Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нацыянальным аэрапорце «Менск» кітайская мова перамагла беларускую


Нацыянальны аэрапорт «Менск», архіўнае фота
Нацыянальны аэрапорт «Менск», архіўнае фота

У Нацыянальным аэрапорце «Менск» днямі зьявілася табло адлёту-прылёту самалётаў на кітайскай мове. Абвесткі ў аэрапорце гучаць цяпер на расейскай, ангельскай і кітайскай мовах. Беларускай мовы ў аэрапорце не чуваць і не відаць.

Але на борце самалётаў авіякампаніі «Белавія» стуардэсы і камандзіры зьвяртаюцца да пасажыраў па-беларуску. Выходзіць, што Нацыянальны аэрапорт упарта ігнаруе беларускую мову. На пытаньне Свабоды, чаму ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» не гучаць абвесткі на беларускай мове, прэсавы сакратар аэрапорту Раміна Саматханава адказваць адмовілася:

«Каб мы прадставілі інфармацыю, вы павінны зрабіць афіцыйны запыт на імя генэральнага дырэктара аэрапорту Дзьмітрыя Шалікавіча Мелікяна. У нас такі парадак. І калі нам прыйдзе рэзалюцыя, прэс-служба ў вызначаным парадку вам адкажа».

Раней Раміна Саматханава тлумачыла інфармацыйнаму агенцтву БелТА, чаму зьявіліся абвесткі па-кітайску:

«Апошнім часам ідзе вельмі вялікая плынь пасажыраў з Кітаю. І ня толькі транзытных — госьці з Паднябеснай сёньня ляцяць менавіта ў Беларусь».

Дарэчы, пасажыры, бармэны, стуардэсы, касіры, зь якімі гаварыў карэспандэнт Свабоды, выказвалі незадаволенасьць і зьдзіўленьне — навошта, да прыкладу, інфармацыю пра рэйсы ў Турэччыну абвяшчаць па-кітайску.

Кітайцы не адказваюць узаемнасьцю

Узаемнай цікавасьці да Беларусі ў Пэкінскім аэрапорце пакуль не заўважана. Журналістка Вольга Шастакова днямі вярнулася з Пэкіну. Кажа, што абвестак па-беларуску ў Пэкінскім аэрапорце, у міжнародным тэрмінале № 2, ня чула, інфармацыі па-беларуску таксама ня бачыла. А вось вяртаючыся ў Менск, абʼяву на табло, дзе атрымаць багаж, бачыла па-расейску і па-кітайску. Што да беларускай прадукцыі ў Кітаі, Вольга яе таксама няшмат пабачыла:

«Мы шукалі ў Пэкіне беларускую „малочку“, бо ў Беларусі кажуць, што яе туды экспартуюць, але не знайшлі. Бачылі толькі пару беларускіх шакалядак у краме расейскага гандлю „Юра“ ў пасольскім квартале. Гэта ўсё, што я знайшла ў Пэкіне беларускага (акрамя пасольства і сяброў)», — пажартавала Вольга.

Дарэчы, на чыгуначным вакзале і аўтавакзале Менску, на ўсіх вакзалах у беларускіх рэгіёнах абвесткі гучаць найперш па-беларуску, а потым ужо па-расейску. А пра міжнародныя рэйсы — і па-ангельску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG