Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» перадала Канстытуцыйнаму суду праект «Народнага рэфэрэндуму» замест «намэнклятурнага»


Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч, архіўнае фота
Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч, архіўнае фота

Лідэры кампаніі «Гаравы праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч 11 красавіка сустрэліся са старшынём беларускага Канстытуцыйнага суду Пятром Міклашэвічам, пагутарылі наконт плянаў уладаў аб правядзеньні рэфэрэндуму і аб працы Канстытуцыйнага суду.

«Пра рэфэрэндум цяпер гавораць амаль усе, але ўсе ня кажуць самага галоўнага: пра што павінен быць рэфэрэндум, — разважае Андрэй Дзьмітрыеў у камэнтары Свабодзе. — Гэта выглядае як пэўная маніпуляцыя.

Як у свой час падымалі пэнсійны ўзрост у Беларусі: спачатку казалі, што гэтага ня будзе, потым — што трэба падумаць, а потым бах — і прынялі, нібы абмеркаваньне ўжо прайшло. Мы лічым, так быць ня можа: гэта стварае пагрозу таго, што ў нас замест народнага рэфэрэндуму будзе намэнклятурны».

Зьмены ў Канстытуцыі і ня толькі. Пра што Лукашэнка гаварыў дзяржаўным СМІ

Экс-судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі: «Мабыць, прэзыдэнта будзе абіраць парлямэнт»

Дзьмітрыеў перадаў Канстытуцыйнаму суду праект «Народнага рэфэрэндуму» — у 2013 годзе чальцы «За свабоду» ды іншых партыяў і рухаў, у тым ліку БНФ і БСДП(Г), у межах аднайменнай кампаніі паўгода зьбіралі думкі беларусаў з розных канцоў краіны наконт таго, што варта зьмяніць рэфэрэндумам, правялі дыскусіі, сфармулявалі шэсьць пытаньняў (пра выбары мясцовага кіраўніцтва, абмежаваньні колькасьці прэзыдэнцкіх тэрмінаў, інтэграцыю з Эўразьвязам, забарону замежных вайсковых базаў, бясплатную мэдыцыну, шляхі разьмеркаваньня грошай з прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці), сабралі за такі рэфэрэндум дзясяткі тысяч подпісаў (называліся лічбы ад 75 да 120 тысяч), зь якіх 50 тысяч перадалі ў Палату прадстаўнікоў.

Таксама Дзьмітрыеў прапанаваў Канстытуцыйнаму суду плян таго, як арганізаваць сапраўдную дыскусію, «а не імітацыю дыялёгу», пра будучыню Беларусі і пра тое, якія пытаньні патрэбны. Старшыня Канстытуцыйнага суду Пётра Міклашэвіч не прыняў бок Дзьмітрыева, але і не адхіліў прапановы.

Працэс падрыхтоўкі рэфэрэндуму ідзе „на даволі пачатковым этапе“

«Міклашэвіч сказаў, што працэс падрыхтоўкі рэфэрэндуму ідзе „на даволі пачатковым этапе“: зьбіраюцца розныя меркаваньні, вывучаецца міжнародны досьвед, — расказвае Дзьмітрыеў. — Гэта азначае, што ёсьць час на арганізацыю нармальнай дыскусіі.

Другое, што ён сказаў і нам здаецца важным, гэта што прапанаваныя зьмены маюць стаць вынікам кансэнсусу палітычных сілаў краіны. Я б дадаў, што вынікам кансэнсусу між грамадзтвам і ўладамі, але такі кансэнсус дасягаецца толькі адкрытым дыялёгам, у якім можа паўдзельнічаць кожны. І мы распрацавалі плян таго, як гэта зрабіць і празь сёньняшнія мясцовыя саветы, і праз працу тэлеканалаў, і праз парлямэнцкія слуханьні з удзелам грамадзкасьці».

Дзьмітрыеў адзначае, што ў актывістаў «Народнага рэфэрэндуму» былі вельмі абмежаваныя магчымасьці — дзяржава, калі захоча зладзіць сапраўдную нацыянальную дыскусію, а не звычайную яе імітацыю, і можа зрабіць сапраўдны ўсенародны рэфэрэндум, які скансалідуе грамадзтва, а ня стане пунктам напружаньня.

Калі прымаюцца такія рэчы, як дэкрэт № 3 і дэкрэт № 1, трэба даваць грамадзянам як мага больш законных магчымасьцяў абараняцца

«Яшчэ адно пытаньне, якое паднялі, гэта адкрыцьцё дзьвярэй Канстытуцыйнага суду для грамадзянаў, каб яны маглі зьвяртацца туды наўпрост, — дадае Дзьмітрыеў пра сустрэчу зь Міклашэвічам. — Калі ў Беларусі прымаюцца такія рэчы, як дэкрэт № 3 і дэкрэт № 1, трэба даваць грамадзянам як мага больш законных магчымасьцяў абараняцца.

Але тут з намі спадар Міклашэвіч не пагадзіўся: ён лічыць, што тыя магчымасьці, якія сёньня ёсьць, „збольшага адпавядаюць“ патрабаваньням грамадзтва. Ён прывёў прыклад Расеі, дзе цяпер грамадзяне могуць зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд наўпрост, і большасьць зваротаў — не па тэме Канстытуцыйнага суду. На нашу думку, у гэтым няма нічога страшнага, трэба проста перанакіраваць такія звароты па адрасе і разглядаць свае, але трэба ўсё ж адчыняць дзьверы людзям».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG