Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНК папярэджвае: 24 красавіка Лукашэнка абвесьціць рэфэрэндум і агучыць пытаньні


Мікола Статкевіч, архіўнае фота

Лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч апублікаваў на Facebook заяву-папярэджаньне БНК: паводле інфармацыі «з розных крыніц», Аляксандар Лукашэнка 24 красавіка ў выступе перад Нацыянальным сходам агучыць пытаньні заплянаванага рэфэрэндуму.

Размовы пра магчымы рэфэрэндум у Беларусі даўно вядуцца ва ўладных колах, але найчасьцей абмяркоўваюць тэхнічны бок правядзеньня рэфэрэндуму, але не пытаньні, якія нібыта хочуць вынесьці на яго. На пытаньне аб тым, што менавіта будзе на рэфэрэндуме, Аляксандар Лукашэнка адказаў: «Частка функцыяў павінна перайсьці ад прэзыдэнта іншым галінам улады».

Паводле заявы руху Міколы Статкевіча, Лукашэнка агучыць 24 сакавіка такія пытаньні: павелічэньне прэзыдэнцкага тэрміну да 7 гадоў (і, адпаведна, «перазапуск» прэзыдэнцкіх тэрмінаў) і скасаваньне сьмяротнага пакараньня (Статкевіч мяркуе, гэта «дымавая заслона», каб прыхаваць пытаньне пра ўладу).

Афіцыйна магчымыя заявы Лукашэнкі пра рэфэрэндум не анансаваліся.

Алесь Чайчыц: Пра што мог бы быць чарговы беларускі рэфэрэндум

Юры Дракахнуст: Што Лукашэнка хоча памяняць у Канстытуцыі, ці Як утрымаць ваўка за вушы

Экс-судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі: «Мабыць, прэзыдэнта будзе абіраць парлямэнт»

«Беларускі Нацыянальны Кангрэс папярэджвае, што будзе разглядаць чарговы „рэферэндум“ па зьмене Канстытуцыі, мэта якога — пажыцьцёвая ўлада дзейнага кіраўніка краіны, як дзяржаўнае злачынства, да прадухіленьня якога мы будзем заклікаць усё грамадзтва, падымаць увесь народ, — піша Статкевіч. — І мы ня спынімся ў гэтым ні празь якія пагрозы, бо пажыцьцёвая ўлада чалавека, які трымае краіну ў палітычным і эканамічным застоі, гэта наўпроставая пагроза жыцьцю Беларусі».

Цяпер у Беларусі прэзыдэнцкія выбары праводзяцца (штораз з парушэньнямі і крытыкай з боку краінаў Захаду) раз на пяць год, абмежаваньняў на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў пасьля рэфэрэндуму 2004 году (праведзенага з парушэньнямі законаў) няма.

Лідэры кампаніі «Гаравы праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч 11 красавіка сустрэліся са старшынём беларускага Канстытуцыйнага суду Пятром Міклашэвічам, пагутарылі наконт плянаў уладаў аб правядзеньні рэфэрэндуму і перадалі праект «Народнага рэфэрэндуму», створаны ў 2013 годзе шэрагам палітычных партыяў і рухаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG