Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяккая беларусізацыя: бел-чырвона-белы сьцяг, «Пагоня» і сквэр Вайніловіча


Ці назавуць сквэр за Чырвоным касьцёлам у Менску імем Вайніловіча?


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Юры Дракахруст, Ігар Карней

Карней: Пры канцы мінулага тыдня стала вядома, што менскія ўлады пасьля працяглага «экспэртнага вывучэньня» падтрымалі ініцыятыву аб прысваеньні сквэру за Чырвоным касьцёлам імя Эдварда Вайніловіча.

Чальцы камісіі па найменьні і перайменаваньні складовых частак сталіцы прагаласавалі за гэтую прапанову аднагалосна. Праўда, пакуль сьвяткаваць перамогу дачасна — канчатковую кропку ў зацяжной дыскусіі паставіць сэсія Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.

Аднойчы посьпех, як падавалася, быў зусім блізка. У 2008 годзе сталічная вэртыкаль нібыта пагадзілася прынесьці ў ахвяру ажно цэлую вуліцу Бэрсана, аднак праўладныя камуністы выступілі з пратэстам і рашэньнем міністэрства юстыцыі ўся папярэдняя праца была спыненая. З улікам таго, што доўгі час кіроўныя пасады ў Менгарвыканкаме займалі камуністы Віктар Чыкін і Ігар Карпенка, вынік цалкам лягічны.

Што так напружвае чыноўнікаў, якія на працягу апошніх 10 гадоў упарта адмахваліся ад калектыўных зваротаў грамадзкасьці ўшанаваць выбітнага грамадзкага, палітычнага і культурнага дзеяча свайго часу? Пры тым, што гэтым разам гаворка не пра плошчу, праспэкт ці вуліцу — ўсяго толькі пра сквэр пры храмавым будынку, да якога Вайніловіч меў самае непасрэднае дачыненьне: на пачатку ХХ стагодзьдзя ён фундаваў касьцёл у памяць пра сваіх дачасна памерлых дзяцей Алену і Сымона, а ў 2006 годзе, у адпаведнасьці з апошняй воляй, тут былі перапахаваныя ягоныя парэшткі.

На пачатку ХХ стагодзьдзя Вайніловіч фундаваў касьцёл у памяць пра сваіх дачасна памерлых дзяцей Алену і Сымона, а ў 2006 годзе, у адпаведнасьці з апошняй воляй, тут былі перапахаваныя ягоныя парэшткі.

Цяпер вось другая спроба з захадам пра сквэр. Ці атрымаецца пераканаць усе зацікаўленыя ведамствы гэтым разам — пытаньне пакуль адкрытае. Апанэнтаў найперш трывожыць, што, прымаючы пасьпешлівае рашэньне, можна ўшанаваць клясавага ворага, ды яшчэ з палякаў. На гэтым у сваіх пэтыцыях робяць акцэнт ужо іншыя камуністы — з партыі «Справядлівы сьвет».

Яны пішуць, што Вайніловіч рэзка нэгатыўна ставіўся да ідэі беларускай дзяржаўнасьці, грэбаваў беларускай нацыянальнай культурай, намагаўся пазбавіць беларускі народ яго сувэрэннага права жыць самастойна, быў прыхільнікам палянізацыі Беларусі і называў яе ня йнакш як «літоўска-беларускія крэсы». А тое, што летась Папа Рымскі Францішак далучыў Вайніловіча да чыну дабраслаўлёных, толькі пацьвярджае ягоную «нянашанскую» сутнасьць. На думку левых, самая адпаведная назва для лапіка зямлі ля Чырвонага касьцёлу — сквэр «Юнацтва».

Дапушчэньні досыць аднабаковыя, бо ёсьць і іншыя сьведчаньні — якраз пра адданасьць беларускай справе Вайніловіча. Пасьля 1905 году ён актыўна падтрымліваў рух за адраджэньне нацыянальнай культуры, фінансаваў выданьне літаратуры на беларускай мове, асабіста ведаў многіх дзеячаў беларускага адраджэньня. У рангу старшыні Менскага таварыства сельскай гаспадаркі і дэпутата Дзяржаўнай думы падтрымліваў утварэньне БНР, у ягоным доме праходзіў зьезд арганізатараў Слуцкага паўстаньня, выступаў за аўтаномію свайго краю ў складзе Расейскай імпэрыі, выдаткоўваў грошы на Беларускі нацыянальны камітэт. Праўда, неўзабаве пасьля кастрычніцкага перавароту, не сышоўшыся ў поглядах з новай уладай, пакінуў радзіму, і пасьля сьмерці быў пахаваны ў Польшчы.

Варта нагадаць, што тым жа камуністам нічога не замінала мільённымі накладамі множыць імя яшчэ аднаго «паляка» — першага савецкага чэкіста Фэлікса Дзяржынскага. Як сьведчаць гістарычныя хронікі, у свой час малады шляхціц з Налібакаў быў шчырым каталіком, пэўны час хацеў стаць ксяндзом. Але потым зацягнула фанатычнае служэньне рэвалюцыі.

«Жалезны Фэлікс» ня быў заўважаны ў якасьці мэцэната, філянтропа і рупліўца беларускай справы, затое застаўся ў гісторыі як ініцыятар стварэньня папраўча-працоўных лягераў і прыхільнік чырвонага тэрору — масавых арыштаў і расстрэлаў ворагаў бальшавіцкай улады.

За гэта імем Дзяржынскага на радзіме «героя» названыя гарады і вёскі, калгасы і навучальныя ўстановы, праспэкты і вуліцы, нават самая высокая гара ў Беларусі. На ўскраіне Налібацкай пушчы працуе музэй Дзяржынскага, дзе штогод 20 сьнежня прымаюць прысягу маладыя кадэбісты, яго помнік стаіць насупраць будынка Камітэту дзяржбясьпекі ў Менску.

Глод: Я хачу зьвярнуць вашу ўвагу, калегі, на тры падзеі мінулага тыдня. Яны ўсе, на маю думку, зьвязаныя паміж сабою. Пра адну, аб магчымым наданьні сквэру ля Чырвонага касьцёлу імя Эдварда Вайніловіча, падрабязна распавёў Ігар Карней.

Другая падзея (будзем ісьці ў адваротным парадку) — заява лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча:

«Надышоў час надаць бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу „Пагоня“ статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці і дазволіць іх свабоднае выкарыстаньне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

І бел-чырвона-белы сьцяг, і «Пагоня», і вяртаньне імя Эдварда Вайніловіча неяк упісваюцца пакуль не ў стратэгічныя, але ў тактычныя дзеяньні ўлады.

У гэтай партыі ёсьць своеасаблівы імідж — яна апэратыўна рэагуе на тое, што жадае агучыць улада. Зараз ёй гэта рабіць стала прасьцей, партыя прадстаўленая ў абедзьвюх палатах Нацыянальнага сходу. Сяргей Гайдукевіч — намесьнік старшыні камісіі ў Савеце рэспублікі, яшчэ адзін прадстаўнік партыі ёсьць у Палаце прадстаўнікоў. І магчыма, у ЛДП нешта ведаюць пра вяртаньне нацыянальнай сымболікі ва ўжытак. Тым больш, сёлета ў сьнежні спаўняецца сто гадоў з таго часу, як бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» былі прызнаныя адзінымі нацыянальнымі сымбалямі на Ўсебеларускім кангрэсе.

Трэцяя падзея датуецца 11 чэрвеня. На плошчы Свабоды ў Менску адбылося адкрыцьцё арт-аб’ектаў. На ім прысутнічаў кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску, да якога адносіцца гэтая плошча, Ігар Бузоўскі. Зусім нядаўна ён быў галоўным ідэолягам краіны. Журналісты скарысталіся такой магчымасьцю і спыталіся яго пра некаторыя рэчы. У тым ліку пра «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг. І вось што адказаў спадар Бузоўскі:

«Калі гэта выкарыстоўваецца для прасоўваньня нацыянальных каштоўнасьцяў — то я стаўлюся да гэтага станоўча. Калі гэта палітызуецца, то адмоўна. Можа пастаяць тут нейкі час і ўбачыць — дзеці ходзяць, а на заплечніку „Пагоня“. Ну, яе ж ніхто не зьдзірае. Ні ў школе, ні тут. Гэта наш культурны здабытак — і „Пагоня“, і бел-чырвона-белы сьцяг. Але ня трэба іх палітызаваць. Калі гэта ўжо на нейкай акцыі выкарыстоўваецца з падтэкстам, то я ўжо адмоўна на гэта гляджу».

То бок, Ігар Бузоўскі кажа, што і «Пагоня», і бел-чырвона-белы сьцяг — наш культурны здабытак. І я думаю, што гэтыя тры рэчы ўкладаюцца ў адно і тое ж рэчышча, пра якое мы ўжо шмат казалі, у тым ліку і ў «Трайным удары». Агрэсіўная актыўнасьць «рускага сьвету», падзеі ва Ўкраіне вымушаюць беларускае кіраўніцтва нешта рабіць і для беларусізацыі. Бо інакш ня будзе ніякага супраціву ў выпадку магчымага наступу Расеі.

І я думаю, і бел-чырвона-белы сьцяг, і «Пагоня», і вяртаньне імя Эдварда Вайніловіча неяк упісваюцца пакуль не ў стратэгічныя, але ў тактычныя дзеяньні ўлады. І калі рэжым у сваіх уласных тактычных мэтах легалізуе гэтыя рэчы, то гэта добра. Добра таму, што гэта спрацуе і на стратэгічны пазытыўны вынік — на дабудову сучаснай беларускай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

Дракахруст: Уладзімер, я абсалютна згоды з вашым аналізам. Адзінае, што я дадаў бы да яго — гэта меркаваньне, што справа ня ў тым, што ёсьць новая лінія, «магістраль» на тое, што беларуская дзяржава адраджае беларушчыну, і што ўсе апошнія рашэньні на гэты конт ужо прынятыя на самым версе. Я мяркую, што гэта ня так.

Справа ня ў тым, што ёсьць новая лінія, «магістраль» на тое, што беларуская дзяржава адраджае беларушчыну, і што ўсе апошнія рашэньні на гэты конт ужо прынятыя на самым версе. Я мяркую, што гэта ня так.

Насамрэч з самага верху паступаюць сыгналы, што можа і някепска пэўныя крокі зрабіць у гэтым накірунку. Але і іншыя сыгналы паступаюць — што, можа, і ня трэба сьпяшацца, а, можа, гэта небясьпечна для існай сыстэмы. Пры ўсёй маналітнасьці беларускай дзяржаўнай сыстэмы вакол яго ў яе межах адбываецца пэўная спрэчка, змаганьне.

Тыя ж камуністы, пра рэакцыю якіх распавядаў Ігар, зьяўляюцца часткай гэтай сыстэмы. І калі ад іх гучаць галасы, што, можа, і ня варта ўшаноўваць Вайніловіча, бо ён, маўляў, быў паляк і наагул супраць Беларусі, то ні адкуль не вынікае, што гэтыя галасы абсалютна ня чуюць наверсе. Іх таксама чуюць. Ёсьць такія, як Бузоўскі, а ёсьць і іншыя людзі, з адрознымі ад яго поглядамі.

У гэтым сэнсе заява Сяргея Гайдукевіча і камэнтары Алега Гайдукевіча наконт бел-чырвона-белага сьцягу і «Пагоні» вельмі паказальныя і хутчэй пацьвярджаюць маю трактоўку. Яны абодва — такія палітыкі, якія ловяць тэндэнцыі. Калі б гэта была не адно тэндэнцыя, а ўжо пэўная лінія дзяржаўнай палітыкі, тады і Гайдукевічы былі б непатрэбныя, тады б па БТ усё абвясьцілі і гаварылі б пра гэта Генадзь Давыдзька і Павал Якубовіч, а не Сяргей і Алег Гайдукевічы.

А пакуль гэта гавораць адно Гайдукевічы, то гэта такі пробны шар, тэст, маўляў, хай гэта скажуць яны, а мы паглядзім, як на гэта адрэагуе публіка, як адрэагуюць тыя ж камуністы. І будзем глядзець. У рэшце рэшт гэта ж усяго Гайдукевічы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG