Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі: «Мабыць, прэзыдэнта будзе абіраць парлямэнт»


Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ

Лукашэнка ўжо парушыў Канстытуцыю Беларусі, даручыўшы рыхтаваць зьмены ў яе Канстытуцыйнаму суду. Пра гэта сказаў Свабодзе судзьдзя першага складу Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь, доктар юрыдычных навук, прафэсар Міхаіл Пастухоў.

Аляксандар Лукашэнка 10 красавіка на сустрэчы з журналістамі дзяржаўных СМІ адзначыў, што, зь яго пункту гледжаньня, частка функцый павінна перайсьці ад прэзыдэнта іншым галінам улады.

Раней кіраўнік дзяржавы заяўляў, што даў даручэньне Канстытуцыйнаму суду падрыхтаваць прапановы для зьмены Асноўнага закону краіны.

«Кожны дзяржаўны орган мае сваю ўласную кампэтэнцыю і не павінен выходзіць за свае межы. Паводле самой Канстытуцыі, паводле іншых заканадаўчых актаў, напрыклад, Кодэксу аб судаўладкаваньні і статусу судзьдзяў, ніхто ня мае права ўмешвацца ў дзеяньні Канстытуцыйнага суду. Нават прэзыдэнт! А ён фактычна даў даручэньне судзьдзям займацца ня іхнай справай», — сказаў Пастухоў.

Міхаіл Пастухоў
Міхаіл Пастухоў

Заслужаны юрыст Беларусі тлумачыць, што ёсьць усясьветны досьвед, як рыхтаваць зьмены Канстытуцыі. Для гэтага ствараецца адмысловая канстытуцыйная камісія, у якую ўваходзяць найбольш аўтарытэтныя юрысты. Менавіта яны і рыхтуюць прапановы, як мадэрнізаваць сыстэму ўлады.

«У нашым жа выпадку судзьдзі Канстытуцыйнага суду становяцца зацікаўленымі суб’ектамі. Яны атрымалі даручэньне. І яны яго выканаюць. То бок зьмены ў Асноўны закон будуць менавіта такія, якімі іх хоча бачыць прэзыдэнт», — кажа юрыст.

На пытаньне Свабоды, як можа зьмяніцца сыстэма ўлады ў Беларусі, калі зыходзіць з пажаданьняў цяперашняга кіраўніка дзяржавы, спадар Пастухоў адказвае, што ён пакуль выразна гэтага не ўяўляе.

«Лукашэнка можа казаць публічна ўсё што заўгодна. Але галоўнага на публіцы ніколі ня скажа. Таму ягонае жаданьне перадаць частку ўлады для мяне поўная нечаканасьць. Я ўпэўнены, што Лукашэнка нікому ніколі не саступіць і кроплі сваіх паўнамоцтваў. Таму гэта падобна да навядзеньня ценю на пляцень. Ён будзе шмат гаварыць, а зробіць так, як яму патрэбна».

Міхаіл Пастухоў мяркуе, што кіраўнік дзяржавы найперш хоча прынцыпова зьмяніць сыстэму абраньня прэзыдэнта Беларусі.

«Мабыць, кіраўніка дзяржавы надалей будуць абіраць не грамадзяне Беларусі, а Нацыянальны сход. Зразумела, што паслухмяныя дэпутаты прагаласуюць за таго, каго ім прапануе Аляксандар Рыгоравіч», — выказаў здагадку Міхаіл Пастухоў.

***

2 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў кіраўніца Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла журналістам, што прапановы для рэформы выбарчага заканадаўства ня будуць разглядацца, пакуль ня будзе вырашанае пытаньне аб зьмене Канстытуцыі. Лідзія Ярмошына адмовілася адказваць Свабодзе, якія пытаньні могуць быць вынесеныя на рэфэрэндум, дадаўшы, што гэта не яе кампэтэнцыя.

Днямі ў інтэрвію Euronews міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, сярод іншага, заявіў пра магчымыя зьмены ў Канстытуцыю Беларусі, зьвязаўшы іх з «пытаньнямі стабільнасьці і бясьпекі»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG