Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страта роднай мовы — на другім месцы сярод фобіяў беларусаў


У новай кнізе доктара эканамічных навук, амбасадара Беларусі ў Кітаі Кірыла Рудага «Таму што так вырашылі мы» прыведзеныя галоўныя фобіі беларусаў.

Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, праведзеных Інстытутам сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, на першым месцы — дэмаграфічная сытуацыя, зьніжэньне нараджальнасьці (37,4%), на другім — страта беларускай мовы (35,8%), на трэцім — праблемы пʼянства і наркаманіі (34,9%). Беларусаў больш хвалюе таксама экалягічная сытуацыя (28,4%), а менш — зьніжэньне ўзроўню жыцьця (24,8%) і крызіс сыстэмы (14%).

Намесьніца дырэктара Інстытуту сацыялёгіі, кандыдат сацыялягічных навук Ірына Лашук патлумачыла Свабодзе, што самі рэспандэнты ацэньвалі пагрозы, якія яны бачаць праз 10-15 гадоў:

«Сапраўды, на першым месцы — дэмаграфічныя праблемы, на другім — страта беларускай мовы. Наша выбарка рэпрэзэнтатыўная паводле пяці прыкметаў: пол, узрост, узровень адукацыі, тып населенага пункту і рэгіён пражываньня. Гэта значыць, прадстаўленыя ўсе зоны: і сельскае насельніцтва, і малыя гарады, і сталіца. Апыталі каля 2 тысяч чалавек рознага ўзросту, з рознай адукацыяй. Гэтае дасьледаваньне называлася „Беларусь-2030“. Апублікаваная кніга „Беларусь на шляху з будучыню“. То бок сытуацыю ацэньвалі не экспэрты, а простыя людзі.

Але трэба ўлічваць, што рэспандэнты маглі выбраць некалькі варыянтаў адказаў, гэта не альтэрнатыўнае дасьледаваньне, у суме будзе ня 100%, а больш за 100. Адзін рэспандэнт мог выбраць і дэмаграфічную пагрозу, і страту беларускай мовы. Тым ня менш больш за траціну беларусаў адзначылі страту беларускай мовы як пагрозу».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG