Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Лукашэнка хоча памяняць у Канстытуцыі, ці Як утрымаць ваўка за вушы


Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі
Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі

Кіраўнік дзяржавы ўжо некалькі разоў рабіў намёкі на тое, што неўзабаве адбудзецца чарговы канстытуцыйны рэфэрэндум. Апошні раз ён прыгадаў пра гэта зусім нядаўна. А на мінулым тыдні пра магчымасьць і неабходнасьць рэфэрэндуму заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Пікантнасьць сытуацыі палягае ў тым, што і Лукашэнка, і Ярмошына, гаворачы пра рэфэрэндум, ня кажуць, што ж такое ў Канстытуцыі варта памяняць, чым цяперашні Асноўны закон перашкаджае квітненьню эканомікі і грамадзтва.

Ведаць дык ня ведаю. Але можна выказаць некалькі праўдападобных гіпотэзаў, грунтаваных як на міжнародным досьведзе, так і на аналізе эвалюцыі рэжыму. Наагул сюжэт рэфэрэндуму — гэта спосаб паразмаўляць пра гэтую самую эвалюцыю.

Што на паверхні?

Самае простае, што на паверхні — павялічэньне прэзыдэнцкага тэрміну, скажам, з 5 да 7 гадоў. Павялічылі ў Расеі, павялічылі ў Азэрбайджане.

Ня тое каб Лукашэнку гэта было крытычна важна. Ну так, радзей тузаць апарат на выбарчыя кампаніі, крыху зэканоміць грошы. Але і ўсё. Тая ж Ярмошына справу сваю ведае добра, усё схоплена, як той казаў. Так што павялічыць можна, але гэта не пытаньне жыцьця і сьмерці. І ў сьпісе пытаньняў рэфэрэндуму працяг прэзыдэнцкага тэрміну, хутчэй за ўсё, будзе, але ня толькі яно.

Цалкам магчымая нейкая «цукерачка» для Захаду, скажам, мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў. Менску яно па вялікім рахунку абыякава, а Захаду — вельмі важна. Ну дык вось і атрымайце. Ужо сышла ў нябыт фармулёўка «апошняя дыктатура Эўропы» (праўда, з прычыны зьяўленьня іншых, зусім ужо апошніх), ну дык сыдзе туды ж і фармулёўка — апошняя краіна ў Эўропе, якая карае сваіх грамадзянаў сьмерцю. Дробязь, па сутнасьці. Але прыемна. Захаду, прынамсі. Ну а паколькі ў 1996 годзе рэфэрэндум пра адваротнае быў, то зараз юрыдычна больш чыста ўвесьці мараторый таксама праз рэфэрэндум.

Працяг прэзыдэнцкага тэрміну — гэта адназначна падвышэньне ступені аўтарытарнасьці. Мараторый на сьмяротнае пакараньне — зьмяншэньне, хаця па сутнасьці і касмэтычнае.

Але ня выключаныя, як ні парадаксальна, і крокі, скіраваныя на больш зьмястоўнае зьмяншэньне ступені аўтарытарнасьці ці наагул, як бы сказаць, пэрпэндыкулярныя шкале «больш аўтарытарызму-менш аўтарытарызму».

Як перадаць уладу?

Ну вось, скажам, зьмяшаная, прапарцыйна-мажарытарная сыстэма выбараў у ворганы ўлады. На яе, дарэчы, многія постсавецкія краіны перайшлі, напрыклад, Казахстан і Расея. І не сказаць, каб надта гэтая сыстэма перашкаджала тамтэйшаму аўтарытарызму. Увядзеньне элемэнтаў прапарцыйнай сыстэмы ў Беларусі акуратна і рахмана лябіююць цалкам ляялісцкія сілы, такія як «Белая Русь», ЛДП, КПБ.

Зразумела, навошта гэта ім. Але ў Лукашэнкі да гэтых навацыяў стаўленьне дваістае, для яго ёсьць у гэтым «за» і ёсьць «супраць». «Супраць» — найперш меркаваньне: працуе - не чапай. Але ёсьць і «за». Больш шырокае публічнае прадстаўніцтва, найперш ляялісцкіх сілаў (ці нават выключна іх), робіць сыстэму больш гнуткай, а ў выніку — больш устойлівай.

Амэрыканская дасьледчыца Джэніфэр Гандзі ў свой час паказала на прыкладзе аналізу дзясяткаў дыктатураў, што аўтарытарныя рэжымы з пэўным прадстаўніцтвам — у сярэднім больш доўгатрывалыя, чым іх калегі без прадстаўніцтва.

Але ёсьць яшчэ адзін, можа нават больш істотны чыньнік. Лукашэнка — чалавек немалады. І ён ня можа ня думаць пра тое, што будзе пасьля яго. Ага, размова пра Колю ці Віцю — здагадаецца чытач. Так. Але ў якім сэнсе? Перадаць уладу ў спадчыну фармальна не праблема. Праблема — каб нашчадак яе ўтрымаў. Яно і ў традыцыйных манархіях не заўсёды адбывалася гладка, калі за ўспадкаваньнем трону стаялі стагодзьдзі звычкі. У Беларусі няма ні манархіі, прынамсі, фармальна, ні паважанай, векавой традыцыі.

Лукашэнка — чалавек немалады. І ён ня можа ня думаць пра тое, што будзе пасьля яго.

А што ёсьць, дакладней, будзе, калі месца бацькі зойме сын? А будуць вакол драпежнікі. Бацька іх умее трымаць у аброці, у іх рэфлекс слухацца яго. А як яго ня будзе? Як казаў рымскі імпэратар Тыберый: кіраваць імпэрыяй — гэта як трымаць воўка за вушы. А Віктар ці Мікалай гэта ўмеюць?

Ці ня можа аднаму ці многім з тых драпежнікаў прыйсьці ў галаву думка: Аляксандар першы — той быў сіла, гаспадар, у яго рука была, а гэты хто, у яго што ёсьць, каго ён за што можа трымаць, чаму я мушу яго слухацца, а чаму ён, а чаму ня мы, а чаму не я?

І гэта і блізка не пра апазыцыю. Гэта пра сваіх, пра ножкі трону, пра моцных людзей рэжыму. Так вось шчоўкнуць абцасамі і возьмуць пад казырок? Можа і так. Але ёсьць рызыка, што не.

Варыянты Аліева і Назарбаева ў адным фляконе

І забясьпечыць ляяльнасьць пераемніку — гэта насамрэч не такая простая задача. Адзін з варыянтаў — зьнізіць узроставую плянку прэзыдэнцтва, зрабіць маладога сына прэзыдэнтам да свайго фізычнага зыходу. У Азэрбайджане, дарэчы, такую магчымасьць у Канстытуцыю і заклалі. Праўда, адно магчымасьць. Аліеву, як і Лукашэнку, разьвітвацца з уладай ня хочацца, пакуль ногі носяць. Магчымасьць — так, на ўсялякі выпадак, але насамрэч яна не спраўдзіцца ніколі. Такія людзі не аддаюць уладу нават сынам.

Ёсьць варыянт прыжыцьцёвай страхоўкі, як зрабіў той жа Аліеў. Увёў інстытут віцэ-прэзыдэнта. І стала ім... здагадайцеся. Правільна, яго жонка Мэхрыбан. У выпадку чаго — няма Ільхама Аліева, няхай жыве прэзыдэнт Мэхрыбан Аліева. Ну а там ужо і сынок падцягнецца. Не пакрыўдзіць жа маці родную кроў.

Схема па-свойму прыгожая. Можа быць віцэ Мэхрыбан, чаму ня можа быць віцэ, скажам, Віктар? А праз колькі гадоў можа і Мікалай. Хутка расьце хлопчык.

Але застаецца пытаньне пра воўка і яго вушы. Ну так, фармальны мэханізм перадачы ёсьць. А якія гарантыі ўстойлівасьці пасьля?

І тут варта зьвярнуць увагу на досьвед іншага цэнтральнаазіяцкага дэспата, Нурсултана Назарбаева. Уладу трымае ў кулаку, як мала хто. Але вось летась чамусьці зладзіў яе пераразьмеркаваньне. Ад сябе — ураду і парлямэнту. А навошта, ён жа дыктатар, яму ж чым больш ўлады, тым лепш — хіба не? Так. Пакуль першая асоба — ён. А пасьля? Да таго ж гэтае пасьля для Назарбаева, хутчэй за ўсё, зь біялягічных прычынаў наступіць раней, чым для Лукашэнкі. І сыноў няма. Што стварае дадатковую праблему.

Можа быць віцэ Мэхрыбан, чаму ня можа быць віцэ, скажам, Віктар?

Пераемніка прызначыць не праблема, раней і пазьней Назарбаеў гэта і зробіць. Праблема — усё той жа воўк і яго вушы. І рэформа Назарбаева матываваная зусім не прагай да дэмакратыі, якая раптам прачнулася ў ім, а разьлікам, спробай стварыць мэханізм захаваньня стабільнасьці рэжыму, фігуральна кажучы, каб воўк часткова трымаў за вушы сам сябе. Калі ўрад і парлямэнт ня будуць суцэльнымі пустышкамі, пераемнік, прынамсі, у першы час, можа на іх абаперціся, яны будуць інструмэнтамі яго легітымізацыі. І нейкай гарачай галаве на пытаньне — а хто гэты новы такі, хто за ім — будзе адказ: урад, парлямэнт. Яны ж ня нешта нейкае, не пятае кола ў вазку.

Цалкам гарантаваць, што існая дыктатура пасьля зыходу дыктатара не абрынецца ў смуту, ня можа нічога. Але пэўныя гарантыі даюць і варыянт Аліева, і варыянт Назарбаева. І цалкам ня выключана, што Лукашэнка іх абодва праз рэфэрэндум і паспрабуе рэалізаваць. Дзеля будучыні. Як ён яе сабе бачыць.

Перадрук з парталу TUT.BY

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG