Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менск варты Вайніловіча, Вайніловіч варты Менску», — Севярынец


Эдвард Вайніловіч

Сузаснавальнік «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Павал Севярынец заклікаў падтрымаць кампанію за наданьне менскаму сквэру ля Плошчы Незалежнасьці імя Эдварда Вайніловіча.

«Спрэчкі вакол асобы Эдварда Вайніловіча, аднаго зь лідэраў краёвага руху пачатку ХХ стагодзьдзя і фундатара Чырвонага касьцёлу, выяўляюць прынцыповую розьніцу паміж бальшавіцкім падыходам, замяшаным на нянавісьці, і сутнасна хрысьціянскім пэрсаналізмам», — адзначае палітык і літаратар.

Павал Севярынец, архіўнае фота
Павал Севярынец, архіўнае фота

Паводле камуністаў, тлумачыць Севярынец, Вайніловіч вызнаваў сябе палякам і не прыняў рэвалюцыі — адсюль робіцца выснова, што ён быў «не з народам». Але палякам вызнаваў сябе і ліцьвін (беларус) паводле паходжаньня Адам Міцкевіч — і сквэр ягонага імя з адпаведным помнікам у трох сотнях крокаў ад меркаванага сквэру Вайніловіча не выклікае дыскусіяў і цудоўна ўпісаўся ў сталічную тапаніміку.
Што да непрыняцьця бальшавіцкага перавароту, дык пасьля крыві і мільённых ахвяраў камунізму любы нармалёвы беларус натуральна робіцца антыкамуністам — і спадкаемцам Вайніловіча.

Помнік Вайніловічу ў Менску фактычна ўжо ёсьць, мяркуе Севярынец. Гэта фундаваны ім Чырвоны касьцёл. Дарэчы, той самы, дзе ўпершыню ў горадзе ў 1918 годзе пачаліся казаньні па-беларуску. Той самы, дзе працавалі ахвярныя сьвятары — хрысьціянскія дэмакраты Адам Лісоўскі, Фабіян Абрантовіч, Станіслаў Глякоўскі, Вінцэнт Гадлеўскі, Віктар Шутовіч ды іншыя. Той самы, дзе быў створаны Аргкамітэт БНФ у 1988-м.

Чырвоны касьцёл у Менску
Чырвоны касьцёл у Менску

Прычына камуністычнага шалу — найперш у наяўнасьці ды значэньні гэтага храму, тлумачыць сустаршыня БХД. Касьцёл сьвятых Сымона і Алены — сымбаль шматразовай паразы камунізму і камуністаў. Сымбаль правалу ваяўнічага бязбожжа. Сымбаль руйнаваньня ўсеўладзьдзя кампартыі. Сымбаль адраджэньня беларускага нацыянальнага руху.

Што да асобы Эдварда Вайніловіча, то пра яго сьведчаць ягоныя справы, мяркуе Севярынец. Ён быў адным з бацькоў Менску ў цяжкія рэвалюцыйныя гады. Фундаваў не толькі касьцёлы, а і праваслаўныя цэрквы. Гаспадар, мэцэнат, вернік — увасабляе сабой зруйнаваны і сьцёрты бальшавікамі з народнай памяці Менск шляхетны, прыгожы, прыстойны.

Эдвард Вайніловіч, архіўнае фота
Эдвард Вайніловіч, архіўнае фота

І тое, што рашэньне аб Слуцкім паўстаньні прымалася ў слуцкім Доме Вайніловіча, і тое, што Дзень беларускага (бел-чырвона-белага) значка ў 1917-м адзначаўся ў менскім Доме Вайніловіча, ягоны ўдзел у паседжаньнях Рады БНР ставяць кропку ў пытаньні, што значыць імя Вайніловіча для незалежнай Беларусі, сьцьвярджае сустаршыня БХД.

«Менск варты Вайніловіча. Вайніловіч варты Менску», — падсумоўвае Павал Севярынец.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG