымках зь берасьцейскіх могілак мы можам разгледзець надмагільле з аленямі. Алень адпавядаў імені Гірш, іначай Цві, частаму сярод габрэяў. Калі на надмагільлі птушка — гэта адпавядала пахаваньню жанчыны, пры гэтым магло быць зьвязана зь яе іменем — Фэйга, а калі ў птушцы мы пазнаем голуба, то яму адпавядала імя Ёна. Іншы жаночы гендэрны атрыбут — сямісьвечнік. Гэта зьвязана з традыцыяй, згодна зь якой гаспадыня запальвае сьвечкі на заходзе сонца ў пятніцу, калі рыхтуюцца сустракаць шабат. Таму здараюцца камбінаваныя варыянты, дзе побач зь сямісьвечнікам — выява птушкі.

Дунілавічы, надмагільле з ільвамі і сямісьвечнікам
Дунілавічы, надмагільле з ільвамі і сямісьвечнікам

Ракіцкі: Такое сымбалічнае ўвасабленьне атрымлівалі толькі імёны, ці і прозьвішчы, родавая прыналежнасьць таксама?

Грунтоў: Разгорнутай геральдычнай сыстэмы, падобнай да той, што прысутнічае на шмат якіх хрысьціянскіх помніках, вядома, не існавала, бо інстытут шляхецтва для габрэяў быў закрыты. Але гэта не адмяняе складанай сацыяльнай герархіі ўнутры габрэйскай супольнасьці, у тым ліку сацыяльных статусаў, якія атрымлівалі праз нараджэньне. Да ліку апошніх адносілася, напрыклад, саслоўе коэнаў, ці інакш когенаў, якія вялі сваю генэалёгію ад Аўраама і былі сьвятарамі. Яны мелі высокі сацыяльны статус, а на іхніх надмагільлях можна ўбачыць выявы дзьвюх рук з адмыслова, па два, складзенымі пальцамі. Гэта нішто іншае, як знак рытуальнага дабраславеньня. Іншую такую групу складаюць левіты — нашчадкі роду Левія. Традыцыйна яны дапамагаюць у набажэнствах, і, у прыватнасьці, падносяць коэну збан з вадою для рытуальнага абмываньня рук. Таму на іхніх надмагільлях можна пабачыць выяву таго самага збана.

Ракіцкі: Ці можна сказаць, што рашэньне, які сымбаль выкарыстаць на надмагільлі, было жорстка прадвызначана? Ці былі варыянты выбару?

Грунтоў: Ну, калі звалі нябожчыка Лейба, а прозьвішча, напрыклад, было Кагановіч, што паказвае на сувязь з родам коэнаў, то маглі ня льва, а рукі разьмясьціць на мацэве. А левітам адпавядаў ня толькі збан, але і, радзей, выявы музычных інструмэнтаў. Яны, у сваю чаргу — асабліва скрыпка — маглі азначаць проста магілу клезмэра, габрэйскага музыкі.

Шарашова, габрэйскія могілкі
Шарашова, габрэйскія могілкі

Ракіцкі: Значыць, у Беларусі на мацэвах можна і скрыпку пабачыць?

Грунтоў: Мне асабіста пакуль не пашчасьціла. Аднак думаю, што яны сустракаліся. У Камянецкім раёне мне ўдалося запісаць фальклёрны сюжэт акурат пра такі камень. Адзін мясцовы мужык узяўся будаваць сабе хату і прыцягнуў вялікі камень, каб падкласьці пад кут у падмурку. На тым камені была выява скрыпкі, і ўсе сталі яго адгаворваць — маўляў, нічога добрага з гэтага ня выйдзе. Мужык аказаўся ўпарты, камень той скарыстаў, над ім пабудаваў дом. І вось у першы ж дзень, як яны засяліліся зь сям’ёю і леглі спаць, пачулі, як нешта ціха пілікае і плача. Сталі шукаць, адкуль гук, нічога не знайшлі, а плач спыніўся толькі пад ранак. Так паўтаралася кожную ноч, і ніякія сродкі не дапамагалі, ні малітвы, ні сьвятая вада. У выніку гаспадар мусіў разваліць кут, выцягнуць той камень і вывезьці на старое месца, а пад кут пакласьці іншы. Інфармант, ад якога быў зроблены запіс, габрэйскае паходжаньне каменя ніяк не акрэсьлівае, але з улікам таго, што выява скрыпкі на хрысьціянскіх надмагільлях не выкарыстоўваецца, мяркую, справа тут ідзе менавіта пра мацэву.

Ракіцкі: А ўсё ж ці ёсьць у габрэйскай сымболіцы нешта, што аб’ядноўвае яе з хрысьціянскай, што мы можам зразумець без дадатковага заглыбленьня ў лябірынты незнаёмай традыцыі?

Грунтоў: Думаю, што такія зразумелыя выявы трэба шукаць сярод сымбаляў сьмерці і страты. Яны меней зьвязаныя з рэлігійнай традыцыяй і больш інтуітыўна зразумелыя любому чалавеку. На мацэвах сустракаецца сымбаль зламанай галіны ці зламанай кроны дрэва. Гледзячы на яе, мы разумеем, што перад намі вобраз страты, трагедыі завяршэньня жыцьця, а ў выпадку з галінай — сьмерці блізкага ў сям’і. Такі ж сымбаль добра вядомы на праваслаўных і каталіцкіх могілках — гэта надмагільле ў форме камля дрэва з абсечанымі сукамі. Цікава, што гэтая форма надмагільля, якая разьвілася на хрысьціянскіх могілках, стала папулярнай і сярод габрэяў. Яе выкарыстоўваюць з пачатку ХХ стагодзьдзя, пры гэтым зь дзесяцігодзьдзя ў дзесяцігодзьдзе яна ўсё ўскладняецца. На помніках 1950 — 1960-х гадоў — гэта ўжо сыстэма сплеценых ствалоў.

Асіповічы, надмагільле на габрэйскіх могілках, 1965 год
Асіповічы, надмагільле на габрэйскіх могілках, 1965 год

Ракіцкі: Ці маюць нейкую сымболіку гэтыя абсечаныя галіны, ці не схаванае і ў іх нейкае пасланьне?

Грунтоў: Гэта даволі папулярная тэорыя — ідэя таго, што колькасьць сукоў на такім помніку азначае колькасьць пражытых гадоў. Я, аднак, ня раз спраўджваў гэтыя адпаведнасьці на могілках і прамой залежнасьці ня выявіў. Думаю, што ў дачыненьні, прынамсі, да помнікаў ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя гэтая тэорыя не працуе. У той жа час на выявах з клясычных мацэваў сымболіка зламанага дрэва дапаўнялася пладамі на ім. Лічылася, што колькасьць пладоў адпавядае колькасьці дзяцей, якія засталіся сіротамі. Дарэчы, «зламанасьць» — увогуле агульны код для мовы сымбаляў і на хрысьціянскіх, і на габрэйскіх надмагільлях. На мацэвах сустракаюцца яшчэ зламаныя сьвечкі — звычайна над пахаваньнямі жанчын, і перакошаныя, зламаныя дзьверы — калі паміраў гаспадар дому. На хрысьціянскіх могілках мы сустракаем зламаныя калёны. Зламаны меч азначаў сьмерць апошняга мужчынскага прадстаўніка роду.

Ракіцкі: Аказваецца, што аб’ядноўвае нас ня так і мала. Дый у савецкі пэрыяд помнікі ўва ўсіх сталі збольшага аднолькавыя. Сяргей, а ці ёсьць на габрэйскіх надмагільлях такі ж агульны і абавязковы сымбаль, як крыж на хрысьціянскіх? Ці можна такім сымбалем назваць, напрыклад, зорку Давіда?

Грунтоў: Зорка Давіда — гэта, магчыма, першае, што прыходзіць у галаву, калі мы гаворым пра сымболіку габрэйскай культуры. Аднак на мацэвах яна зьяўляецца даволі позна, недзе ў канцы ХІХ стагодзьдзя. І зьвязана гэта з разьвіцьцём сіянісцкага руху і станаўленьнем габрэяў як палітычнай нацыі. Да таго ж, нават зьявіўшыся, яна выкарыстоўваецца ня так часта. Возьмем для прыкладу габрэйскія могілкі ў Лепелі, матэрыялы інвэнтарызацыі якіх выйшлі ў сьвет два гады таму. З 403 надмагільляў з канца XVIII да пачатку ХХІ стагодзьдзя зорка Давіда сустракаецца толькі на чатырнаццаці, пры гэтым самае раньняе зь іх датаванае 1901 годам. У гэтым сэнсе найбольш характэрнай пазнакай большасьці мацэваў трэба прызнаць дзьве літары габрэйскага альфабэту — «пэ» і «нун» — פ נ. Гэта першыя літары ад словаў «тут пахаваны».

Друя, маляванае надмагільле
Друя, маляванае надмагільле

Ракіцкі: Гэта аналягічнае каталіцкім Ś. P. — «сьвятой памяці»?

Грунтоў: Так, гэта пачатковая формула, абавязковая для стандартнай эпітафіі. Яна разьвілася цягам стагодзьдзяў. На старых праваслаўных надмагільлях мы сустракаем такія ж літары «З. П.» — «здесь покоится», або ў рэгіёнах зь вялікай колькасьцю каталікоў запазычанае «С. П.» — «сьвятой памяці». Характэрна тое, што ва ўсіх трох канфэсіях гэтыя літары пачынаюць усьведамляцца як складзены зь літараў сымбаль, які нярэдка адасоблены прасторава ад асноўнага тэксту эпітафіі. Нярэдка мы бачым вакол іх арнамэнт ці дэкаратыўную рамку.

Ракіцкі: Сяргей, калі ўжо мы закранулі сымболіку літараў, раскажыце хоць бы коратка, што звычайна напісана на мацэвах? Бо калі зразумець выявы на помніках нам цяпер стане прасьцей, дык надпісы па-габрэйску так і застануцца загадкай.

Грунтоў: Габрэйская эпітафія, прынамсі ў Беларусі, — гэта даволі стандартызаваны тэкст. З мацэвы да мацэвы паўтараюцца адны і тыя ж выразы, адхіленьні сустракаюцца параўнальна рэдка. Спачатку ідзе названая ўжо формула зь дзьвюх літар, часам яна зьмяняецца на «тут магіла». Далей стандартная характарыстыка нябожчыка. Напрыклад, для жанчын — «жанчына сьціплая, спадарыня» і далей даецца імя, да якога далучаюць «дачка такога і такога». Далей падаецца дата сьмерці па габрэйскім летазьлічэньні. Урэшце ўсё завяршаецца абавязковай фразай: «Хай будзе душа яго (яе) завязаная ў вузел жыцьця». Большасьць мацэваў на сьціплых местачковых могілках абмяжоўваюцца такім тэкстам, яшчэ і з той прычыны, што на камені няшмат месца. Натуральна, сустракаюцца і больш разгорнутыя варыянты, напрыклад, на магілах рабінаў, дзе шырэй пералічваюцца заслугі.

Ракаў, габрэйскія могілкі
Ракаў, габрэйскія могілкі

Ракіцкі: Сяргей, калі б у вас запыталіся, дзе ў Беларусі на ўласныя вочы пабачыць усё тое, пра што вы расказалі, які б быў ваш адказ? Куды лепш выправіцца ў Беларусі, каб пабачыць сапраўдныя габрэйскія могілкі?

Грунтоў: З усіх нашых габрэйскіх могілак я ў першую чаргу ўзгадаў бы кіркут у Друі. Дарога туды ня блізкая, але той, хто ў яе выберацца, будзе шчодра аддзячаны багацьцем гістарычнай архітэктуры і прыгажосьцю прыроды таго рэгіёну, а таксама ўнікальнымі габрэйскімі могілкамі. Там яшчэ засталіся каляровыя мацэвы: некалі іх расфарбоўвалі, а ня так даўно рэстаўравалі. Могілкі гэтыя вельмі маляўнічыя, а на надмагільлях багата розных сымбаляў, якія дазволяць папрактыкавацца ў атрыманых ведах. Ня трэба забывацца і пра тыя габрэйскія могілкі, якія ёсьць у нас амаль у кожным горадзе і мястэчку. Хоць часам гэта проста поле маленькіх камянёў, на якіх бачныя толькі літары эпітафіяў, але і тут можна сустрэць рукі дабраславеньня ці маленькую птушку. Разглядаючы надмагільлі на могілках, заўсёды можна чакаць неспадзяваных адкрыцьцяў.

Друя, надмагільле з ільвамі
Друя, надмагільле з ільвамі

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG