Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі зьявіліся піраміды, сфінксы і абэліскі?


Узда. Капліца-пахавальня Завішаў на каталіцкіх могілках

ХХ стагодзьдзе было нялітасьцівым да помнікаў беларускай архітэктуры. Дзясяткамі зьнішчаліся ня толькі храмы і сядзібы, але і могілкі. І ўсё ж, нават нягледзячы на такія вялікія страты, да нашага часу дайшлі тысячы надмагільляў з XIX стагодзьдзя. На могілках яны адразу кідаюцца ў вочы сваёй выразнай адрознасьцю ад сучасных помнікаў. Тут і калёны, і статуі анёлаў, і надмагільныя капліцы... Адкуль, калі, як, чаму яны зьявіліся на беларускіх землях? Гутарка з кандыдатам гістарычных навук Сяргеем Грунтовым.

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей, з вашага гледзішча, якія помнікі, што дажылі з тае пары да нашага часу, — найбольш незвычайныя, адрозныя ад таго, што нам звыкла бачыць на могілках сёньня?

Сяргей Грунтоў: Такіх помнікаў ня так і мала, таму выбар тут, здаецца, можа быць толькі суб’ектыўны.

Здаецца, тып помнікаў, які ўжо цалкам зьнік і можа выклікаць неразуменьне ў нашых сучасьнікаў — гэта імітацыі саркафагаў і трунаў. У некаторых выпадках гэта невялікія чыгунныя «скрынкі», якія ставіліся над магілай і нагадвалі невялікую дамавіну. У іншых выпадках — даволі масіўныя каменныя «саркафагі» даўжынёю ў два мэтры і больш. Унутры іх нябожчыка няма, але чалавеку недасьведчанаму гэтага не відаць.

Самы незвычайны такі саркафаг мы можам знайсьці на каталіцкіх могілках у Ваўкавыску. Ён стаіць на высокім каменным пастамэнце на чатырох ільвіных лапах і нагадвае нейкую фантастычную істоту.

Яшчэ больш незвычайнымі падаюцца помнікі, якія ўзьніклі пад уплывам захапленьня старажытным Эгіптам.

Сяргей Грунтоў
Сяргей Грунтоў

Ракіцкі: А чаму менавіта Эгіптам? У сьвеце ж нямала экзатычных культураў. Эгіпецкая культура вельмі аддаленая ў часе. Чаму не захапляліся культурамі Індыі ці Турэччыны? Што вызначае такія перавагі?

Грунтоў: Мода на розную экзотыку фармавалася ў Заходняй Эўропе, а пасьля ўжо прыходзіла да нас. Так, XVIII стагодзьдзе стала сьведкам папераменнага захапленьня кітайскай і асманскай культурамі.

Сьляды захапленьня кітайскай культурай можна і цяпер пабачыць у Нясьвіскім замку. Тут у некалькіх пакоях захаваліся фрагмэнты фрэсак, якія імітуюць кітайскія росьпісы. А знакаміты Радзівіл «Пане Каханку» ўласнаруч праектаваў цэнтральны павільён у сваёй рэзыдэнцыі Альбе на манер стамбульскай Сьвятой Сафіі, імітуючы мінарэты.

У самым канцы ХVIII стагодзьдзя прыйшла новая мода — захапленьне Эгіптам, якое пашырылася ў выніку эгіпецкай кампаніі Напалеона Банапарта, што пачалася ў 1798 годзе.

Ракіцкі: А якія праявы гэтага захапленьня можна знайсьці ў сучаснай Беларусі? Ці засталося нешта ад той моды?

Грунтоў: Бадай што самая яскравая праява гэтага захапленьня — піраміды-пахавальні. Некалькі іх дайшло да цяперашняга дня, пра іншыя мы ведаем толькі паводле крыніцаў.

Найстарэйшая і самая цікавая такая піраміда знаходзіцца ў мястэчку Ўзда. Пабудаваў яе Казімір Завіша ў 1800 годзе, гэта адна з найбольш раньніх капліц-пахавальняў у Беларусі. Цікава, што форма яе была такая незвычайная для свайго часу, што нават у апісаньні 1829 году візытатар проста не знаходзіць патрэбнага слова для яе апісаньня. Ён піша:

«капліца з каменя мураваная ў форме калёны бяз даху, але ж да самага верху да крыжа з каменя мураваная».

Узда. Капліца-пахавальня Завішаў на каталіцкіх могілках
Узда. Капліца-пахавальня Завішаў на каталіцкіх могілках

Ракіцкі: Мо візытатар проста ня ведаў слова «піраміда»?

Грунтоў: Менавіта так. Незвычайная ў гэтай пахавальні ня толькі форма. Усярэдзіне, проста ў сьценах малітоўнай залі, былі нішы для трунаў. «Мае ў сабе 27 катакомбаў», — удакладняе візытатар.

Уверсе ідуць нішы для дзяцей, унізе, дзе сьцяна таўсьцейшая, — для дарослых. Гэта надзвычай рэдкая форма пахаваньня для Беларусі, бо звычайна самі труны разьмяшчаліся ў крыпце пад зямлёю.

З таго ж візыту мы ведаем, што сьцены былі аздобленыя цытатамі зь Бібліі, якія да нашага часу не захаваліся.

На гэтым незвычайнае ў гэтай пірамідзе не сканчаецца. У верхняй яе частцы ёсьць невялікае памяшканьне з уваходам, у якое трэба было караскацца па адмыслова зробленым уступе, які ідзе па краі піраміды. Нярэдка такія поласьці рабіліся ў мураваных канструкцыях для іх аблягчэньня, але гэта ня той выпадак. На гэта паказваюць і выкладзены з цэглы праём для ўваходу, і ўступ, які да яго вядзе.

Ракіцкі: Гэтую загадку яшчэ давядзецца разгадаць будучым дасьледчыкам. Да таго ж гэта — для рамантычных і містычных фантазіяў. А дзе яшчэ ў Беларусі можна ўбачыць пахавальні-піраміды і ці падобныя яны адна да адной?

Грунтоў: Нягледзячы на тое, што піраміда адносіцца да ліку даволі простых формаў, усе пахавальні такога кшталту розныя.

Другі па значэньні помнік гэтага тыпу ў Беларусі — піраміда ў вёсцы Маліноўшчына, што ў Маладэчанскім раёне. Капліца гэтая мае больш стромкі абрыс, у ёй прысутнічаюць выразныя нэагатычныя рысы, а верх завяршаецца невялікай квадратнай плятформай, на якой раней, верагодна, быў крыж. Яе пабудавалі Сьвентажэцкія як родавую пахавальню ў 1898 годзе, хоць ёсьць вэрсіі, што раней. Пахаваньні разьмяшчаліся ў крыпце, а надмагільныя шыльды — з вонкавага боку сьценаў, пры самой зямлі.

Маліноўшчына. Капліца-пахавальня Сьвентажэцкіх
Маліноўшчына. Капліца-пахавальня Сьвентажэцкіх

Цікава, што гэтая пахавальня ахоўваецца ў нас найпільней, бо воляю лёсу яна апынулася на тэрыторыі сьпіртзаводу, і трапіць да яе можна толькі, калі атрымаеш дазвол, праз прахадную.

Ракіцкі: Зноў нейкі гістарычны кур’ёз: піраміда-пахавальня на сьпіртзаводзе, які яе ахоўвае!

Грунтоў: Так. У гэтым сэнсе па складанасьці доступу зь ёй можа параўнацца толькі піраміда ў Буйвідзах, бо ў ХХ стагодзьдзі каля яе прайшла беларуска-літоўская мяжа, і яна апынулася ўсяго за тры кілямэтры ад яе зь літоўскага боку. Цяпер мы можам проста пазайздросьціць графу Яўстафію Тышкевічу, які праплываў тут па Віліі ў 1857 годзе. Яму і ў дрэнным сьне ня мог прысьніцца такі абсурд, як мяжа ўпоперак Віленшчыны. Нават у такога дасьведчанага краязнаўцы і археоляга гэтая капліца выклікае зьдзіўленьне, і ён піша пра яе: «пахавальная капліца Радзішэўскіх, дзівацкага кшталту». Капліцу ён знаходзіць у занядбаным стане, з бусьлянкай замест крыжа на самым версе. Дзякуючы ягоным запісам можна ўявіць сабе, як яна выглядала. Напрыклад, склеп, куды граф спусьціўся па «нязручных і нерэгулярных» прыступках:

«Склеп быў цёмны, патыхаў цьвільлю, без нармальнай падлогі; пясок у ім быў такі глыбокі, што нага танула па костку, а ўзровень такі няроўны, што немагчыма было па ім ступаць з упэўненасьцю. На тым пяску стаялі тры вялікія труны і дзьве малыя дзіцячыя».

Уявіце, што ўсё адбываецца ў сьвятле паходняў, і атрымаецца вельмі атмасфэрны малюнак.

Ракіцкі: Выходзіць, што піраміды былі папулярныя сярод каталікоў, бо Завішы, Сьвентажэцкія і Радзішэўскія — гэта ж усё каталіцкія роды. А ці будавалі сабе піраміды-пахавальні праваслаўныя?

Грунтоў: У гэтым пытаньні нельга правесьці пэўнай канфэсійнай градацыі. Піраміды ўзводзілі і над праваслаўнымі пахаваньнямі.

Напрыклад, у Смалянах Аршанскага раёну каля царквы Сьвятога Аляксея ў руінах захавалася пахавальня, пабудаваная ў форме піраміды з абсечаным верхам.

У альбоме малюнкаў Дзьмітрыя Струкава з 60-х гадоў ХІХ стагодзьдзя каля адной зь віцебскіх цэркваў, якой сёньня не існуе, можна ўбачыць мураваную піраміду. Відавочна, яна выконвала функцыі пахавальні.

Ва Ўкраіне найбольш вядомыя піраміды-пахавальні былі пабудаваныя як праваслаўныя капліцы. Прыклады захапленьня эгіпецкімі матывамі сустракаюцца і на праваслаўных могілках у Расеі.

Ракіцкі: Сяргей, а ці выкарыстоўвалі ў аздабленьні надмагільных помнікаў нейкія іншыя формы з эгіпецкай культуры, акрамя пірамідаў? Наколькі часта такое можна сустрэць на беларускіх могілках?

Грунтоў: Па вялікім рахунку, усё, пра што мы гаворым, — гэта рэдкія, унікальныя прыклады. І тыя прыклады «эгіптаманіі», акрамя пірамідаў, якія можна знайсьці на нашых могілках, належаць да іх ліку. У гэтым сэнсе адзін з самых маіх любімых помнікаў — на каталіцкіх могілках у Пружанах. Гэта абэліск над склепам сям’і Чарноцкіх, пастаўлены на пачатку ХХ стагодзьдзя. У ніжняй яго частцы — вялікая барэльефная галава сфінкса. Як і ўвесь помнік, яна выразаная з моднага ў той час ружовага пясчаніку. Зрабілі гэтае надмагільле ў варшаўскай майстэрні Марцінкевіча.

Пружаны. Надмагільле Чарноцкіх
Пружаны. Надмагільле Чарноцкіх

Ракіцкі: Сфінксаў замаўлялі адмыслова ў Варшаве?

Грунтоў: Так, і ў гэтым няма нічога дзіўнага. На тэрыторыі Беларусі выяўленыя дзясяткі помнікаў з варшаўскіх майстэрняў, і пашыраныя яны ад Берасьця да Магілёва. Без сумневу, гэта быў адзін з найважнейшых шляхоў трансьляцыі эўрапейскіх трэндаў, і ў тым ліку эгіпецкіх матываў, у аздабленьні месцаў пахаваньня. Зь іншага боку, відавочна, што вызначальнае значэньне для выбару «эгіпецкага» помніка мела асабістая воля нябожчыка ці ягонай сям’і, бо захапленьне гэтае ніколі не было масавым.

Ракіцкі: Вы кажаце, што гэты помнік быў пастаўлены на пачатку ХХ стагодзьдзя. Значыць, хоць захапленьне эгіпецкай культурай і ня стала масавым, але было вельмі трывалым у часе. Мінула больш за стагодзьдзе, а гэтак званыя «эгіпецкія» помнікі працягвалі замаўляць, хоць за гэты час у архітэктуры зьмянілася шмат стыляў і трэндаў. Чым гэта патлумачыць?

Грунтоў: Думаю, справа ў тым, што эгіпецкія матывы здолелі ўстойліва ўвайсьці ў лексыкон формаў мэмарыяльнай архітэктуры. Тое самае сталася з формамі, якія былі ўласьцівыя для клясыцызму і нэаготыкі. Зьявіўшыся аднойчы, яны працягваюць выкарыстоўвацца і праз сто год. Тое самае сталася і з «Эгіптам». На падтрыманьне цікавасьці да яго ўплывалі гучныя археалягічныя адкрыцьці ХІХ — першай паловы ХХ стагодзьдзя, рэгулярныя ўзгадкі ў літаратуры і прэсе. Памятаеце, нават наш клясык зьвяртаецца да яго, калі піша сваё знакамітае «Сярод пяскоў эгіпецкай зямлі...» І, хоць гэта спэкулятыўная тэма, мы ня можам не прызнаваць, што эгіпецкая сымболіка мела вялікае значэньне для папулярных містычных вучэньняў канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя, а таксама для масонскага руху. Праўда, у нас няма ніякай інфармацыі пра тое, як ставіліся да гэтых рухаў людзі, якія замаўлялі «эгіпецкія» помнікі, таму такую сувязь можна канстатаваць толькі на ўзроўні культурнага кантэксту эпохі.

Пружаны. Надмагільле Чарноцкіх, фрагмэнт
Пружаны. Надмагільле Чарноцкіх, фрагмэнт

Ракіцкі: Але, як ні паглядзі на такі помнік, бачыш суцэльную эклектыку. З аднаго боку — галава сфінкса, зь іншага — лацінскі крыж. І ўвогуле, гэта сумесь паганскага і хрысьціянскага. Як сталася магчымым спалучыць такія неспалучальныя, здавалася б, рэчы? І як да ўсяго гэтага ставіліся сьвятары?

Грунтоў: На мой погляд, такая эклектыка — яскравая прыкмета нараджэньня мадэрнай сьвядомасьці, якая страчвае цэласнасьць і пастаянна шукае новых формаў стасункаў са сьветам і, у тым ліку, з сакральным. Як пісаў Умбэрта Эка, калі чалавек перастае верыць у Бога, ён пачынае верыць ва ўсё што заўгодна. Таму ў нашых сучасьнікаў так лёгка пабачыць у мірным суседзтве на працоўным стале ці ў кабіне аўтамабіля іконкі, кітайскія талісманы і тыя ж самыя пірамідкі. «Піраміды» і «сфінксы» стаялі каля вытокаў гэтай культурнай зьявы. Што да сьвятароў, дык дакладна вядома, што ў Заходняй Эўропе яны крытыкавалі гэтыя праявы захапленьня старажытнаэгіпецкім паганствам. Пра нашы тэрыторыі інфармацыі няма, але, думаю, што таксама яны ад такой моды былі не ў захапленьні.

Ракіцкі: Сяргей, а акрамя пружанскага сфінкса і пералічаных вамі пірамідаў, ці выяўленыя на беларускіх могілках яшчэ нейкія эгіпецкія формы?

Грунтоў: Яшчэ адзін важны помнік, пра які нельга не ўзгадаць, — надмагільная капліца Жукоўскіх у Магілёве. Гэта чатыры калёны, накрытыя чатырохсхільным дахам. Дзьве заднія калёны злучаныя сьцяною, у якой выступае невялікі аўтар. І самі чатыры калёны, і паўкалёны, што абрамляюць аўтар, імітуюць старажытнаэгіпецкія аналягі. На іх пазнаецца характэрны для Эгіпту расьлінны арнамэнт і капітэлі.

Магілёў, надмагільная капліца Жукоўскіх
Магілёў, надмагільная капліца Жукоўскіх

Самае цікавае — на фрызе над уваходам. Гэта барэльефная выява крылатага сонечнага дыска, знакаміты сымбаль старажытнаэгіпецкай культуры, вядомы таксама ад Пэрсіі да Анатоліі. Перад уваходам і на даху — стылізаваныя падстаўкі з чашамі з полымем. Дах мае форму нізкай піраміды і завершаны крыжам. Гэта ўсё няпроста ўявіць на слых, таму раю зьезьдзіць у Магілёў на старыя каталіцкія могілкі. Яны шмат у чым не саступаюць ні менскай Кальварыі, ні Фарным могілкам у Горадні, а гэты помнік дык і ўвогуле ўнікальны.

Ракіцкі: Я думаю, кожны чалавек зьдзівіцца, калі раптам заўважыць на беларускіх могілках піраміду, сфінкса ці такі вось «крылаты дыск». А ці можна, на ваш погляд, лічыць прыкладам эгіпецкага ўплыву абэліскі, якія сустракаюцца над пахаваньнямі?

Грунтоў: Добрае пытаньне. Справа ў тым, што абэліск — эгіпецкая архітэктурная форма — быў запазычаны яшчэ старажытнымі рымлянамі. У іх была ў свой час свая «эгіптаманія», і яны таксама будавалі ў Рыме піраміды. Таму сёньня немагчыма сказаць пра пэўны абэліск на могілках ХІХ стагодзьдзя, зь якой з культураў ён запазычаны. Думаю, што ўсё ж трэба казаць пра запазычаньні з клясычнай антычнасьці, бо менавіта яны фармавалі асноўны трэнд для эўрапейскай культуры ад часоў Адраджэньня да ХІХ стагодзьдзя. Для таго каб назваць абэліск «эгіпецкім», патрэбныя нейкія дадатковыя элемэнты на ім, якія б на гэта паказвалі. Але ў шырокім кантэксьце можна сказаць і так, што ўсе без выключэньня абэліскі маюць эгіпецкія карані.

Ракіцкі: Карані, якія нядрэнна прыжыліся на беларускай глебе.

Магілёў, надмагільная капліца Жукоўскіх, фрагмэнт
Магілёў, надмагільная капліца Жукоўскіх, фрагмэнт

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG