Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія камуністы не паедуць на зьезд Кампартыі Кітаю


Ілюстрацыйнае фота

Сёньня ў Пэкіне пачынаецца 19-ты зьезд Камуністычнай партыі Кітаю (КПК).

У ім удзельнічаюць 2300 дэлегатаў, якіх абралі ў 40 выбарчых акругах па ўсёй краіне. Падчас форуму асноўныя фігуры кітайскай палітыкі — пяцёра зь сямі сябраў Сталага камітэту Палітбюро — пакінуць свае пасады. Як пішуць міжнародныя аглядальнікі з розных краін сьвету, цяперашні кітайскі лідэр Сі Цзіньпін пастараецца прывесьці ў найвышэйшы эшалён улады сваіх прыхільнікаў.

Як сказаў Свабодзе першы сакратар Цэнтральнага камітэту Кампартыі Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксей Сокал, сёлета партыйнай дэлегацыі КПБ на зьезьдзе КПК ня будзе.

«У нас добрыя і прыязныя стасункі з кітайскімі таварышамі, але на гэты зьезд наша дэлегацыя не паедзе. Мы будзем сачыць за форумам праз сродкі масавай інфармацыі. А нейкія падрабязнасьці даведаемся пазьней. Кітайскія таварышы часта бываюць у нашай краіне, і мы карыстаемся такімі магчымасьцямі», — сказаў Сокал.

Сакратар ЦК КПБ па ідэалёгіі, кандыдат гістарычных навук Валянціна Лявоненка наведвала Кітай і бачыла дасягненьні гэтай краіны на ўласныя вочы.

«Кітайцы да ўсяго падыходзяць вельмі асьцярожна, пільна і акуратна. Яны вывучаюць досьвед усяго сьвету. А пасьля ня проста бяруць лепшае, а яшчэ прапускаюць яго праз спэцыфіку сваёй краіны. І гэта прыносіць посьпех.

Кітайцы — вялікія прагматыкі. Яны не зьмянілі сваю ідэалёгію, але ўнесьлі істотныя перамены ў эканоміку. Эканоміка ў іх завязаная на рынкавыя рэйкі, а сыстэма каштоўнасьцяў і ідэалёгія застаюцца камуністычнымі. Яны знайшлі тую залатую сярэдзіну, якая дазволіла ім, у адрозьненьне ад СССР, не разбурыць краіну. А было б вельмі страшна, калі б разбурылася краіна з насельніцтвам амаль паўмільярда чалавек», — сказала Лявоненка.

У камуністаў-апазыцыянэраў кантакту з кітайцамі няма

Сакратар ЦК Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Валеры Ўхналёў кажа, што «нармальнага кантакту ў нашай партыі з кітайцамі няма».

«Кітайскія камуністы — людзі своеасаблівыя. Яны не ідуць на сурʼёзныя кантакты. Калісьці, я памятаю, былі спробы з боку КПРФ і яшчэ некалькіх партый пераканаць кітайскіх таварышаў, каб яны стварылі новы камуністычны інтэрнацыянал або нешта падобнае. Але ў Пэкіне на гэта не пайшлі.

Калі казаць пра амбасаду Кітаю ў Беларусі, то нашы кантакты на роўні „добры дзень — да пабачэньня“. Нас да сябе яны не запрашаюць».

XS
SM
MD
LG