Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарсавет назваў сквэр каля Чырвонага касьцёла ў гонар Эдварда Вайніловіча


Фота ©Shutterstock

Сквэр за касьцёлам Сьвятых Сымона і Алены (Чырвоным касьцёлам) у Менску названы ў гонар заснавальніка храма Эдварда Вайніловіча.

Як паведамілі БелаПАН у прэсавай службе Менгарвыканкаму, адпаведнае рашэньне прынятае на сэсіі гарадзкога савету дэпутатаў.

Яшчэ ў 2007 годзе каталіцкая грамада ўпершыню зьвярнулася да сталічных уладаў з прапановай перайменаваць вуліцу Бэрсана за Чырвоным касьцёлам у гонар Вайніловіча. Аднак тады просьба не была задаволеная: як патлумачылі ў Менгарвыканкаме, быў парушаны «заканадаўчы парадак разгляду пытаньня».

У 2014-м пачаўся працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча. Адбылося першае пасяджэньне міжнароднай пастулятарской камісіі, пасьля чаго касьцёл прыступіў да збору неабходных дакумэнтаў, каб прадставіць іх Сьвятому Пасаду для пачатку складанай працэдуры.

Летась ў Чырвоным касьцёле прайшла спэцыяльная канфэрэнцыя ў пытаньні далучэньня памерлага да ліку блажэнных — ад гэтага моманту Эдвард Вайніловіч ужо называецца слугой Божым.

Эдвард Вайніловіч
Эдвард Вайніловіч

Беларускі шляхціч Эдвард Вайніловіч нарадзіўся 19 кастрычніка 1847 году ў маёнтку Сьляпянка пад Менскам. З мэдалём скончыў Слуцкую кальвінісцкую гімназію. У 1865-м без іспытаў паступіў у Пецярбурскі тэхналягічны інстытут, быў разьмеркаваны на Пуцілаўскі завод. Практыкаваўся на машынабудаўнічых прадпрыемствах у Нямеччыне і Бэльгіі, вывучаў палітэканомію ў Прусіі і Францыі. Вярнуўшыся на радзіму, у 1876 годзе заснаваў Менскае таварыства сельскай гаспадаркі.

Атрымаў вядомасьць як мысьляр і палітык, уваходзіў у Дзяржаўную раду Расейскай імпэрыі ад Менскай губэрні, а затым у якасьці «дэпутата ад Літвы і Русі».

У 1905 годзе пад непасрэдным кіраўніцтвам Эдварда Вайніловіча пачалося будаўніцтва касьцёла Сьвятых Сымона і Алены — храм ён узводзіў у памяць сваіх дачасна памерлых дзяцей.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG